Як расставіць вешкі ў віры памяці

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

Апошнім часам як грыбы павырасталі ў нашых гарадах шыльды са словам “музей”. За знаёмымі літарамі часта маскіруецца звычайная камерцыйная ўстанова. За мішурой, якую яны ствараюць, можна не заўважыць з’яўленне сапраўдных новых гульцоў у сучасным музейным рэчышчы. Між тым, у маладых устаноў ужо назбіраны стос прапаноў, якія маглі б паспрыяць больш эфектыўнаму развіццю галіны.

/i/content/pi/cult/712/15582/13.jpgТры маем, а колькі патрэбна?

Ужо дзевяць гадоў у Паляўнічым дамку пад бокам Палацава-паркавага ансамбля набірае моц Музей гісторыі горада Гомеля. Новая юрыдычная асоба вырасла на базе выставачнай пляцоўкі той самай знакамітай установы. І пры іншым развіцці падзей магла б застацца ўсяго адной з яе экспазіцый. Дык чаму ўзнікла патрэба стварыць адасоблены музей?

— У статусе самастойнай структуры мы атрымалі магчымасць распрацоўваць канцэпцыю сваёй справы, будаваць планы на доўгі перыяд і спакойна рушыць да пастаўленай мэты, — так дырэктар Музея гісторыі горада Гомеля Юлія Купрэева тлумачыць, чаму з вялікім энтузіязмам пагадзілася ўзначаліць толькі што створаную ўстанову. — Удзячная кіраўніцтву вобласці і Гомеля, якое паверыла ў неабходнасць заснавання гарадскога музея ў абласным цэнтры са шматвяковай гісторыяй.

Першых наведвальнікаў яны прынялі ў 2009 годзе. З тых часоў маршрут да Паляўнічага дамка добра засвоілі школьнікі, студэнты і неабыякавыя да сваёй гісторыі гамяльчане. Вось толькі наўрад ці яны здагадваюцца, што і экспазіцыйнай часткай, і неабсяжнымі фондасховішчамі займаюцца ўсяго галоўны захавальнік фондаў і тры навуковыя супрацоўнікі!

— Праблема ў тыпавых штатных раскладах, дзе прысутнічае вызначэнне “абласны”, “раённы”, але няма паняцця “гарадскі” музей, — тлумачыць спадарыня Купрэева. — Да каго прылічыць нас? На дадзены момант мы кіруемся дакументамі для раённых устаноў і згодна з імі маем права на тры штатныя адзінкі навуковых супрацоўнікаў. Але раённая ўстанова часта абслугоўвае некалькі дзясяткаў тысяч насельніцтва, мы ж ствараем праекты з разлікам на паўмільённы горад, таму вельмі не хапае вольных рук.

Дырэктар упэўнена: калі б у тыпавых штатах з’явіўся радок пра ўласна гарадскія музеі, іх дзейнасць стала б больш эфектыўнай. Такое меркаванне становіцца зразумелай пры знаёмстве з экспазіцыяй. На другім паверсе музейнага будынка абсталявана зала для часовых выстаў, пакоі першага запоўнены шматлікімі цікавосткамі, а ў фондах, тым часам, — безліч каштоўных матэрыялаў. Каб мець магчымасць усё гэта паказаць наведвальнікам, неабходна прырастаць іншымі пляцоўкамі — як, напрыклад, робіць Музей горада Мінска. Гамяльчане таксама не стаяць на месцы: у 2015 годзе адкрыўся філіял -- Музей фатаграфіі. Летась ён пабагацеў на сталую экспазіцыю, прысвечаную гісторыі гарадскога друку.

— Аднак штатны расклад пры такім пашырэнні экспазіцыйных плошчаў амаль не змяніўся. З вялікай цяжкасцю нам дазволілі ўвесці ў Музеі фатаграфіі пасаду наглядчыка. і навуковага супрацоўніка І па-ранейшаму вельмі не хапае тэхнічных спецыялістаў. Мне, як і многім дырэктарам, даводзіцца быць яшчэ і інжынерам, і загадчыкам гаспадаркі, і ў бухгалтарскія рэчы ўнікаць, — апісвае расклад рэчаў спадарыня Купрэева.

