Мастацтва, якое нас яднае

№ 41 (1376) 13.10.2018 - 20.10.2018 г

10-12 кастрычніка ў Магілёве прайшоў V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, удзел у якім узялі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. Адной з найскравых культурных падзей Форума стала адкрыццё выставы “В. К. Бялыніцкі-Біруля і мастакі ягонага асяроддзя”, якая адбываецца ў мемарыяльным музеі славутага мастака. 11 кастрычніка выставу наведалі старшыня Савета федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянціна Матвіенка, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота ды іншыя ўдзельнікі форуму.

/i/content/pi/cult/713/15588/1.jpgМузей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі з’яўляецца філіялам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. З 460 твораў класіка пейзажу, якія належаць галоўнай скарбніцы нашай краіны, 40 знаходзяцца ў Магілёве. Нядаўна ў музеі завяршыўся капітальны рамонт і рэстаўрацыя. У выставачных залах і іншых памяшканнях з’явілася новае абсталяванне. Адбыліся змены ў экспазіцыі: цяпер карцін на сценах меней, але глядзяцца яны больш эфектна.

Згаданая выстава прымеркавана спецыяльна да беларуска-расійскага форума. Адбылася яна дзякуючы партнёрскім стасункам Нацыянальнага мастацкага музея і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Вітольд Бялыніцкі-Біруля — мастак шанаваны ў абедзвюх нашых краінах. Захавальнік каштоўных традыцый рэалізму, ён занатоўваў вобразы адвечнай прыроды. І ў Савецкай Беларусі і ў РСФСР быў уганараваны званнем Народнага мастака. Творчасць ягоная найлепшым чынам сімвалізуе повязь дзвюх культур, іх узаемнае ўзбагачэнне.

На выставе ў Магілёве прадстаўлены карціны, якія рэдка пакідаюць сцены нашага Нацыянальнага мастацкага музея і славутай Траццякоўкі. Заўсёдным духоўным апірышчам для Вітольда Каэтанавіча была прырода. Значная частка ягонага жыцця і творчасці звязана з лецішчам “Чайка” на возеры Удомля ў Цвярской губерні. Тут у яго гасцявалі сябры і калегі. Творы некаторых з іх як раз і прадстаўлены на выставе. Гэта Станіслаў Жукоўскі, Аляксей Сцяпанаў, Абрам Архіпаў, Мікалай Багданаў-Бельскі, Фёдар Мадораў, Ігар Грабар... Дарэчы, менавіта возера Удомля натхніла Ісаака Левітана на стварэнне славутага палатна “Над вечным спакоем”.

Генеральны дырэктар Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі Зельфіра Трэгулава, якая спецыяльна дзеля гэтай выставы прыехала ў Магілёў, адзначыла, што ў Мінску карціны з Траццякоўкі ўжо гасцявалі, а вось у регіянальны цэнтр Беларусі іх прывезлі ўпершыню. Але ўмовы захоўвання і экспанавання твораў у Музеі Бялыніцкага-Бірулі належныя, ды і беларуска-расійскі форум варты такога цудоўнага ўпрыгожання, як згаданая выстава.

/i/content/pi/cult/713/15588/2.JPGУ час наведвання Валянцінай Матвіенка і Міхаілам Мясніковічам выставы мастачка з Бялыніч Ларыса Журавовіч падарыла ім на ўспамін аб Магілёўшчыне свае карціны. На абодвух жывапісных палотнах — краявіды мясцін, дзе нарадзіўся Вітольд Каэтанавіч. Яны захаваліся такімі, якімі вялікі мастак бачыў іх у дзяцінстве з акна свайго дома.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"