Полымя ў празрыстым крышталі

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава “Нататнікі”, якая аб’яднала дэкаратыўныя кампазіцыі са шкла і малюнкі вядомай беларускай мастачкі Таццяны Малышавай. Творы датуюцца рознымі гадамі, пачынаючы з 1970-х. У той час выпускніца дэкаратыўна-прыкладнога аддзялення Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута прыехала ў Бярозаўку, каб заняць пасаду мастака на шклозаводзе “Нёман”.

/i/content/pi/cult/712/15576/6.jpgТаццяна Малышава стала першай прадстаўніцай мінскай школы мастацкага шкла на знакамітым прадпрыемстве. Да гэтага часу туды накіроўвалі толькі мастакоў ленінградскай, маскоўскай і эстонскай школ. Усяго ў эксперыментальна-мастацкім аддзеле працавала шэсць чалавек. Душой і цэнтрам гэтага невялікага калектыву быў Уладзімір Мурахвер, да якога ў Бярозаўку прыязджалі вядомыя мастакі. З усяго Савецкага Саюза завод прымаў і студэнтаў. У 1972 годзе рабіць дыпломны праект на “Нёман” прыехала Таццяна Малышава.

— Гэта быў вітраж для мастацкага вучылішча — цяжкі і тоўсты маналіт, — распавядае яна. — І, напэўна, я добра сябе праявіла. У той час з завода збіралася сыходзіць эстонская мастачка Кірсці Вакс, і мне прапанавалі заняць яе месца — але не ў верасні, а толькі ў кастрычніку. Таму ў інстытуце адбылася цэлая гісторыя з размеркаваннем. Я прасіла свабодны дыплом, казала, што не падпішу накіравання, што мару пра завод і ўжо паабяцала прыехаць туды працаваць. І свайго дасягнула.

Спачатку было цяжкавата. У інстытуце нам спецыяльнасць выкладалі керамісты, сваіх шкляроў не было. Таму навуку спасцігала на практыцы. Мяне ўсім калектывам выхоўвалі, давалі парады. Займалася самаадукацыяй, шмат ездзіла, глядзела, што захоўваецца ў запасніках у Маскве, Ленінградзе. Была на ўсіх выставах, на якія толькі атрымоўвалася патрапіць. І на трэці год адчула, што ўжо не вучаніца, а майстар.

— У гэты час вам і даручылі зрабіць вазу ў падарунак Леаніду Брэжневу “Ад працоўных Беларусі”?

— Мой эскіз крышталёвай вазы ў выглядзе снапа каласоў — як сімвала ўраджаю і жыцця — выйграў конкурс. Праца павінна была мець вышыню 1,70 метры, але мне сказалі павялічыць яе ў паўтара разы. Я не спала тыдзень — так хвалявалася. Распрацоўвала вазу з разлікам на наш завод, а такі вялікі памер цяжка было і выдзьмуць, і абпаліць, і адпаліраваць. Каб майстар змог з ёю працаваць, яму зрабілі спецыяльнае прыстасаванне — ваза вісела на дамкраце. Мы рабілі гэты твор два месяцы, вельмі стараліся… А пасля ўручэння адрасату Міністэрства культуры выступіла з прапановай узнагародзіць мастака. А калі там даведаліся, што мне толькі 29 гадоў, дык сказалі: надта, маўляў, маладая, яшчэ паспее. І далі грошы іншай мастачцы, якая адзначала нейкі юбілей, а да нашай вазы ніякага дачынення не мела. А мне — толькі 100 рублёў прэміі.

— Пэўна, крыўдна было?

— Так. Але я заўсёды была аптымісткай і верыла ў светлую будучыню. Думала, што і сапраўды паспею. Ды і часу крыўдаваць не было. Мы пастаянна працавалі, ездзілі з выставамі. Хутка я атрымала дыплом другой ступені ВДНГ БССР, потым дыплом першай ступені на ВДНГ СССР. У Маскве тады да дэкаратыўнага мастацтва ставіліся з вялікай пашанай. Нас, мастакоў, ведалі пайменна.

/i/content/pi/cult/712/15576/7.jpg— Якая работа атрымала такую высокую адзнаку?

