Героі не таго рамана?

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

Фарміруючы рэпертуар, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага імкнецца біць наўпрост па мэтавай аўдыторыі. Вось і нядаўняя прэм’ера прызвана заарканіць публіку адной толькі назвай: у афішы з’явіўся эратычны трагіфарс “Небяспечныя сувязі”, у аснове якога ляжыць бестселер XVIII стагоддзя ад Шадарло дэ Лакло.

/i/content/pi/cult/712/15580/11.JPGСкандальны раман пра завядзёнку французскай арыстакратыі і яе дробныя інтрыгі ды бясконцыя адзюльтэры, больш за дзвесце гадоў не выходзіць з топаў рэжысёраў драмтэатра і іх калег з кінаіндустрыі. Па ўсім свеце стала з’яўляюцца аднайменныя пастаноўкі, а на сусветныя экраны выходзяць экранізацыі паводле пікантнага тэксту. Уяўленне распальвае (і прыцягвае безліч гледачоў) сюжэт, пабудаваны на спакушэннях, цынічных закладах на цнатлівасць і абмене палюбоўнікамі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валянціна Еранькова для пастаноўкі абрала п’есу, напісаную паводле французскага рамана драматургам Крыстаферам Хэмптанам. Гэты матэрыял прайшоў ужо апрабоўку часам: менавіта ён стаў 30 гадоў таму сцэнарам для нашумелага фільма Сцівена Фрырза. Таму адданыя гэтаму тэатру гледачы могуць смела рушыць у Горкаўскі за знаёмымі фразамі, а яшчэ — за касцюміраванай меладрамай (маркіза дэ Мертэй Кацярыны Шатровай і мадам де Турвэль Юліі Кадушкевіч на працягу спектакля адна за адной змяняюць шыкоўныя сукенкі), і канешне ж, на ўлюбёнца публікі Сяргея Чэкерэса, якому прадказальна дасталася роля галоўнага спакушальніка Віконта дэ Вальмона.

Мастак Андрэй Меранкоў напоўніў люстра сцэны празрыстымі канструкцыямі: перасоўныя элементы нагадваюць фрагменты паркавага лабірынта, выхад з якога — заўсёды на новае месца дзеяння. Лёгкасць пластыкавых панэляў мастак супрацьпаставіў фундаментальнасці мэблі, якая педантычна аднаўляе эпоху. Шкада, што цікавая сцэнаграфічная парадыгма не змагла знайсці падтрымкі ў рэжысёрскім вырашэнні спектакля.

Заяўленая ў афішы эратычнасць так і не прабілася скрозь меладраматычную цяжкавагавасць. Бо спакуслівасць раскрываецца не ў аголеным мужчынскім торсе ці расшпіленым ліфе сукенкі, а ў двухсэнсоўным слоўцы, інтымнай інтанацыі, гарэзлівым позірку, быццам бы выпадковым дотыку. Тое, што ў французаў выказваецца гулліва ды ў намёках, што гучыць у недасказанасці, на сцэне Горкаўскага атрымалася ўсур’ёз і наўпрост. Не пакінула надзеі на магчымую паводле першакрыніцы лёгкасць і пікантнасць выверанае прытрымліванне малюнку ролі выканаўцаў галоўных роляў. І хоць у гераіні Кацярыны Шатровай нямала надзвычай актуальных для нашага часу выказванняў, іх вастрыня губляецца ў размераным разгортванні сюжэту.

Нечакана спектакль ажываў на другасных персанажах. Стылізаваныя, але не скапіраваныя з эпохі касцюмы мімаў, іх жывая пластыка, пастаўленая Яўгенам Карнягам, надавалі дзеянню натуральнасці і сапраўдных эмоцый, якіх часам не хапала ў асноўнай лініі. Дзіцячай непасрэднасцю выклікала прыхільнасць Сэсіль Валанж Дар’і Паляковай. Юнацкай нязграбнасцю і наіўнасцю браў шэвалье Дансені Паўла Еўтушэнкі.

Моманты эмацыянальных узрушэнняў настойліва вярталіся ў дасціпную апавядальную канву. У канцы спектакля за спінай разважлівай маркізы на залітым крывавай чырванню задніку абрынулася долу гільяціна. Рэжысёру хацелася, каб парок атрымаў неабходнае пакаранне? Той гільяцінай з вытанчанага французскага тэксту быў канчаткова выцесаны чапурысты англійскі раман.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"