Агнём намаляванае

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

Сталічная галерэя “Універсітэт культуры” вядомая ў мастакоўскай грамадзе сваёй дэмакратычнасцю. Тут выстаўляюцца як сталыя творцы, так і пачаткоўцы, ладзяцца экспазіцыі ўсіх відаў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама мастацкай і дакументальнай фатаграфіі. І што надзвычай важна, “Універсітэт культуры” дае магчымасць выйсця на публіку не толькі дыпламаваным прафесіяналам, але і тым, хто пасведчання аб заканчэнні творчай ВНУ не мае, аднак яму ёсць што сказаць гледачу.

/i/content/pi/cult/712/15579/10.JPGВыстава мастака-пірографа Ігара Каперскага “Танец агню” — якраз з гэтага шэрагу. Паводле адукацыі ён трэнер-выкладчык, дапамагае маладым людзям раскрыць свае здольнасці і зрабіць першыя крокі ў спартыўнай кар’еры, а тым, для каго спорт не стане прафесіяй, набыць навыкі здаровага ладу жыцця. Пагадзіцеся, што такая работа непазбежна мае творчы складнік.

А яшчэ Ігар Каперскі захапляецца піраграфіяй. З дзяцінства, з дзесяці гадоў. Такім чынам ягоная творчая практыка вымяраецца дзесяцігоддзямі. За гэты час спадар Ігар засвоіў розныя тэхнічныя прыёмы, выпрацаваў уласны стыль, вызначыўся адносна тэматычных прыярытэтаў.

У шырокім сэнсе, піраграфія — гэта атрыманне выяваў метадам выпальвання. Звычайна на драўлянай пласціне. Абпал можна рабіць не толькі металічнай іголкай, але і гарачым паветрам, і нават промнем святла з дапамогаю лінз. Раю паглядзець у сеціве ўзоры піраграфіі. Гэта немалых памераў карціны, вонкава не адрозныя ад эстампу ці манахромнага жывапісу.

Тое ж можна сказаць і пра творы Ігара Каперскага. Хіба што, памеры ягоных піраграфічных карцін даволі сціплыя. Усё ж такі, спадар Ігар працуе найперш для ўласнага задавальнення, а не дзеля заробку. Для яго гэта захапленне, а не работа — інакш, з ягонымі арганізацыйнымі здольнасцямі і зацятасцю, меў бы ён і больш дасканалы інструментарый, і майстэрню, дзе можна размахнуцца на манументальныя палотны.

Хоць Ігар Каперскі — аматар, але работы ягоныя прыцягваюць увагу знаўцаў мастацтва і ўпрыгожваюць не толькі прыватнае жытло, але і грамадскія будынкі. Да прыкладу, Музей Алімпійскай славы ў Мінску. Рэч ў тым, што паколькі спадар Ігар сам спартсмен, дык сюжэты многіх сваіх карцін ён бярэ са спартыўных рэпартажаў, занатоўвае ў такой арыгінальнай форме зорныя імгненні беларускага спорту.

Мяркуючы па прадстаўленых ў экспазіцыі творах, мастак не імкнецца ствараць арыгінальныя выявы, але скарыстоўвае ўжо існыя — тыя, якія яго чымсьці зачапілі — пэўным чынам трансфармуючы іх у адпаведнасці з тэхналогіяй піраграфіі. Але іншым разам і сам робіць фотаздымкі, каб потым перавесці Полацкую Сафію або краявіды Віцебска ў “вогненны” фармат.

Тое, што робіць Ігар Каперскі, нагадвае мне сітуацыю той пары, калі фотадрук быў у веку немаўляці, і мастак пераводзіў у літаграфію для тыражавання выявы, створаныя не ім. Час мінуў — і тыя рэпрадукцыі набылі самастойную культурную каштоўнасць. Мне думаецца, спадар Ігар з дзяцінства марыў стаць мастакоў, ды варункі жыцця не спрыялі. Але тое, што ён ўсё ж такі знайшоў выйсце для свайго творчага імпэту, у мяне выклікае павагу.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"