Са мной можа нехта не пагадзіцца: маўляў, існуе ж магчымасць павялічваць штат згодна з патрабаваннямі структурных падраздзяленняў. Аднак ці проста музейшчыкам знайсці пазабюджэтныя сродкі для таго, каб увесці такую неабходную і ўсё ж дадатковую адзінку? Іншая справа — калі б гарадскія музеі мелі адмыслова зацверджаны штатны расклад, які б улічваў іх спецыфіку — магчыма, з варыятыўнасцю камплектацыі штатаў у залежнасці ад колькасці насельніцтва таго ці іншага горада. Напэўна, гэта быў бы куды прасцейшы спосаб вырашэння многіх наспелых праблем.

Буфет ў агародзе

Юлія Купрэева — сапраўдны фанат сваёй справы. Яна аптымістычна глядзіць у будучыню ўстановы і часта паўтарае: “Асноўнае наша багацце — супрацоўнікі. Дзякуючы ім музей горада справіцца з любымі складанасцямі”. Сваім невялічкім калектывам яны імкнуцца штораз ствараць новыя праекты, каб прыцягнуць новую аўдыторыю якасным прадуктам. Літаральна за апошнія месяцы правялі экавечары, рэканструкцыю шляхецкага балю, дабрачынную імпрэзу па зборы сродкаў на рэканструкцыю мезаніна Паляўнічага дамка.

— Пытанне пра павелічэнне колькасці наведвальнікаў для нас актуальнае. Гомель, на жаль, пакуль нельга назваць месцам, куды цягнецца неймаверны паток турыстаў. І гэта вартае даследавання пытанне: ці то аб’ектаў недастаткова, ці то інфраструктура не зусім наладжаная, — працягвае суразмоўца. — Але нават больш мяне засмучае іншае: у паўмільённым горадзе далёка не кожны ведае дарогу ў музеі. Не хочацца верыць, што людзі не адчуваюць запатрабавання ў культурным развіцці. Мы разумеем праблему і імкнёмся знайсці новыя формы для папулярызацыі сваёй установы.

Падаецца, музейшчыкамі быў абраны верны кірунак: ад пачатку яны выбудоўвалі камунікацыю з патэнцыйнай аўдыторыяй на роўных. У прыватнасці, яшчэ на стадыі заснавання абвясцілі акцыю “Створым музей гісторыі горада разам!” Да гэтага часу гамяльчане штодня прыносяць ва ўстанову сямейныя рэліквіі. Іх настолькі шмат, што не хапае навуковых супрацоўнікаў, каб тэрмінова атрыбуціраваць рэч і вырашыць, ці браць яе на экспанаванне.

Часам такое пытанне нават не ўзнікае. Аднойчы музей выкупіў у звычайнай сям’і ўнікальную разную шафу пачатку ХХ стагоддзя. Другім разам хтосьці з культработнікаў прыкмеціў літаральна ля бакаў са смеццем старадаўні буфет у добрым стане!

— А былі ж часы, калі драўлянай мэбляй маглі і печку на лецішчы растапіць, — узрушана ўспамінае суразмоўца. — У нас людзі пазбаўляюцца ад старых прадметаў, не адчуваючы за ім успамінаў пра продкаў, пра зніклую эпоху. Таму мы пастаянна тлумачым гамяльчанам праз мас-медыя або на сваіх мерапрыемствах каштоўнасць звычайных, здавалася б, прадметаў, якія засталіся ім ад іх родзічаў. І да нас пацягнуліся неабыякавыя. Некаторыя нават шкадавалі, што такога музея не існавала раней, бо многае ўжо згублена.

Музей горада Гомеля збірае пласт, датычны гісторыі прадпрыемстваў, адукацыі, архітэктуры, мастацтва. Дырэктар марыць пра пляцоўку, дзе праз рэканструкцыю было б адлюстравана Сярэднявечча — эпоха, якая слаба прадстаўлена ў беларускіх музеях. Як добры прыклад, узгадвае музей горада Дрэздэна, які яна наведала некалькі гадоў таму: там ёсць адзін вялікі аб’ём, падзелены на зоны паводле розных эпох — ад першабытных часоў да сучаснасці, і шмат дадатквых экспазіцый. Агулам яны характарызуюць горад, яго жыхароў, кірункі, па якіх ён расце і рухаецца.

