Што куплялі на савецкую траячку?

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

На міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, які ладзіўся мінулай суботай у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, на дваіх ганаровых палешукоў стала болей. Гэтае званне атрымалі кіраўнік заслужанага калектыву “Выцінанка” Пётр Астапчук і байдарыст, алімпійскі чэмпіён Раман Петрушэнка, які нарадзіўся ў Калінкавічах.

/i/content/pi/cult/711/15566/22.JPG

Пра аднаго з гэтых герояў нам распавёў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Васіль Заруба. Аказваецца, кіраўнік “Выцінанкі” працуе ў гарадскім доме культуры ажно з 1977 года! У 1981-м прыдумаў калектыў, які стаў легендарным. У яго рэпертуары ў асноўным — мясцовы музычны фальклор.

Чаму менавіта “Выцінанка”? Бо менавіта яе нагадваюць мудрагелістыя карункі мелодый ансамбля, які славіцца тонкай прапрацоўкай усіх нюансаў. Справа ў тым, што Пётр Астапчук — не толькі таленавіты кампазітар, але і адмысловы аранжыроўшчык. Да ўсяго, ён займаецца яшчэ і пастаноўкамі палескіх абрадаў. Словам, “Выцінанцы” заўжды ёсць што паказаць дый на ўздым яна лёгкая: паспела пабываць з гастролямі ў Літве, Швецыі, Германіі, Італіі, Украіне, Алжыры, Францыі, Казахстане, Расіі.

Карацей кажучы, Пётр Астапчук — сапраўдны паляшук: артыстычны, упэўнены, таленавіты ў любой праяве ўласнай дзейнасці. Ніхто не сумняецца, што ганаровае званне ён атрымаў заслужана.

А вось што нам піша метадыст бібліятэчнага маркетынгу Смаргонскай раённай бібліятэкі Аксана Мамай: “Мы правялі ў раёне конкурс “Літаратурнае меню для бібліягурмана”. Хацелі выявіць новыя ідэі, нетрадыцыйныя формы і метады бібліятэчнай работы і пры дапамозе кніг пазнаёміць чытачоў з рэцэптамі нацыянальных, старажытных і сучасных, страў. І не толькі з рэцэптамі, але і з прыгатаванымі далікатэсамі. Самыя руплівыя і крэатыўныя бібліятэкары былі ўзнагароджаны. Першынства было за супрацоўнікамі філіяла гарадской дзіцячай установы. Яны нават прапанавалі цэлае меню для кавярні “Казка” і навучылі варыць кашу з сякеры. Другое месца — за філіялам гарадской бібліятэкі № 3. Тут падрыхтавалі Карту він і электронную прэзентацыю паводле твораў, дзе згадваліся гэтыя напоі. Філіял гарадской бібліятэкі № 2 заняў трэцяе месца за “смачную” прэзентацыю кнігі беларускага гісторыка, археолага, краязнаўцы Канстанціна Тышкевіча “Вілія і яе берагі”. Прыз глядацкіх сімпатый прысуджаны Смаргонскай райбібліятэцы за інсцэніроўку байкі Івана Крылова “Дзям’янава юшка”.

Грыбное свята прайшло ў Крэйванцах Ашмянскага раёна. Аліна Санюк піша, што на фэсце можна было пакаштаваць салянку, піражкі і бліны з грыбамі.

Іўеўскі раён — не менш грыбны. Загадчык аддзела народнай творчасці мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель распавяла, што ў гарадскім пасёлку Юрацішкі праведзена свята “Грыбная феерыя”. Яго апагеем стаў раённы конкурс “Грыбны парад”. Канкурсанты дэманстравалі грыбныя карнавальныя касцюмы, афармлялі кошыкі грыбнікоў, частавалі гасцей стравамі з лясных дароў. З канцэртнымі праграмамі выступілі і суседзі: творчыя калектывы Карэліцкага і Воранаўскага раёнаў.

На Карэліччыне ўжо паспелі адзначыць і свята хлеба. Супрацоўнік аддзела метадычнай работы мясцовага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вікторыя Касцюк паведаміла: “Мерапрыемства “Цар-хлеб” арганізавалі ў Малюшычах. Можна было пачаставацца пірагамі, сушкамі, чаем з самавара. Найлепшы хлебны каравай спякла Вольга Кузьміч. Аўтарам самага смачнага кулінарнага вырабу стала Наталля Гіз”.

