Падкаваная “Блыха”

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

На сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача адбыліся гастролі Тбіліскага ТЮГа. Госці прывезлі монаспектакль для дарослых “Ноч і папугай” і казку для дзяцей “Блыха і мураш”, паказаўшы яе тройчы. І тут было чаму павучыцца!

/i/content/pi/cult/712/15581/12.jpgСпектаклі ішлі на рускай мове, але абодва яны прэзентавалі нацыянальную драматургію. Дый кожная дробязь таго ж дзіцячага “ранішніка” сведчыла: “зроблена ў Грузіі”. І справа не толькі ў грузінскай народнай казцы “Блыха і мураш” — справа ў тым, як яна была разыграна.

Да такіх спектакляў у некаторых тэатрах ставяцца паблажліва: маўляў, дзецям галоўнае, каб было рознакалярова і гучна. А тут — так званы “чорны кабінет”, артысты таксама ў чорным, і толькі некаторыя дэталі строяў (капелюшы ды манішкі) дапамагаюць пераўвасабленням ва ўсё новых персанажаў. Ніякага крыку, да якога прызвычаіліся ў нас: маўляў, іначай дзеці не пачуюць, бо могуць размаўляць. Усё даволі ціха, але вельмі стыльна — і ніякага шоргату ў зале. Дзеці, іх бацькі і настаўнікі — усе аднолькава зацікаўлена ўтаропіліся ў сцэнічнае дзеянне.

Сюжэтная канва вельмі простая: Блыха і Мурашка пасябравалі, ды апошні зваліўся ў рэчку. І Блыха паскакала шукаць вяроўку, каб яго выратаваць. А далей — тыповы для шэрагу казак ланцужок: каб звіць вяроўку, Свіння павінна даць шчацінку. А тая згодна памяняць яе на жалуды. Дуб дасць жалуды, калі прагоніш Ворана — і гэтак далей.

Пастаноўшчыкі пайшлі па шляху стварэння каларытных партрэтаў усіх, з кім сутыкаецца Блыха. Свіння стала балерынай і сваёй мяккай, закругленай пластыкай нагадвае колішні “Балет тоўстых” Яўгена Панфілава з Пермі. Каларытны Пеўнік сыходзіць са свайго партрэта, выклікаючы замілаванне Курыцы-наседкі. Мыш з Катом танчаць лезгінку (дарэчы, у пэўны момант яе асобныя каленцы ўзнікаюць у кожнага з персанажаў, але ва ўсіх — розныя). Акрамя жывога плана, выкарыстоўваюцца лялькі (планшэтныя, ды ў якасці ног — пальцы артыста, таксама з лезгінкай “у крыві”). Рог цацачнай Каровы ператвараецца ў традыцыйны грузінскі рог для віна, ды толькі ў яго дояць малако — з надзьмутага шарыка-вымя.

А як змяняюцца “скокі Блыхі”! Да кожнага наступнага персанажа артыст рушыць іначай, сумяшчае элементы пантамімы, сучаснага і народнага танцаў з побытавымі рухамі і тым самым напаўняе чарговы адрэзак шляху ўсё новымі эмоцыямі. Ніякіх
паўтораў і “бегу на месцы”!

Дый сама казка, адаптаваная для сучаснага тэатра, напоўнена дабрынёй. Замест кураня Воран задавольваецца пратухлым яйкам. Мыш крыўдзіцца на Ката, бо той уявіў сябе мастаком і замест таго, каб яе з’есці, вымушае пазіраваць. Разам з чатырма парсючкамі ў ролі маленькіх лебедзяў, складаецца дадатковае сюжэтнае адгалінаванне — заняткі мастацтвам. Яно вельмі блізкае дзецям, многіх з якіх бацькі водзяць у розныя студыі.

Гледзячы спектакль, раптам падумала: няўжо нашы артысты на такое не здольны? Нагадаем, што і сталічны тэатр лялек акурат побач з нашым ТЮГам знаходзіцца: за парадай ці кансультацыяй, як з лялькамі ўпраўляцца, дастаткова дарогу перайсці. І вярнуцца, ва ўсіх сэнсах, з падкаванай блыхой. Сучаснае тэатральнае мастацтва даўно ўжо рушыць да ўніверсальнасці, і позірк у бок лялек ды адметнай пластыкі — як ніколі актуальны.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"