Інтрыгі “крутога” шоу

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

9 кастрычніка паміж дырэктарам Белдзяржфілармоніі Аляксандрам Гарбарам і генеральным прадзюсарам кампаніі “Арт Сіці 5” народным артыстам Расіі Ігарам Крутым было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Згодна з дакументам, расійская фірма становіцца падрадчыкам па арганізацыі ўрачыстых цырымоній адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў, якія адбудуцца ў Мінску ў чэрвені наступнага года.

/i/content/pi/cult/713/15589/logo-euro-games-2019-1_opt.jpegВыбар падрадчыка невыпадковы. У прадзюсарскага цэнтра Крутога на сёння ёсць досыць салідны вопыт арганізацыі цырымоній адкрыцця такіх маштабных форумаў як Летняя Універсіяда ў Казані, зімовыя Азіяцкія гульні ў Астане, Сусветны фестываль моладзі ў Сочы. Але зразумела, што ўся падрыхтоўчая праца да правядзення знакавых імпрэзаў у Мінску будзе весціся расійскімі спецыялістамі ў шчыльным тандэме з беларускай творчай групай.

— Нашай галоўнай задачай з’яўляецца стварэнне каманды, якая будзе займацца шоу, па маштабе з якім не зможа зраўняцца ні адзін музычны фестываль, — адзначыў Ігар Крутой падчас брыфінгу ў Белдзяржфілармоніі. — Бо стварыць на стадыёне атмасферу камернай залы, дзе кожны з прысутных змог бы адчуць сябе ў эпіцэнтры таго, што адбываецца — задача, выканаць якую пад сілу толькі сапраўдным прафесіяналам.

Прадзюсар адзначыў, што галоўнай яго задачай з’яўляецца ярка і ёміста прадставіць Беларусь усяму свету, замацаваўшы тым самым сваю рэпутацыю на рынку кампаній, здольных рабіць грандыёзныя шоу. Праўда, канкрэтныя дэталі канцэпцыі цырымоній Ігар Крутой карэспандэнту “К” пакуль не раскрыў, спаслаўшыся на тое, што канчатковы сцэнарый маштабнай дзеі яшчэ дапрацоўваецца і будзе завершаны блізу 25 кастрычніка.

Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар растлумачыў, што пошук патрэбных спецыялістаў цягнуўся прыкладна паўгода, а адным з галоўных патрабаванняў было наяўнасць вопыту па арганізацыі падобных маштабных мерапрыемстваў.

— Мы звярталіся да многіх арганізатараў шоу з розных краін свету, — адзначыў Юрый Бондар. — На карысць расійскай кампаніі сыграла безумоўнае разуменне менталітэту нашай краіны і адпаведнасць фінансавым патрабаванням.

У рэжысёрскую групу цырымоній увойдуць вопытныя пастаноўшчыкі, добра вядомыя ў Беларусі і Расіі па шматлікіх культурных, спартыўных мерапрыемствах і тэлевізійных конкурсах. Аўтарам сцэнарыя і мастацкім кіраўніком ад беларускага боку будзе Аляксандр Вавілаў, які запомніўся, скажам, дзякуючы гала-канцэрту закрыцця сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску”. Расійскі бок прадставіць такі вядомы майстар, як Аляксей Сечанаў, за плячыма якога — рэжысура некалькіх дзясяткаў буйных імпрэзаў.

Мяркуецца, што хранаметраж цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў складзе дзве гадзіны дзесяць хвілін. Як абяцаюць арганізатары, апрача беларускіх і расійскіх артыстаў, у ёй абавязкова паўдзельнічае зорка сусветнага маштабу. Праўда, яе імя на брыфінгу таксама не прагучала — мабыць, каб захаваць інтрыгу да самой цырымоніі. Што ж, пра ўсё мы даведаемся ўжо даволі хутка — падчас самой цырымоніі, якая адбудзецца 21 чэрвеня 2019 года на сталічным стадыёне “Дынама”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"