— Я распрацавала камплект шклянак для кактэйлю з выявамі беларускіх архітэктурных помнікаў. Вось тады мне і спатрэбілася добрае валоданне малюнкам. Я заўсёды студэнтам потым казала: не лянуйцеся, вам трэба авалодаць і жывапісам, і графікай. Ніколі не ведаеш, што ў жыцці спатрэбіцца. Выявы для шклянак я доўгі час шукала ў кнігах, сама ездзіла па Беларусі, фатаграфавала, малявала. Тады гэта была новая ідэя — вяртанне да вытокаў, да старадаўняй архітэктуры. Многія нашы храмы ў той час былі прыстасаваны пад склады, разбураліся. Вельмі балюча было на іх глядзець.

Шклянкі рабіліся для вытворчасці, але ў той час кіраўніцтва завода дбала пра тое, каб наша мастацкае шкло ўдзельнічала ва ўсіх значных выставах, каб фарміраваўся фірменны стыль “Нёмана”. Таму два месяцы на год мастакі павінны былі распрацоўваць новыя прыёмы і формы менавіта для экспанавання. Мы паказвалі свае творы ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Вільні, Таліне, Варшаве, Ерэване, Бамбеі — геаграфія была вельмі шырокай. У Маскву я ездзіла штогод — рабіла экспазіцыю, а потым два дні магла бегаць па музеях.

— У Маскве купілі і ваш камплект шкла “Полымя”. Адзін з яго варыянтаў можна ўбачыць сёння на выставе ў музеі. Колькі ўсяго іх было?

— Тры ці чатыры. Калі я, шчаслівая, вярнулася з камандзіроўкі дадому, мне дырэктар сказаў:
паўтарыць! Гэта адзін з лепшых маіх камплектаў, яго нават спрабавалі ўвесці ў вытворчасць. Але ўзніклі праблемы: кожны раз атрымліваўся новы варыянт “Полымя”, і АТК не мог зразумець, па якім прынцыпе яго ацэньваць. Гэта ж не толькі чырвонае шкло, там ёсць і зялёная трава, і сіняе неба, і вогнішча, і попел. У творы адлюстравана маё разуменне дэкаратыўнага мастацтва. Полымя, як творчы імпульс, змешчанае ў празрысты крышталь, увасабляючы эмоцыю ў структуры мастацкага разумення свету. Большасць маіх работ пабудавана па такім жа прынцыпе.

— Наколькі я ведаю, вы актыўна эксперыментавалі з тэхналогіямі мастацкага шкла?

— Адзін з маіх улюбёных твораў — камплект у тэхніцы кракле, які складаецца з 14 форм: шклянкі, графіны, вазы для цукерак, для садавіны... Для яго я выкарыстала тэхналогію, распрацаваную яшчэ ў XVI стагоддзі, пры якой спецыяльна зробленыя расколінкі заплаўляюцца паміж слаямі шкла. Прыдумалі яе італьянцы, якія такім чынам хавалі дэфекты няякаснага ў той час матэрыялу. Камплект выглядаў вельмі сучасна, нагадваючы марозны ўзор на шкле. Мы таксама паспрабавалі ўвесці яго ў вытворчасць. Не атрымалася: занадта ён складаны, таму выходзіла шмат браку. Было вельмі шкада. Тады маю ідэю ўзяў іншы мастак, але зрабіў не надта прывабную бочкападобную форму шклянак. Яны не карысталіся папулярнасцю.

Увогуле, часта здаралася, калі вельмі добрая ідэя не праходзіла ў вытворчасць менавіта з-за сваёй складанасці. Завод не ішоў на смелыя эксперыменты: ён выпускаў гіганцкую колькасць прадукцыі і не дазваляў сабе мець шмат браку. Для “Нёмана” гэта быў залаты перыяд, калі ўсе любілі шкло, яго было шмат і яно было танным.

— Хутка ўслед за вамі на завод прыйшлі і іншыя беларускія мастакі…

— Праз тры гады пасля мяне прыйшла Вольга Сазыкіна, потым Галя Сідарэвіч. Яны былі маімі сяброўкамі і дыпломніцамі. На заводзе ўвесь час заставаліся самыя адданыя шклу людзі. Уладзімір Мурахвер арганізаваў там такі творчы гурток — мастакі часта збіраліся разам, каб памаляваць, запрашалі пазіраваць студэнтаў, дыпломнікаў, майстроў, інжынераў. У мяне захаваліся 22 малюнкі з тых часоў, 10 з іх я паказваю на выставе.

