Дзень Саюзнай дзяржавы: па традыцыі і ўпершыню

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” робіць значны ўклад у працэс яднання народаў Беларусі і Расіі, і сёлетні віцебскі форум стане яшчэ адным пацвярджэннем гэтай традыцыі”, — адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам “К” кансультант Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Ірына Шастакова, распавядаючы пра сёлетнюю праграму мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы ў межах міжнароднага фэсту.

 /i/content/pi/cult/168/1558/Dzen'-sajuza.jpg
Саюзная дзяржава прымае долевы ўдзел у фінансаванні фестывалю і яго арганізацыі. Сёлета, як і ў апошнія чатыры гады, з яе бюджэту на “Славянскі базар у Віцебску” выдаткавана каля 25 млн. расійскіх рублёў.
Сёлета ў віцебскім форуме возьмуць удзел Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін, дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Пад час сваіх папярэдніх візітаў на фестываль прадстаўнікі Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы і Парламенцкага сходу знаёміліся з прамысловымі прадпрыемствамі вобласці, наведвалі ўстановы адукацыі, дзіцячыя дамы. Гэты год таксама не стаў выключэннем: Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін плануе наведаць нафтаперапрацоўчае прадпрыемства “Нафтан” у Наваполацку, шэраг сацыяльных устаноў.
На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця адбываецца ўручэнне прэмій Саюзнай Дзяржавы Старшынёй Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Лаўрэатамі Прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва за 2007—2008 гады, як вядома, сталі народныя артысты Беларусі Уладзімір Гасцюхін і Міхаіл Фінберг, а таксама народны артыст Расіі Сяргей Арцыбашаў. 11 ліпеня ў Міжнародным прэс-цэнтры — “Зорны час” з іх удзелам, там жа наладжана прэзентацыя кнігі “Лаўрэаты Прэміі Саюзнай дзяржавы”.
12 ліпеня дэлегацыя Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы бярэ ўдзел у адкрыцці печы для абпалу ў межах ганчарна-выставачнага праекта “Вытокі”, які ладзіць Віцебскі цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінне”. У гэты ж дзень дэлегацыя наведае і выстаўку дзіцячай творчасці.
13 ліпеня шосты раз пройдзе ўжо традыцыйны Дзень Саюзнай дзяржавы. Пачнецца ён з прэс-канферэнцыі Дзяржаўнага сакратара Паўла Барадзіна і Адказнага сакратара Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Сяргея Стрэльчанкі. Галоўнымі пытаннямі на сустрэчы з журналістамі стануць бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2009 год, адзіная эканамічная прастора і прававая база, фарміраванне агульнай адукацыйнай і інфармацыйнай прасторы, вынікі і перспектывы рэалізацыі саюзных праграм, роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, задачы па развіцці сацыяльна-культурных сувязей Беларусі і Расіі, практыка рэалізацыі Пагадненняў аб забеспячэнні роўных правоў дзвюх краін. У прэс-мерапрыемстве плануецца ўдзел прадстаўнікоў Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Пасля прэс-канферэнцыі дэлегацыі Пастаяннага Камітэта і Парламенцкага сходу сумесна з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны ўскладуць кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі. А ўвечары ў Летнім амфітэатры — канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі і Расіі з удзелам сёлетніх лаўрэатаў Прэміі Саюзнай дзяржавы Уладзіміра Гасцюхіна і Міхаіла Фінберга (Нацыянальны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь пад яго кіраўніцтвам увесь вечар будзе на сцэне).
Трэба адзначыць, што Пастаянным Камітэтам Саюзнай дзяржавы заснаваны 4 дыпломы “За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі”, якія будуць уручаны ўдзельнікам творчых праграм на ўрачыстым закрыцці фестывалю. А двума спецыяльнымі дыпломамі “Надзея Саюзнай дзяржавы” і прызамі будуць узнагароджаны ўдзельнікі VI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу. Акрамя таго, Парламенцкім сходам Саюза Беларусі і Расіі заснаваны дыпломы і прызы “Лепшаму выканаўцу эстраднай песні” ад Рэспублікі Беларусь і ад Расійскай Федэрацыі.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