Аркестр як паказальнік культуры нацыі і дружбы народаў

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Для народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла ФІНБЕРГА ХVІІ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” — з’ява шмат у чым знакавая. Сёлета маэстра не толькі, як заўсёды, апякуе канкурсантаў (адно з іх выступленняў, як вядома, праходзіць у суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, арганізатарам і нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Фінберг), не толькі, паводле традыцыі, дае сольны канцэрт свайго калектыву з запрашэннем замежных зорак, але і атрымлівае ва ўрачыстай абстаноўцы Прэмію Саюзнай дзяржавы.

 /i/content/pi/cult/168/1556/Finberg.jpg
— Я ўдзячны кіраўніцтву Саюзнай дзяржавы, што мая дзейнасць атрымала высокую адзнаку. Гэтая ўзнагарода да многага абавязвае, і я буду рабіць усё магчымае для далейшага развіцця культуры. Для мяне вельмі важна, што Прэмія ахоплівае два складнікі, два напрамкі працы нашага калектыву. З аднаго боку, гэта 38 праграм у Маскве, ледзь не пастаянны ўдзел у цырымоніі закладання зорак перад Канцэртнай залай “Расія” …

— …Ёсць сярод тых зорак і ваша імянная — як знак замежнага прызнання вашай творчасці.

— А яшчэ — Уладзіміра Мулявіна, геніяльнага Песняра зямлі беларускай. Мы праводзілі сольныя вечары Андрэя Пятрова, Аляксандры Пахмутавай, Юрыя Антонава, Максіма Дунаеўскага, Аляксандра Зацэпіна, Давіда Тухманава, Леаніда Дзербянёва, Льва Лешчанкі, Філіпа Кіркорава і многіх-многіх іншых. Невыпадкова наш калектыў быў запрошаны на святкаванне 850-годдзя Масквы — ці ж гэта не пачэсна? Вяртаючыся да складнікаў Прэміі Саюзнай дзяржавы, хачу зазначыць, што яна ахоплівае наш унёсак не толькі ў расійскую культуру, але і ва ўмацаванне шчырай дружбы і сяброўства паміж народамі, якое мае глыбінныя гістарычныя карані. Прэмія гэтая і за тое, што сваім высокім прафесіяналізмам нашы аркестранты ўслаўляюць Беларусь за яе межамі, а таксама за наш унёсак у развіццё нацыянальнай культуры краіны. Гэтым вектарам дзейнасці нашага аркестра я ганаруся асабліва і не збіраюся з такой дарогі збочваць. Бо гэта — 26 вечароў беларускіх паэтаў, 31 — нашых кампазітараў. Гэта — 79 фестываляў у малых гарадах Беларусі.

— Вы ж праводзілі іх менавіта на перыферыі — у гістарычна знакавых населеных пунктах, тым самым вяртаючы ім былую славу культурных цэнтраў: Нясвіж, Заслаўе, Тураў, Мсціслаў... Вы першым пачалі праводзіць такія акцыі ля сцен Мірскага замка...

— Адразу пасля “Славянскага базару ў Віцебску” мы праводзім 80-ты фестываль: у горадзе Іванаве, што на Брэстчыне.

— Чарговая “Гасцёўня Напалеона Орды”?

— Так, гэтая назва ўжо замацавалася. Дзякуючы ёй, спадзяюся, ніхто не будзе задумвацца, а дзе ж нарадзіўся наш знакаміты мастак і кампазітар. Адметнасцю сёлетняй “Гасцёўні…” стане тое, што фестываль, да ўсяго, прысвечаны 585-годдзю горада Іванава. Таму ў яго праграме не толькі навукова-асветніцкія чытанні (дарэчы, у іх актыўна бяруць удзел брэсцкія навукоўцы і творцы), не толькі праграма “Напалеон Орда ў сусветнай музычнай прасторы”, але і творчая сустрэча з кампазітарам Эдуардам Зарыцкім, “Джазавая мазаіка”, а таксама вялікі эстрадна-песенны канцэрт. “Распісаны” ў нас і наступны канцэртны сезон. У ім плануюцца вечары да 125-годдзя з дня нараджэння Адама Русака, 80-годдзя — Яўгена Глебава, 90-годдзя — Уладзіміра Алоўнікава, 25-годдзя з дня смерці Аркадзя Куляшова. Завяршылася падрыхтоўка праграмы да 100-годдзя з дня смерці Мечыслава Карловіча. Упершыню ў нас прагучыць яго Скрыпічны канцэрт (саліраваць будзе, вядома, лаўрэат міжнародных конкурсаў Арцём Шышкоў, які працуе ў нашым калектыве), будуць выкананы пералажэнні “Літоўскай рапсодыі”, сімфанічных паэм (у тым ліку “Адвечнай песні”), рамансаў кампазітара. Усё гэта складзе фестывальную праграму “Заслаўя-2009”. А яшчэ — 140-годдзе з дня нараджэння Мікалая Чуркіна, якое мы адзначым у Мсціславе , 190-годдзе — Станіслава Манюшкі і Фларыяна Міладоўскага. Традыцыйны джазавы фестываль, што праводзім у Мінску, пройдзе пад знакам 70-годдзя беларускага джаза.
Не забудземся і на другі фестываль “Шлягер на ўсе часы” — з чатырох адметных праграм. Асобным канцэртам адзначым 80-годдзе беларускага кіно.
Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне: ён павінен набыць новы фармат, але, на мой погляд, абавязкова застацца беларускамоўным і высокапрафесійным. Захоўваць нацыянальную спадчыну — гэта вельмі важная і адказная справа.