— Мастак на заводзе працуе ў цесным саюзе з майстрам. Таму важна не толькі мець творчыя ідэі, але і ўмець паразумецца з людзьмі. Для вас гэта не было цяжкім?

— Зусім не. Я ўмела знаходзіць з майстрамі агульную мову. Сапраўды, мастак і майстар на заводзе непадзельныя. Адзін форму робіць, другі шкло выдзімае, а ты, як дырыжор, бегаеш і ўсімі кіруеш. Наша брыгада складалася з 5 — 6 чалавек, і гэта былі цудоўныя майстры. Шмат хто паходзіў з сямейных дынастый і, здаецца, ведаў сваю працу ўжо с калыскі. Я сябравала з імі, шукала аднадумцаў, давала кніжкі чытаць. Мой муж быў вядомым мінскім кнігалюбам і прывёз у Бярозаўку цудоўную бібліятэку, якую мы старанна папаўнялі. Памятаю, тады ўсе чыталі і абмяркоўвалі раман Германа Гесэ “Гульня шкляных перлаў”.

— На шклозаводзе “Нёман” рабіліся і працы для афармлення дзвюх станцый ташкенцкага метро, разбуранага падчас землятрусу. Вы ўдзельнічалі ў гэтай працы?

— Мастацкае афармленне станцый распрацоўвала літоўская мастачка Ірэна Ліпеня. Мы сябравалі, я часта прыязджала да яе ў Літву. У нас ёсць нават сумесныя праекты. У Панявежысе мы разам аформілі рэстаран “Спякота”, прыдумалі для яго шкляныя аблокі рознай формы і памераў, якія мелі вертыкальныя мацаванні. На той час мы настолькі дасканала валодалі шклом, што ахвотна ішлі на розныя эксперыменты. Другі наш сумесны праект — крама “Перліна” ў Алітусе. Для яго афармлення мы зрабілі плафон з сульфіднага шкла з прыгожымі пялёсткамі. А як толькі я вярнулася ў Мінск, то адразу атрымала прапанову прыдумаць жырандолі для санаторыя “Беларусь” у Сочы. Мяне там гасцінна сустрэлі, смачна накармілі, а потым дырэктар кажа: ну што, эскізы чакаю ўвечары! Але, канешне, я іх ужо амаль прыдумала, пакуль ляцела ў самалёце. І мы тры гады рабілі гэтыя гіганцкія жырандолі, а таксама іншыя элементы інтэр’еру.

— Чаму вы ўрэшце сышлі з завода?

— Так склаліся сямейныя абставіны. Трэба было даглядаць бацькоў, і я вярнулася ў Мінск. Пагатоў, да гэтага часу мне крыху надакучыў гэтакі “грамадскі” характар творчага працэсу. Хацелася адасобіцца. Таму пачала займацца графікай, супрацоўнічала з рознымі газетамі і часопісамі. І заўсёды вельмі радавалася, убачыўшы ў друку свой малюнак. Афармляла экспазіцыі ў Музеі прыроды, спрабавала ўдзельнічаць у мастацкіх выставах. Але мяне, дэкаратыўнага мастака, не надта там хацелі бачыць. Дапамагла тады Нінэль Шчасная — цудоўны чалавек, столькі ўсяго яна зрабіла для мастацтва! Кожны год да 8 Сакавіка яна ладзіла выставы, на якія творы ад жанчын прымалі без усялякіх камісій. Вось так дзве мае работы і былі выстаўленыя.

— Мяркуючы па апошняй вашай выставе, творчых ідэй ды імпэту ў вас і сёння не бракуе.

— Гэта сапраўды так. Калі я працую над адным творам, дык ужо ведаю, якімі будуць тры наступныя. А потым пачынаецца скрупулёзная распрацоўка. У мастацтве я зануда, нягледзячы на знешнюю экспрэсіўнасць.

— А што вы любіце рабіць у вольны ад працы час?

— Больш за ўсё люблю сядзець каля вогнішча і глядзець на неба. Пакуль я з Бярозаўкі не вярнулася ў Мінск, на неба ўвогуле не глядзела. Не было калі: жыццё актыўнае, працы шмат. А потым неяк зірнула — і ажно здзівілася!