Ёсць на Ашмяншчыне аграгарадок Кракоўка, дзе ў клубнай установе мастацкім кіраўніком працуе Святлана Ганусевіч. Яна і распавяла пра рэтра-вечарынку “Наперад у вясёлае мінулае”, прысвечаную вялікай музычнай (і не толькі) эпосе 1960 — 1990-х. Арганізатары імпрэзы імкнуліся давесці, што настальгія — не хвароба. Адным з самых цікавых момантаў вечарынкі, па меркаванні аўтара, стала бліц-апытанне “Што можна было купіць у 1980-я, калі ў кішэні — 3 рублі?” Асабіста я памятаю, што за гэтую суму ты мог дабрацца з Гомеля да Рыгі, і заўважце — у мяккім купэ… Папулярнасцю карыстаўся і конкурс “Адгадай фільм”. Цяжка ўявіць, што лепшым гайдаеўскім камедыям — паўвека і больш, бо глядзяцца яны па-ранейшаму “на ўра!” Нямала ўвагі прыцягнула і выстава музычнай апаратуры “вельмі мінулых” гадоў, экспанаты для якой не пашкадаваў Валерый Пячкоўскі — мясцовы музыкант, які зарабляў у свой час на арганізацыі вяселляў.

Мы шмат разоў пісалі пра бібліякараван з Мастоўшчыны. Гэтым разам ён рушыў у вандроўку пад дэвізам “Кнігі будуюць Масты”. Маршрут праклала мясцовая раённая бібліятэка. Пра этапы кніжнага шляху нам паведаміла метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу згаданай установы Вольга Коршун: “На “Востраве “Фарбы” чытачоў чакала сустрэча з мастаком Аляксеем Багуставым, прафесарам Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы (у Мастах Аляксей Паўлавіч калісьці працаваў выкладчыкам, а потым — дырэктарам ДШМ). Потым быў “Праліў “Літара”. Тут адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Выдавецкага дома “Звязда”, якім кіруе наш зямляк Павел Сухарукаў. На сустрэчу прыехалі таксама пісьменнікі Уладзімір Мазго, Алена Мальчэўская, Дзмітрый Шулюк. У “Бухце “Таленты” ўсіх чакаў вечар паэзіі. Вандроўка завяршылася на “Выспе “Бібліятэка”. Тут адбылася прэзентацыя падворкаў “Штурманы кніжных мораў”. Гудзевіцкая сельская бібліятэка — цэнтр нацыянальнай культуры і Стралецкая сельская бібліятэка прапанавалі сустрэчу з героямі казкі Аляксея Талстога “Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна”. Пескаўская і Струбніцкая сельскія бібліятэкі пазнаёмілі гасцей з гісторыяй узнікнення традыцыйнай беларускай цацкі. Дзед Міхед і бабуля Гануля паказалі саламяных конікаў, дрэвы-свістулькі, лялькі з тканіны, саломы, дрэва і паперы, саламянага павука, дамавіка з беларускага лёну, а таксама распавялі пра іх значэнне ды выкарыстанне ў сямейных і каляндарных абрадах. На астатніх падворках частавалі нацыянальнымі стравамі, прапаноўвалі кніжныя выставы і квэст-прыгоды”. Цудоўны прыклад паўнацэннага праекта, абмежаванага сценамі адной установы культуры пры ўдзеле літаральна ўсіх бібліятэк раёна! У дадзеным выпадку гэта — магутная крэатыўная сіла. Не магу не схіліць галаву перад такой маштабнасцю.

Вы любіце прайсціся на хадулях? Калі так, трэба выпраўляцца ў Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў. Пра тамтэйшы — і таксама буйны — праект “Свае” я пісаў у папярэднім нумары “К”. А цяпер кіраўнік згаданай установы Маргарыта Саланевіч анансуе толькі адзін складнік “Сваіх” — раённае свята народнай творчасці і рамёстваў “Багач”. Мерапрыемства прымеркавана да Года малой радзімы. Мэта — падтрымка, актуалізацыя і папулярызацыя нашай рэгіянальнай і лакальнай традыцыйнай спадчыны. Маргарыта Саланевіч пераканана: “Менавіта ад нас залежыць захаванне ўнікальнага асяроддзя традыцыйнай культуры, якая з’яўляецца нацыянальным набыткам, даўно страчаным многімі еўрапейскімі народамі з-за наступу навукова-тэхнічнага прагрэсу. Традыцыйная народная творчасць — не толькі гістарычны скарб, але і жывая з’ява сённяшніх дзён. Ёй можна ганарыцца, але неабходна і прымаць меры па яе адраджэнні і зберажэнні”.

Свята адбудзецца сёння. На яго запрашаюцца дзіцячыя і дарослыя фальклорныя калектывы, асобныя выканаўцы народнай музыкі і танцаў, майстры народнай творчасці. Асноўная дзея — абрад Багач, прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю (“у кожнага ўсяго багата”) і да першага запальвання хатняга агменю — васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць цягам года.

Лічыцца, што яна прыносіць у дом багацце і шчасце. Чаго і вам зычу.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"