Светлае жыццё Варвары

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

Выстава Святланы Станкевіч Luz silenciosa — чарговы праект “Месяца фатаграфіі ў Мінску”. Чорна-белую серыю здымкаў пра жыццё і сталенне дзесяцігадовай дзяўчынкі Варвары дэманструюць на адмысловым подыуме новай выставачнай прасторы Moving Art Фactory на вуліцы Куйбышава.

/i/content/pi/cult/712/15578/9.JPGКаб разгледзець кожны здымак, трэба не толькі падысці да яго як мага бліжэй, а яшчэ і нахіліцца. Нечаканая і свядома створаная арганізатарамі экспазіцыі нязручнасць павінна прымусіць гледача да большай зацікаўленасці — так прыцягваюць прадметы за шклянымі вітрынамі ці раскладзеныя на стале прылады для асабістага даследавання.

Каштоўнасць гэтай серыі для аўтара ў святле, якое мае ў праекце некалькі вымярэнняў — знешняе, унутранае і нябачнае нябеснае. Невыпадкова праект мае тую ж назву, што і фільм мексіканскага рэжысёра Карласа Рэйгадаса. У перакладзе з іспанскай яна гучыць як “Маўклівае святло”.

Для свайго аповеду Святлана Станкевіч абірае галоўнай гераіняй знаёмую дзяўчынку Варвару, якая праводзіць дзяцінства ў прыродным асяроддзі. Аўтар сочыць за тым, як яна бавіць час і праходзіць уласны шлях да сталення. У праекце ён атаясамліваецца з біблейскай гісторыяй, атрымлівае ўсе неабходныя сімвалы і разгортваецца паслядоўна, крок за крокам, ад нараджэння да ўваскрашэння, пераходу ў іншае жыццё.

— Нам хацелася пазбавіць праект забаўляльнасці, ён павінен выглядаць асобна, ізалявана, таму і ўзнік подыум, — кажа куратар выставы Ілона Дзяргач. — Важна было нейкім чынам прымусіць і гледача да ўласнага даследавання, прапанаваўшы яму для гэтага ўсё неабходнае.

Варвара — дзяўчынка, якая разам з сям’ёй жыве ў Смаргоні ў прыватным доме. Раслінны свет, адлюстраваны на фотаздымках, ёй не толькі добра знаёмы, але і цалкам натуральны — менавіта ў прыродным асяроддзі яна адчувае сябе ўтульна і свабодна.

— Варвара — дачка маёй сяброўкі, — кажа Святлана Станкевіч. — Мне было цікава за ёю назіраць, сённяшнія дзеці так жывуць рэдка. Дзяўчынка будуе дамы на дрэвах, сябруе з жывёламі і мае паўнавартаснае дзяцінства, незалежнае ад экранаў камп’ютара і планшэта. Яе маці, ланшафтны дызайнер, прыхільніца стылістыкі новай хвалі. Пры афармленні саду яна выкарыстоўвае толькі тыя віды раслін, якім камфортна ў прапанаваных умовах. Варвара так жа лёгка і свабодна жыве разам з прыродай, як і кветкі ў яе садзе.

“Маўклівае святло” — другі праект Святланы Станкевіч. Прафесійна фатаграфіяй яна займаецца даволі кароткі час. У новую для сябе сферу прыйшла з журналістыкі — ад фатаграфіі, якая спачатку ўспрымалася толькі як ілюстрацыя да тэксту, да разумення кадра, у якім аўтар канцэнтруе ўсе думкі. Святло стала лейтматывам абодвух праектаў.

— Мне падабаецца новае даследаванне, якое робіць Святлана праз серыю фотаздымкаў, — кажа Ілона Дзяргач. — Мая задача як куратара — не ўплываць на яго, а
разумець, што адбываецца, каб паказаць лепшыя бакі і этапы развіцця. Але як звычайнага гледача мяне хвалююць раслінныя матывы ў кадрах, прыродныя замалёўкі, яны вяртаюць мяне да ўласнага дзяцінства. Добра памятаю з таго часу пах сена і чабору. Дзяцінства — гэта заўсёды нешта больш прыроднае, чым урбаністычнае. Але я заўважаю і гэтую мяжу, тонка падкрэсленую, калі замест дзяўчынкі на асобных здымках бачна ўжо тая жанчына, у якую яна паступова ператвараецца.

Ніводная з фатаграфій не выклікае ўражання выпадковасці ні месцам у экспазіцыі, ні самой выявай. Белыя плямы святла на чорным фоне, мудрагелістыя цені, якія часта працягваюць лініі чалавечага цела, пераўтвараюць рэчаіснасць, напаўняюць яе новымі сэнсамі. Гэта вынік доўгіх разваг і ўсведамлення асабістай патрэбы ў такой працы. Толькі першы і апошні фотаздымкі, якія адлюстроўваюць моманты нараджэння і ўваскрашэння, маюць вертыкальную арыентацыю. Усе астатнія паміж імі — гарызантальныя. Гэта шлях да пошуку, які аўтар здзяйсняе праз здзіўленне светам, захапленне святлом.

— Перараджэнне — мая асабістая тэма. Мінулы год быў вызначальным, адбылося шмат зменаў у жыцці — я пераехала са Смаргоні ў Мінск, памяняла працу, звыклае асяроддзе. Трэба было ўсё гэта пераасэнсаваць. Таксама і ў жыцці Варвары адбываліся важныя падзеі: яна перайшла ў іншую школу, пабудавала сабе новы дом на вярбе і ўступіла ў новы ўзроставы перыяд. Ва ўсе цяжкасці можна настолькі паглыбіцца, каб урэшце знікнуць, але можна і перарадзіцца. Для мяне здымкі мелі тэрапеўтычны эфект. Калі серыя скончылася, завяршыліся пошукі і ў маім асабістым жыцці, я прыйшла да важных для сябе высноваў.

Праект Luz silenciosa стаў першым для выставачнай прасторы Moving Art Фactory. Пакуль яна не гатова працаваць на поўную моц, таму адкрываецца для наведвальнікаў выставы толькі два дні на тыдзень — у пятніцу і
суботу. Для тых, хто туды завітае, гэта будуць змястоўныя гадзіны, якія могуць ператварыцца ва ўласнае даследаванне ці размову з куратарам выставы.