След Коласа на Куршчыне

№ 39 (1374) 29.09.2018 - 06.10.2018 г

Мясцін, дзе ўшанавана імя Коласа, не так даўно паболела. У расійскім горадзе Абаянь адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прымеркаванае да 100-годдзя пачатку педагагічнай дзейнасці Якуба Коласа на Куршчыне. Памятны знак, створаны народным мастаком Беларусі Іванам Міско, размешчаны на будынку Упраўлення адукацыі Абаянскага раёна Курскай вобласці. А ў мясцовым краязнаўчым музеі была прэзентавалі часовую экспазіцыю “Сымон-музыка”.

/i/content/pi/cult/711/15555/3.JPGЯкуб Колас патрапіў у Абаянь у 1917 годзе, атрымаўшы ў войску адпачынак па стане здароўя. У тым гарадку ўжо жыла пасля эвакуацыі яго сям’я. У пачатку 1918 года паэт звярнуўся ў павятовы аддзел народнай адукацыі з просьбай аб прызначэнні на работу ў школу — і неўзабаве стаў вясковым настаўнікам. Ён дасягнуў у гэтай справе немалых поспехаў: стварыў пункт ліквідацыі непісьменнасці, арганізаваў хату-чытальню. У лютым 1920 года Коласа прызначылі раз’язным школьным інструктарам Альшанскай і Перасыпскай воласцей. У яго абавязкі ўваходзіў кантроль работы ў 25 школах. А ўжо ў маі 1921 года паэт выехаў у вызвалены ад палякаў Мінск.

Падчас курскага перыяду Пясняр напісаў каля 20 вершаў, два апавяданні з цыкла “Казкі жыцця”, некалькі замалёвак для дзяцей, нарысы, нататкі “З румынскага фронту”. Працягвалася і праца над паэмай “Новая зямля”. Дарэчы, сёлета ў яе таксама юбілей — 95 гадоў першаму выданню. Да ўсяго, за час, праведзены ў Расіі, Якуб Колас знайшоў сюжэты для шматлікіх твораў, напісаных ужо пасля вяртання ў Мінск.

Памяць пра Якуба Коласа жыве на Куршчыне і сёння. У Малых Круках захаваўся будынак школы, дзе настаўнічаў Канстанцін Міцкевіч. Жыхары вёскі сабралі ўнікальныя матэрыялы пра яго дзейнасць у іх мясцінах.

Алена ЯРОСЬ,
навуковы супрацоўнік
Дзяржаўнага літаратурна-
мемарыяльнага музея Якуба Коласа