Рэчыцкія вытокі

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

Зразумела, мацней за ўсё культурнае жыццё віруе ў буйных гарадах. Але і на перыферыі, дзе плынь жыцця куды больш няспешная, часам здараюцца сапраўдныя мастацкія выбухі, з аглядкай на якія даводзіцца існаваць усёй краіне. Такім месцам надзвычайнай творчай сілы даўно лічыцца Рэчыца. З палотнамі выдатных выхадцаў з гэтага краю можна пазнаёміцца на выставе “Рэчыцкае Адраджэнне. Праз 12 гадоў”, якая праходзіць у Музеі гісторыі горада Гомеля.

/i/content/pi/cult/711/15563/17.JPGУ сярэдзіне 2000-х з’явіўся культурна-дабрачынны фонд “Рэчыцкае Адраджэнне”, дзейнасць якога скіравана на падтрымку ўнікальнай “культурнай выспы”. 12 гадоў таму фонд ініцыяваў правядзенне ў Паляўнічым доміку Гомельскага палацава-паркавага ансамбля выставы “Рэальнае і ірэальнае ў творах /i/content/pi/cult/711/15563/18.JPGрэчыцкіх мастакоў”.

За прамінулы з той пары час Паляўнічы домік ператварыўся ў асобную установу — Музей гісторыі горада Гомеля (падрабязней пра яе — у наступных нумарах “К”). Яго супрацоўнікі ніколі не выпускалі з поля зроку рэчыцкіх творцаў, чые палотны паўплывалі на мастацкія працэсы ва ўсёй краіне. Яны падтрымліваюць сувязь з заснавальнікам і нязменным старшынёй культурна-дабрачыннага фонду Уладзімірам Пшэнцавым. Урэшце такое непарыўнае супрацоўніцтва вылілася ў заканамерны вынік: гамяльчане ізноў могуць ацаніць разнастайныя ў жанравым і стылявым вырашэнні работы, чые аўтары родам з Рэчыцы.

— Мне падаецца, гэты горад для Гомельскай вобласці мае тое ж значэнне, што і Віцебск для ўсёй Беларусі. Я не ведаю ніводнага такога райцэнтра ў нашым краі, дзе б было сканцэнтравана столькі талентаў, — падсумоўвае дырэктар музея Юлія Купрэева. — Пачатак усплёску сучаснага мастацкага кірунку паклаў знакаміты Аляксандр Ісачоў. І ў Рэчыцы з’явілася цэлая плеяда яго паслядоўнікаў. Вельмі ўзрушвае, што ў горадзе не толькі шануюць памяць пра славутага зямляка, але і падтрымліваюць многіх маладых сучасных мастакоў.

На выставе можна пабачыць работы пяці выхадцаў з Рэчыцкага краю. Гэта містычныя карціны і адметныя карыкатуры Васіля Пачыцкага — мастака і лідара гурта “Перабор”, імя якога даўно на слыху ў прыхільнікаў айчыннага андэрграўнда. Побач размешчаны творы мастака-самавука Валерыя Бандарчука, які, на жаль, пайшоў ужо з жыцця. Вылучаюцца сваёй лірычнасцю палотны Дзмітрыя Атаманчука, чыім улюбёным жанрам з’яўляецца пейзаж — так натхняюць яго краявіды малой радзімы.

Уладзіміра Гурскага шануюць не толькі ў родных для яго мясцінах, але і ў Германіі, дзе ён доўгі час працаваў. Да слова, атрыманы ганарар за адну з выстаў у Германіі спадар Гурскі цалкам пералічыў на лячэнне дзяцей з Чарнобыльскай зоны. А Яўген Шаціхін стаў першым беларускім мастаком, які прадставіў Беларусь на такім прэстыжным форуме, як Міжнародная выстава сучаснага мастацтва ў Фларэнцыі. Сёння мастак жыве на дзве краіны — Беларусь і Кітай, але натхненнем працягвае жывіцца найперш ад рэчыцкіх вытокаў.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"