Мелодыя эталоннага інструмента

№ 38 (1373) 22.09.2018 - 30.09.2018 г

Скрыпка ручной работы, “баян-аркестр”, які не патрабуе дротавага падключэння, выдатныя па сваім гуку балалайкі і домры… І ўсё гэта — “Зроблена ў Беларусі”! Музычныя інструменты, прадэманстраваныя 18 верасня Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку, сведчаць пра тое, што айчынныя майстры могуць сваімі сіламі вырашыць тую праблему, якая некаторым песімістам здавалася ўжо вечнай.

/i/content/pi/cult/710/15536/1.JPGФота Юрыя ІВАНОВА

Але апошнім часам у гэтым пытанні з’явіліся прыкметныя зрухі да лепшага. Дзякуючы Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады многія школы мастацтваў пачалі закупляць новыя баяны, акардэоны і нават піяніна. Але бадай самым важным “паваротным пунктам” у вырашэнні праблемы стала сустрэча Кіраўніка дзяржавы з таленавітай моладдзю, якая адбылася 20 сакавіка. У той дзень Аляксандрам Лукашэнкам была пастаўлена задача наладзіць рамонт музычных інструментаў і аднавіць іх вытворчасць у Беларусі. І зрухі не прымусілі сябе /i/content/pi/cult/710/15536/2.JPGчакаць.

Задача для прафесіянала

Кіраўнік дзяржавы ўважліва азнаёміўся з інструментам, які вырабіў сваімі рукамі дэкан факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Сурба.

У яго прафесійных здольнасцях журналісты “К” маглі пераканацца падчас сёлетняга наведвання музея БДУКіМ. Тады яшчэ проста выкладчык Аляксандр Сурба дэманстраваў нам скрыпкі, дуды і многія іншыя беларускія інструменты. Распавядаў пра сваю працу, якой займаецца амаль дзесяць гадоў — з сапраўдным імпэтам і захапленнем прафесіянала.

Як адзначыў “К” дэкан факультэта, падчас згаданай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з таленавітай моладдзю ў фае Маладзёжнага тэатра працавала выстава, якая знаёміла з дасягненнямі маладых творцаў. На адным з яе стэндаў былі прадстаўлены інструменты Аляксандра Сурбы. Кіраўніка дзяржавы яны вельмі зацікавілі.

— Менавіта тады я атрымаў свайго роду задачу ад Прэзідэнта: паспрабаваць вырабіць сваю скрыпку, раўняючыся на эталон смычковых — скрыпку Гварнеры, — кажа спадар Сурба. — Падобнай прапановы, прызнаюся, проста не чакаў. Але не спалохаўся. На пэўны час “закапаўся” ў кнігі, у дакументальныя фільмы, ездзіў у камандзіроўкі, раіўся з больш дасведчанымі майстрамі. Здаецца, вынік атрымаўся неблагі.

Неблагі вынік — гэта зробленая за паўтары месяцы скрыпка ручной работы, аснову якой складаюць карпацкі клён і паўночнарасійская елка. Дарэчы, інструмент ужо прайшоў музычны “тэст-драйв” у прафесійных колах. Ацэнкі — вышэй за сярэдні ўзровень. Карацей кажучы, патэнцыял — навідавоку!

У Беларусі такую скрыпку могуць вырабіць толькі тры — чатыры майстры. Задаволіць агульны попыт яны пакуль не здатныя: як было заяўлена на мерапрыемстве з удзелам Прэзідэнта Беларусі, музычныя і адукацыйныя ўстановы краіны на сёння маюць патрэбу ў 147 падобных інструментах.

— Далей мы будзем рыхтаваць метадычную глебу, шукаць пляцоўку, рыхтаваць добрых майстроў, каб працаваць разам, а не паасобку — бо, як кажуць, адзін у полі не воін, — перакананы Аляксандр Сурба. — Спадзяюся, у нас атрымаецца наладзіць вытворчасць струнных інструментаў у Беларусі на належным узроўні. Прынамсі, пачатак гэтай работы — ужо перад вачыма.

Пінскі кластар

Да нядаўняга часу ў Беларусі не было таксама вытворчасці балалаек і домраў. Цяпер іх робіць у Пінску майстар Руслан Макарэвіч. Пакуль выпускае каля дзесяці інструментаў у год, але аб’ёмы, паводле яго слоў, могуць дасягнуць 100 адзінак. Прэзідэнт даручыў пасадзейнічаць майстру ў арганізацыі вытворчасці, пры неабходнасці прадаставіўшы яму дадатковыя плошчы за сродкі мясцовага бюджэту.

Кіраўнік дзяржавы параіў умельцу ствараць сваю школу, прыцягваючы да справы вытворчасці столькі чалавек, колькі трэба. І адзначыў, што падчас наступнага наведвання Пінска абавязкова пацікавіцца, як развіваецца справа.