Каб не спазніцца

Прырастаць аб’ектамі ўстанова пачала з Музея фатаграфіі (між іншым, да гэтага лета адзінага ў Беларусі). І крок той быў надзвычай натуральным, бо яшчэ на стадыі стварэння асноўнай экспазіцыі першымі на заклік музейшчыкаў адгукнуліся менавіта гомельскія фатографы. Хтосьці падарыў калекцыю старадаўніх фотаапаратаў, нехта нёс кнігі, а нехта — стос здымкаў і фотапаштовак. Калі экспанатаў стала болей за тры сотні, дырэктар звярнулася да кіраўніцтва горада з просьбай выдзеліць спецыяльную пляцоўку пад гэтую калекцыю. І ў выніку музей атрымаў памяшканне, у якім раней гадоў 60 дзейнічала фотаатэлье. Сапраўды, усё сышлося як мае быць!

Амаль адразу было вырашана не толькі экспанаваць усё датычнае да фотасправы і ладзіць выставы, але і стварыць архівы гомельскіх фатографаў. Як сцвярджае сябра музея, фотакор “Гомельскай праўды” і фотамастак Алег Белавусаў, дасюль ніхто ў абласным цэнтры гэтым не займаўся.

— У Гомелі працавалі майстры, прызнаныя Міжнароднай федэрацыяй фатаграфічнага мастацтва FIAP. Але мы прыйшлі да таго, што фотаздымкаў 1970 — 1980-х гадоў знайсці практычна немагчыма: музеі іх не збіралі, а ў калекцыянераў не было да іх цікавасці, — узрушаны спадар Алег.

Асабліва смуткуе Белавусаў з той нагоды, што горад не змог своечасова ацаніць славутага земляка Валерыя Федарэнку. У Беларусі крыху больш за дзясятак майстроў, якія ўваходзяць у прэстыжную міжнародную федэрацыю. З іх, па сцвярджэнні суразмоўцы, усяго чацвёра, якія атрымалі ад FIAP званне еxcellence. У тым ліку і Валерый Федарэнка.

— Я запытваў у Валерыя, ці можа ён перадаць хоць адну работу ў Музей фатаграфіі, але ў яго нічога не засталося, — кажа суразмоўца. — Федарэнка — носьбіт унікальнай тэхнікі сумяшчэння. Яго работы даўно разышліся па прыватных калекцыях ці знаходзяцца ў музеях замежжа. Майстар больш не здымае. Беларускія музеі наўрад ці пацягнуць купіць хаця б адну з яго работ, калі пабачаць іх кошт на сусветным рынку…

Спадар Алег прапануе своечасова звярнуць увагу калі не на фота майстра, дык хаця б на архіўныя дакументы: толькі дыпломаў міжнародных конкурсаў у Федарэнкі назапасілася каля дзвюх соцень. Юлія Купрэева запэўнівае, што яе ўстанова зробіць для гэтага ўсё магчымае.

Але папаўненне фондавай калекцыі — толькі адзін з кірункаў дзейнасці. Не менш важныя і новыя праекты — у тым ліку міжнародныя. У прыватнасці, музей актыўна супрацоўнічае з Пасольствам Дзяржавы Ізраіль. Праз гэтую сувязь у Гомель завітвае шмат фатографаў, якія некалі там жылі і працавалі, а потым з’ехалі ў эміграцыю. Дзякуючы гэтаму, сабраны добры архіў Сямёна Цалкіна, а неўзабаве мае адбыцца творчая сустрэча Льва Тарнапольскага — гомельскага фатографа, які займеў сабе імя ў Ізраілі.

Да таго ж, Музей фатаграфіі сумесна з Русланам Карпавым заснаваў у 2016 годзе фотаклуб “Максімус”, які ўзяў пад сваё крыло сённяшніх фатографаў Гомеля. Можна спадзявацца, што архіў тых, хто цяпер працуе на гэтай ніве, будзе створаны своечасова. Тады будучым пакаленням гамяльчан не давядзецца па драбніцах адшукваць спадчыну тых нашых сучаснікаў, якія стануць для нашчадкаў легендамі.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"