Калі “Буслы” прыляцяць

№ 40 (1375) 06.10.2018 - 13.10.2018 г

З балета “Ор і Ора” 2 кастрычніка пачалася фінальная частка Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Сёлета паказы намінантаў рэспубліканскага конкурсу будуць ісці цягам двух з паловай месяцаў. Імёны лаўрэатаў назавуць на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў 21 снежня.

/i/content/pi/cult/712/15571/teatr_premia_2__opt.jpegЯк паведаміла на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга, праз адборачнае сіта прайшло 48 спектакляў з 87 заяўленых (са спісам фіналістаў можна азнаёміцца ў “К” № 31).

— Сёлета мы павялічылі колькасць намінацый. Побач з дзяржаўнымі рэпертуарнымі тэатрамі грунтоўна прадстаўлены і прыватныя калектывы: Тэатр Геннадзя Гладкова “Тэрыторыя мюзікла”, Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”, Сучасны мастацкі тэатр, “ТрыТфармаТ”, Камерны драматычны тэатр. Гэта дазваляе пабачыць усю тэатральную палітру нашай краіны, — адзначыла Ірына Уладзіміраўна.

Па выніках конкурсу за найлепшы спектакль тэатры-пераможцы атрымаюць па 230 базавых велічынь. За індывідуальныя намінацыі абяцаюць па 40 базавых велічынь. Лёс прэміі вызначаць некалькі асобных каманд журы. Сярод суддзяў — рэжысёры, акцёры, сцэнографы, прадстаўнікі грамадскіх творчых арганізацый, выкладчыкі творчых дысцыплін, тэатразнаўцы, журналісты.

Журы секцыі музычных тэатраў узначаліла загадчык аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Антаніна Карпілава. Тэатраў лялек — загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Любоў Дзёмкіна. Эксперыментальных тэатраў — мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў. На чале секцыі тэатра драмы — драматург, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў, а генеральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі — старшыня журы ў намінацыях “Найлепшы спектакль па творы сучаснага беларускага аўтара” і “Найлепшы спектакль для дзяцей і юнацтва”.

— Намінацыя эксперыментальных тэатраў уведзена ўпершыню, мне і маім калегам давядзецца выпрацоўваць яе крытэрыі. Хацелася б мець нейкую фармуліроўку, што ж такое эксперыментальная пастаноўка, бо, мяркуючы нават па пададзеных заяўках, у кожнага з рэжысёраў свая расшыфроўка гэтага вызначэння, — выказаў сваё меркаванне Аляксандр Гарцуеў. — Тым не менш, спроба ўвесці гэтую намінацыю вельмі важная. Яна адлюстравала тэндэнцыю пабудовы спектакля на памежжы жанраў, якая ўзнікла ў айчынным тэатры.

Выканаўчай дырэкцыяй конкурсу ў чарговы раз абраны Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Менавіта на яго сцэне 21 снежня ўручаць тэатральных “Буслоў”. Рэжысёр цырымоніі закрыцця — Алена Ганум.

— Улічваючы фармат конкурсу, мы вырашылі надаць сцэнару тэатралізаваны кірунак, — патлумачыла спадарыня Ганум. — Вядучыя на працягу цырымоніі будуць шукаць адказ на пытанне, якімі сродкамі тэатр у час хуткіх зменаў і інфармацыйных тэхналогій здольны ўзрушыць сэрца гледача. У падрыхтоўцы мерапрыемства заняты народны мастак Беларусі Барыс Герлаван, галоўны мастак па святле Мікалай Суркоў, гукарэжысёр Павел Захаранка і ўвесь тэатр.

Сумесна з купалаўцамі святочную атмасферу будуць ствараць балетная трупа Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра пад кіраўніцтвам Вольгі Скварцовай, NaviBand, скрыпачка Маймуна, вядучы саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга саксафаніст Андрэй Кляшчоў, этна-гурт “Троіца”. Ідуць перамовы са слыннай гімнасткай Меліцінай Станютай.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"