— Вы назвалі так многа юбілейных дат, але забыліся, мабыць, яшчэ на адну — 20-годдзе выступленняў вашага аркестра ў фестывальным Віцебску?

— Не забыўся. Бо менавіта з гэтай нагоды наш сёлетні канцэрт на “Славянскім базары” названы “Усе кветкі ліпеня” — як і аднайменная песня Леаніда Захлеўнага на словы Алега Жукава. А ўпершыню гэтая песня прагучала менавіта 20 гадоў таму, у Віцебску, на Першым фестывалі польскай песні. І спявала яе з нашым аркестрам Ларыса Доліна.

—Ужо ходзяць чуткі, што адметнасцю вашага канцэрта на “Славянскім базары ў Віцебску” стане гэткае беларуска-рускамоўнае перакрыжаванне: маўляў, расійскія спевакі будуць выконваць у ім беларускія песні, а нашы салісты — расійскія...

— Усё так. Мая мэта — паказаць як мага шырэй сучаснае беларускае і расійскае мастацтва, прычым усё — “жыўцом”, без аніякіх фанаграм, ды яшчэ — у прамым эфіры. Удзельнічаюць у праграме, зразумела, і іншыя лаўрэаты Прэміі Саюзнай дзяржавы — Аляксей Дудараў, Уладзімір Гасцюхін, будзе гучаць музыка Аляксандры Пахмутавай. Канцэрт будзе вылучацца таксама сумяшчэннем розных жанраў і стылёвых кірункаў. З нашым аркестрам выступяць такія расійскія гурты, як “Чэлсі”, “Дынаміт”, “Сцэнакардыя”. У канцэрце ўсё канцэптуальна выверана, няма ніякіх “выпадковых” імёнаў ці твораў. Тая ж “Сцэнакардыя” выступае не проста з-за сваёй папулярнасці: яе лідэр — беларус, гамяльчанін Давід Галашчокін, які, да ўсяго, будзе мець і асобнае джазавае выступленне ў горадзе, запрошаны ўдзельнічаць у нашым канцэрце, найперш таму, што працаваў калісьці з Эдзі Рознерам, чый аркестр 70 гадоў таму заклаў традыцыі беларускага джаза. Усе 20 гадоў мы супрацоўнічаем з Тамарай Гвердцытэлі, якую таксама запрасілі ў гэтую праграму. Сыграе з намі і кампазітар Максім Дунаеўскі — не толькі таму, што мы даўно з ім супрацоўнічаем, а яшчэ і таму, што ягоны бацька Ісаак Дунаеўскі пісаў у свой час музыку да беларускіх кінафільмаў. І так — з кожным артыстам, з кожным творам. Сімвалічны таксама пачатак канцэрта, у якім мы адразу акрэслім дзве сталіцы— Маскву і Мінск: прагучыць знакамітая песня Андрэя Пятрова “Я шагаю по Москве”, а ёй “у адказ” — “Песня пра Мінск” Уладзіміра Алоўнікава... Мая запаветная мара — Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў, пераможцы якога будуць мець такую ж папулярнасць, як нашы ўдзельнікі “Еўрабачання” ці расійскіх тэлепраектаў.

— Вы былі ініцыятарам таго, каб конкурс “Славянскага базару ў Віцебску” праводзіўся ў суправаджэнні аркестра. І гэта адразу надало яму высокі прафесійны ўзровень, узняло яго міжнародную вагу.

— Лічу, праходзіць з аркестрам павінен не адзін конкурсны дзень. Бо аркестр — гэта яшчэ і паказчык узроўню культуры нацыі. У нашай краіне добрая выканальніцкая школа, і аркестр напоўніцу дэманструе яе здабыткі.
У пасляперабудоўчы перыяд, калі многія творчыя калектывы былі вымушаны прыпыніць ці нават спыніць сваю дзейнасць, наш аркестр, на той час толькі-толькі створаны, быў захаваны, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Не распаліся і іншыя буйныя калектывы, што сведчыць пра ўвагу краіны да сваёй культуры, пра разуменне на высокім дзяржаўным узроўні ўсёй значнасці культуры і мастацтва. Такое стаўленне трэба цаніць і не забывацца на свае карані. Хто ж будзе дбаць пра развіццё айчыннай культуры, як не мы самі? Хто, як не мы, павінен папулярызаваць нацыянальныя мастацкія здабыткі?
Я веру, што настане дзень, калі гэта стане аксіёмай абсалютна для кожнага.

А я хачу правесці такі канцэрт, на якім усе беларусы будуць плакаць ад шчасця…

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА