Манхэтан у Беларусі

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

Да 7 кастрычніка ў беларусаў ёсць магчымасць далучыцца да ХХІ Манхэтанскага фестывалю кароткаметражнага кіно. У Брэсце, Віцебску, Гродне, Магілёве, Мазыры і Мінску праходзяць паказы дзевяці стужак — і гледачы становяцца членамі міжнароднага журы, адзначаючы ў бюлеценях найлепшы фільм і найлепшага выканаўцу галоўнай ролі.

Народнае галасаванне, што ахоплівае 300 гарадоў з усяго свету, — асаблівасць гэтага буйнага форуму, да якога Беларусь далучылася дзесяць гадоў таму. Пра сур’ёзнасць спаборніцтва сведчыць ужо сама колькасць дасланых сёлета стужак-канкурэнтаў, многія з якіх дагэтуль атрымалі безліч прэстыжных узнагарод. Дзявятка фіналістаў, якую прапануюць гледачам, была абрана з больш як паўтары тысячы заявак (дакладная лічба — 1565), дасланых з 73 краін.

Шорт-ліст атрымаўся зайздросны. Жанры, стылі, тэхнікі — самыя розныя. Але ўсе фільмы вылучаюцца актуальнай тэматыкай, яркімі нацыянальнымі рысамі і, разам з тым, агульначалавечай скіраванасцю. А таксама адметнай драматургіяй, нечаканымі паваротамі, уласцівай жанру “спрэсаванасцю” аповеду (за лічаныя хвіліны нам гавораць больш, чым часам за гадзіны), выбітнай аператарскай работай з цікава абранымі ракурсамі, мноствам іншых шыкоўных менавіта мастацкіх дэталяў. Многа іроніі, гумару ўсіх колераў — ад светлага да чорнага. Драмы б’юць у самае сэрца. І ў кожнай стужцы ёсць над чым задумацца.

“Галава ў мяшку” (Англія), “Хатні пакупнік” (ЗША) за абрысамі трылера (і трагікамедыі адначасова) хаваюць патаемныя куткі чалавечай псіхалогіі. Мульцік “Пажар у кардонным горадзе” (Новая Зеландыя) мяжуе з пародыяй на камп’ютарныя гульні, баявік і сямейны ігравы фільм. “Яна” (Косава) вырашана як драма з магчымым хэпі-эндам. Фільмы “Два незнаёмцы, якія сустракаюцца пяць разоў” (Вялікабрытанія), “Шушутаж” (Венгрыя), “Дзікун” (Канада) пры ўсёй рознасці жанраў, абраных сродкаў і выкліканых эмоцый вымушаюць быць абачлівымі ў сваіх словах і ўчынках. Антываенная драма “Хтосьці” (Германія), знятая паводле рэальнай гісторыі, дае новае разуменне гераізму — як адмовы ад помсты і забойства: “Хтосьці ж павінен быў пакласці канец гэтаму вар’яцтву”. Lacrimosa (Аўстрыя), прынцыпова знятая ў чорна-белым варыянце, з саліруючай пан-флейтай, скарае амаль імпрэсіянісцкай паэтыкай, надзвычай тонкім прасветлена філасофскім асэнсаваннем жыцця і смерці, што ўласціва хіба аднайменнай частцы моцартаўскага “Рэквіема”.

Такія эксклюзівы трэба бачыць! А ў панядзелак, зайшоўшы на сайт фестывалю, параўнуем свой выбар з вынікамі сусветнага глядацкага галасавання.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"