І на Міжнародным быць народным

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Не абмінае “Славянскі базар у Віцебску” і Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”. Якім бачыцца мастацкаму кіраўніку калектыву Вячаславу ШАРАПАВУ Міжнародны фестываль, запытаўся карэспандэнт “К”.

 /i/content/pi/cult/168/1555/Pesnyary.jpg
— Удзельнічаем мы, па традыцыі, у канцэрце, прымеркаваным да ўрачыстага адкрыцця “Славянскага базару”, і на Дні Беларусі. Гэты фестываль — найбуйнейшае свята ўсяго славянскага мастацтва. Для нас гэта і дадатковая адказнасць, і хваляванне, але паколькі мы ўжо не адзін раз удзельнічалі ў ім, то для “Песняроў” гэта яшчэ і магчымасць пабачыцца з даўнімі сябрамі-калегамі.
9 мая мы выступалі ў Летнім амфітэатры з сольным канцэртам, і спадзяёмся, што віцебская публіка прыме нас гэтак жа горача, як пад час яго. Песні мы будзем спяваць ужо даўно вядомыя — паводле ўмоў нашага ўдзелу. Але такі фестываль, буйны, міжнародны, мне падаецца, — якраз тое месца, дзе можна паказаць свае новыя работы, працэс развіцця калектыву. Сапраўдны інтарэс да фестывалю адчуваюць прафесійныя музыканты і слухачы з густам, а менавіта ім патрэбна назіраць за зменамі, якія адбываюцца з творцамі.
Да ўсяго, калі мы ўбачым шмат новых маладых, прывабных, таленавітых выканаўцаў, значыць, фестываль развіваецца.
Хацелася б спыніцца на вызначэнні асобы артыста на “Славянскім базары”. Няма сэнсу пераймаць нам тыя модныя павевы, той “сэканд-хэнд”, які юныя спевакі найперш і бяруць на Захадзе. Новае тэхнічнае абсталяванне, відовішчы, шоу — вось у гэтай справе без сучаснага падыходу, замежных прыкладаў не абысціся. Да гонару арганізатараў, яны спраўляюцца з гэтым добра. Мы ж абавязаны рабіць гэтае свята сапраўды нацыянальным і паказваць свае лепшыя самабытныя праекты. Некаторыя песні ўжо проста набілі аскоміну. А ў нашай жа культуры так шмат непаказаных, нераскрытых музычных знаходак! Іх хопіць, каб абнавіць увесь рэпертуар, ды і склад беларускіх выступоўцаў на форуме, прапанаваўшы ўвесь гэты музычны скарб узамен “папсе”. Павінны быць крокі наперад, у невядомае, хоць гэта і цяжка.
І яшчэ. Не можам мы губляць свае, уласна беларускія прыкметы, такія, як мова, музычныя інструменты, нацыянальныя элементы ў строях. Не абавязкова надзяваць дзяўчатам наміткі і фартухі, можна прыдумаць сучасныя вытанчаныя строі, але з нашай сімволікай, каб яны гаварылі за гэты народ і за гэтую краіну. Прыкласці намаганні — і фестываль, такі дарагі асабіста для “Песняроў”, будзе выглядаць бездакорна.

На здымку: “Песняры” і Надзея Кадышава.