Так што ў хуткім часе ў сталіцы Беларускага Палесся можа паўстаць цэлы вытворчы кластар па вырабе музычных інструментаў. І гэта невыпадкова, бо пра патэнцыял мясцовых струнных майстроў “К” таксама неаднаразова пісала — згадваючы, напрыклад, педагога Пінскай музычнай школы № 1 Юрыя Дубнавіцкага. Ён ужо гадоў пятнаццаць робіць унікальныя лютні, на базе школы заснаваў музычны гурток, дзе навучаюць граць на гэтым інструменце, стварыў ансамбль старадаўняй музыкі “Сальтарэла”, які на сёння з’яўляецца адной з візітовак Пінска.

Wi-Fi? Не, нават лепей!

Аляксандру Лукашэнку паказалі таксама і беларускія баяны “Зонта”, якія вырабляюць у Маладзечне. Сярод іх быў і ўнікальны экзэмпляр — баян-сінтэзатар, які здатны замяніць сабою цэлы аркестр, сумяшчаючы ў сінхронным рэжыме гучанне шасці розных інструментаў. А паасобку іх можа быць куды больш.

— Вашы калегі-журналісты напісалі, што гэта баян з тэхналогіяй Wi-Fi, але гэта не зусім так, — пачаў раскрываць мне сакрэты свайго ноу-хау дырэктар фабрыкі “Зонта” Расціслаў Мойса. — Тэхналогія Wi-Fi, як вядома, выкарыстоўваецца ў камп’ютарных сістэмах і зона яе дзеяння — 30 — 40 метраў. А ў нашым баяне задзейнічаны радыёмодуль з
радыусам дзеяння каля 80 метраў. Як кажуць, адчуйце розніцу!

Правільная назва “баяна-сінтэзатара” — акустычны баян з мідзі-сістэмай. Працуе ён “у звязцы” з мультыперадатчыкам і мультыпрыёмнікам, якія і дазваляюць баяністу свабодна хадзіць хоць па сцэне, хоць паміж шэрагаў у глядзельнай зале. А выкарыстоўваць гэты цуда-баян можа і індывідуальны выканаўца, і вучні падчас заняткаў, і народныя ансамблі.

Каштуе такі інструмент, натуральна, дорага: ад 900 да 3,5 тысяч еўра. Таму ў Беларусі падобных баянаў — пакуль адзінкі. Вырабляюцца яны толькі ўручную і толькі пад заказ, прычым у пяці розных варыяцыях.

— Кошт вялікі, бо для вырабу баяна з мідзі-сістэмай трэба прыкладна тры — чатыры месяцы, — кажа Расціслаў Мойса. — Зрабілі для яго корпус — ён павінен паляжаць паўтары месяцы. Паставілі рэзанатары — яшчэ пэўны час трэба яго не кранаць. Іначай не будзе якасці канчатковага прадукту. А гэты параметр для нас вельмі важны. На сёння маладзечанскія баяны па сваіх характарыстыках ні ў чым не саступаюць інструментам расійскай, французскай або італьянскай вытворчасці.

Дарэчы, і на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі вытворцы адзначылі, што баян — не танны інструмент. Раней людзі маглі яго купляць з прыцягненнем крэдытаў пад нізкую стаўку, а цяпер крэдыты на такую патрэбу сталі “дарагімі”.

— Гадоў восем — дзесяць таму бацькі дзетак, якія займаліся ў дзіцячых школах мастацтваў, менавіта так і рабілі: бралі мэтавыя крэдыты пад нізкую стаўку і набывалі неабходны інструмент, — кажа Расціслаў Мойса. — Цяпер гэта ўжо невыгодна, а шкада. Перакананы, што ў Беларусі не з’явіцца вялікіх, сусветнага ўзроўню баяністаў, калі ў кожнай музычнай школе на баяне не будзе займацца хаця б з дзясятак вучняў. На пустым месцы, як вядома, нічога не вырасце.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць і праблемнае пытанне з ільготнымі крэдытамі для юных музыкантаў.

Да слова, сёння на інструментах з Маладзечна граюць музыканты многіх прафесійных калектываў і вядомыя салісты. Сярод іх, напрыклад, наш славуты Уладзіслаў Плігаўка, прызнаны ў 2008-м найлепшым баяністам свету. А не так даўно той жа прэстыжны конкурс — Кубак свету — з інструментам “Зонта” выйграў расіянін Аркадзь Шквораў.

Баяны маладзечанскай маркі ведаюць у Германіі, Даніі, Польшчы, Фінляндыі. Мабыць, прыйшла пара, каб “Зонта” стала даступнай і ў самой Беларусі, прычым у кожнай музычнай школе і кожным раённым доме культуры. Спадзяванні, што так яно і будзе, набываюць канкрэтыку і рэальнасць пасля прэзентацыі музычных інструментаў Прэзідэнту Беларусі і ягоных даручэнняў Ураду краіны.

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, усё гэта робіцца для будучых пакаленняў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"