Няма часу быць “зоркамі”

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Як становяцца лаўрэатамі Прэміі Саюзнай дзяржавы? Адказаць на такое пытанне практычна немагчыма. Але ж паспрабаваць прасачыць той шлях, які прайшлі двое з сёлетніх лаўрэатаў — Уладзімір Гасцюхін і Сяргей Арцыбашаў, — цалкам верагодна. Тым больш, што ў працэсе гэтай біяграфічнай “вандроўкі” можна адкрыць шмат цікавых момантаў, важных для разумення законаў станаўлення будучага мастака.

 /i/content/pi/cult/168/1557/Nyama chasu1.jpg

Уладзімір Гасцюхін.

…Выхадзец са Свярдлоўска Уладзімір Гасцюхін прайшоў выпрабаванне на вернасць мастацтву, пачаўшы свой тэатральны шлях з працы мэбельшчыкам-рэквізітарам у Цэнтральным акадэмічным тэатры Савецкай Арміі: шэсць гадоў “перастаўляў мэблю на спектаклях і чакаў свайго часу”. Той жа Свярдлоўск “прывёў” у тэатр і Сяргея Арцыбашава, навучэнца мясцовага політэхнікума, які на першую ж зэканомленую стыпендыю пайшоў у тэатр і сказаў: “Дайце мне білет на самы лепшы спектакль і на самае лепшае месца”. Перапытаўшы, ці ёсць у мяне грошы, мне выдалі самы дарагі білет. І калі адкрылася заслона і са сцэны на мяне павеяла пахамі клею, пап’е-машэ і ўсяго таго, што там устаялася, я зразумеў: гэта маё паветра, мой свет”.
Абодвум творцам вядомасць прынёс кінематограф. Гасцюхін дэбютаваў у кіно яшчэ на апошнім курсе ГИТИСа ў эпізодзе ў фільме Марлена Хуцыева “Быў месяц май”, першую значную ролю сыграў у “Хаджэнні па пакутах”, але для гледачоў як акцёр “пачаўся” са стужкі “Узыходжанне” рэжысёра Ларысы Шапіцька, дзе сыграў Рыбака. Потым было шмат разнапланавых кінароляў: Іван Батрак у стужцы “Вазьму твой боль”, іранічны маёр Мак-Набс у “Дзецях капітана Гранта”, атаман Платаў у “Ляўшы” і Мяжэнін у “Беразе”, магільшчык Верабей у “Ціхамірных могілках” і Васька Попел у стужцы “Без сонца”… На пачатку 90-х на экраны выйшаў фільм Мікіты Міхалкова “Урга — тэрыторыя кахання”, які атрымаў на Венецыянскім кінафестывалі “Залатога Льва”: у ім Гасцюхін сыграў шафёра Сяргея. А для сучасных тэлегледачоў галоўны гасцюхінскі “шафёр” — Пятровіч з “Дальнабойшчыкаў”, зробленых па універсальным тэлесерыяльным “стандарце”, але надзвычай славянскіх па сваім духу.
Сяргея Арцыбашава, хаця сам ён сцвярджае, што сур’ёзных кінароляў пакуль што не сыграў, гледачы пазнаюць і любяць па работах у стужках “Жорсткі раманс”, “Забытая мелодыя для флейты”, “Нябёсы абетаваныя”, “Шырлі-мырлі”, “ДМБ”. Апошняя буйная кінаработа акцёра — у фільме Мікіты Міхалкова “12”. Затое ў тэатры сярод персанажаў, створаных Арцыбашавым,— Гараднічы і Мальер, Пушкін і Вяршынін, Гамлет і Ленін. Безумоўна, Сяргей Арцыбашаў перадусім— рэжысёр, у “ведамстве” якога ажно два тэатры: камерны Тэатр на Пакроўцы і буйны, з багатымі тэатральнымі традыцыямі, Маскоўскі акадэмічны імя У.Маякоўскага. У рэжысёрскім “багажы” — больш за 50 спектакляў, сярод якіх “Тры сястры” А.Чэхава, “Месяц у вёсцы” І.Тургенева, “Рэвізор” М.Гогаля — у Тэатры на Пакроўцы, “Карамазавы” па Ф.Дастаеўскім і “Жаніцьба” М.Гогаля — у “Маякоўцы”. Дарэчы, гогалеўскую “Жаніцьбу”, але пастаўленую Арцыбашавым у Тэатры на Пакроўцы, беларускія гледачы маглі бачыць некалькі гадоў таму ў межах “Фестывалю фестываляў” у Мінску.
 /i/content/pi/cult/168/1557/Nyama chasu2.jpg

Сяргей Арцыбашаў.


Дарэчы, у 90-я гады да рэжысуры прыйшоў і Уладзімір Гасцюхін. У кінематографе — гэта яго “Батанічны сад”, у мінскім Тэатры-студыі кінаакцёра — “Міленькі ты мой” па п’есе М.Варфаламеева, дзе сам Гасцюхін сыграў і ролю Раздзяваева. І апошняя веснавая прэм’ера гэтага года — спектакль “Механічны чалавек”. Звычайны чалавек, просты, пазнавальны, такі ж самы, як і кожны глядач, — такія героі Гасцюхіна, і менавіта гэткая прыродная прастата яго персанажаў становіцца іх самай галоўнай вартасцю.
Але, разважаючы пра творчую “універсальнасць” і Уладзіміра Гасцюхіна, і Сяргея Арцыбашава, становіцца відавочным, што палягае яна не ў плоскасці гіпертрафіраваных амбіцый, а ў іх надзвычайнай працаздольнасці, ва ўменні ўсяго сябе цалкам аддаваць працы, служэнню мастацтву. І з вышыні ўласнага прафесійнага і творчага “палёту” размаўляць са сваімі гледачамі на роўных, застаючыся пры гэтым аднымі з іх. Здаецца, што і аднаму, і другому проста няма часу быць “зоркамі”.
Разважаючы пра сваіх кінагерояў, Уладзімір Гасцюхін кажа: “… Мне абрыдзеў той бруд, які называецца сучаснай эстэтыкай. Мае героі будуць любіць і ненавідзець тое, што люблю і ненавіджу я, а я ніколі не пераступлю гэтай забароненай мяжы”.
Глыбінная маральная адказнасць мастака за тое, што ён нясе ў сваіх спектаклях са сцэны, — пра гэта гаворыць і Сяргей Арцыбашаў: “Я пераканаўся, пераконваюся і стараюся трымацца таго, што тэатр дапамагае людзям жыць, ён ім неабходны. І ўсведамленне гэтага падтрымлівае мяне ў маім адчаі, дэпрэсіях, калі ўжо няма сілы працаваць і думаеш пра адпачынак. Яно нагадвае мне пра маё прызванне і мой абавязак. Перакананы, што пастаўлены я на гэтае месца, каб чымсьці дапамагчы людзям. На сваёй практыцы я меў магчымасць пераканацца, як акт мастацтва — спектакль — можа змяніць чалавечае жыццё.
Я бачыў, як людзі, гатовыя развітацца з жыццём, пасля спектакля кардынальна мянялі свае адносіны да яго і станавіліся шчаслівымі. Усведамленне гэтага мяне саграе, надае сілы і ўпэўненасці ў тым, што, магчыма, я сваімі спектаклямі дару людзям нейкую надзею, даю урок, радасць альбо глыток кіслароду”.

Таццяна КОМАНАВА