Маскоўскі сябра беларускага дызайну

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Да 100-годдзя Георгія Мінервіна
Сёлета споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння чалавека, подпіс якога стаіць у дыпломах аб вышэйшай адукацыі больш як сотні беларускіх дызайнераў. Гэта Георгій Барысавіч Мінервін. У пачатку 1980-х цягам некалькіх гадоў ён быў бяззменным старшынёй Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі па абароне дыпломных работ на мастацка-прамысловым факультэце Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяперашняя акадэмія мастацтваў). І часам цяжка было паверыць, што за плячыма гэтага ветлага чалавека — удзел у баях Вялікай Айчыннай і нават сваяцтва з партыйным бонзам.

/i/content/pi/cult/709/15534/21.JPGПрынцыповы характар

Мінервін меў папраўдзе цікавую і дастаткова гераічную біяграфію. У даваенны час ён скончыў Маскоўскі архітэктурны інстытут, адначасова з’яўляючыся слухачом Ваенна-інжынернай акадэміі імя Валерыяна Куйбышава. На фронце быў цяжка паранены, і прыкметна пакульгваў да канца жыцця. Нейкі час быў ад’ютантам вядомага дзяржаўнага і партыйнага дзеяча Лазара Кагановіча. І нават болей — урэшце, стаў яго зяцем! Праўда, падрабязнасцяў пра гэты шлюб я вам не распавяду. Бо калі пазнаёміўся з Георгіем Барысавічам, ён ужо быў у разводзе.

У паваенныя гады Мінервін працаваў у майстэрні вядомага савецкага дойліда Івана Жаўтоўскага, дзе атрымаў добрую практыку архітэктурнага праектавання. У 1948 годзе стаў намеснікам дырэктара Інстытута тэорыі і гісторыі Акадэміі архітэктуры СССР. У 1960-я гады, неўзабаве пасля стварэння Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута тэхнічнай эстэтыкі, Мінервін прызначаецца намеснікам дырэктара гэтай першай у СССР навуковай установы ў галіне дызайну. На працягу дзесяцігоддзя ён кіраваў усімі навуковымі праграмамі сістэмы УНДІТЭ, у якую ўваходзіў галаўны інстытут з яго філіяламі ў саюзных рэспубліках, у тым ліку ў Беларусі.

Георгій Барысавіч актыўна цікавіўся развіццём дызайну ў Беларусі, прымаў актыўны ўдзел у стварэнні ў 1966 годзе Беларускага філіяла інстытута. Быў навуковым кіраўніком шэрагу беларускіх даследчыкаў, якія рыхтавалі да абароны кандыдацкія дысертацыі па спецыяльнасці “Тэхнічная эстэтыка і дызайн”. Сярод іх апынуўся і аўтар гэтых радкоў.

Тады, у 1974-м, я паспяхова здаў прыёмныя іспыты і быў залічаны ў аспірантуру Інстытыта тэхнічнай эстэтыкі. Калі даведаўся, што маім навуковым кіраўніком будзе Георгій Барысавіч Мінервін, вельмі ўзрадаваўся: мы, беларускія дызайнеры, добра ведалі пра яго як пра вельмі аўтарытэтнага чалавека ў галіне тэорыі дызайну. Да таго ж, давалася ў знакі і яшчэ адна акалічнасць. Кіраўніком некаторых беларускіх аспірантаў афіцыйна з’яўляўся дырэктар інстытута Юрый Салаўёў, але з-за вялікай занятасці ён не меў магчымасці мець шчыльныя стасункі са сваімі падапечнымі. І ў сапраўднасці больш кіраваў іх работай той жа самы Мінервін.

Да сустрэчы са сваім навуковым кіраўніком я бачыў яго толькі на фатаграфіях у прафесійным дызайнерскім часопісе “Тэхнічная эстэтыка”, які выдаваў УНДІТЭ. Але з самага пачатку знаёмства Георгій Барысавіч ставіўся да мяне так, быццам мы даўнія прыяцелі. Ён быў просты ў зносінах, добразычлівы. Трэба сказаць, што і ўсе, хто меў стасункі з ім, адзначалі яго дабрыню. Я не чуў, каб ён калі-небудзь на кагосьці павысіў голас — нягледзячы на тое, што быў чалавекам вельмі прынцыповым.

Гэтая рыса яго характару далася ў знакі акурат у год майго паступлення ў аспірантуру УНДІТЭ. Паміж Мінервіным і Салаўёвым узніклі рознагалоссі, і Георгій Барысавіч пакінуў сваю пасаду намесніка дырэктара. Працаваць ён пайшоў у Цэнтральны навукова-даследчы інстытут тэорыі і гісторыі архітэктуры, дзе стаў загадчыкам сектара тэорыі.

Абаронца тых, хто абараняўся

У Мінск на абароны дыпломнікаў-дызайнераў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Мінервін стаў рэгулярна прыязджаць, калі я ўжо абараніў кандыдацкую дысертацыю — у працы над ёй ён мне вельмі дапамог. Тады мы з ім сядзелі поруч у Дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі — ён як запрошаны яе знешні старшыня, а я — як яе член ад беларускай прамысловасці.

Старшынёй ДзЭК Мінервін быў, можна сказаць, ідэальным. Заўсёды вельмі добразычлівы да студэнтаў-дыпломнікаў. Калі ён бачыў, што работа добрая, але студэнт не вельмі красамоўна можа данесці да камісіі яе станоўчыя рысы, дык заўсёды стараўся дапамагчы дыпломніку, сам імкнуўся выявіць моцныя бакі яго працы. Дый нават калі работа была не надта пераканаўчая, старшыня камісіі спрабаваў неяк падбадзёрыць яе збянтэжанага аўтара. Пасля кожнай абароны Георгій Барысавіч рабіў грунтоўнае заключэнне, вельмі тонка характарызуючы як станоўчыя, так і адмоўныя рысы дыпломнага праекта.

Пасля абароны для маскоўскага госця звычайна ладзілася бяседа ў якім-небудзь рэстаране ці непасрэдна ў гатэльным нумары. Вечар заўсёды праходзіў у вельмі цёплай, сяброўскай атмасферы. Георгій Барысавіч шуткаваў, расказваў смешныя анекдоты. Гаварылі, зразумела, і на прафесійныя тэмы, абмяркоўвалі дыпломныя абароны, актуальныя на той час праблемы дызайну.

Потым, калі я бываў у Маскве і заходзіў у інстытут да Георгія Барысавіча, мы заўсёды ўспаміналі яго візіты ў Мінск, у тым ліку і нашы “вячоркі” пасля дыпломных абарон.

Ля вытокаў новай прафесіі

У хуткім часе Георгій Барысавіч перайшоў працаваць ва Усесаюзны інстытут тэорыі архітэктуры і горадабудаўніцтва. Навуковую дзейнасць ён сумяшчаў з педагагічнай, з’яўляючыся прафесарам Маскоўскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча (былое Строганаўскае).

Адна з відавочных заслуг Мінервіна — заснаванне новай спецыяльнасці: “архітэктар-дызайнер”. Яна інтэгравала веды і навыкі, уласцівыя для дзвюх, як тады многім здавалася, зусім розных прафесій. Па меркаванні Георгія Барысавіча, асяродкавы аб’ект, які ствараецца і архітэктурнай і дызайнерскай творчасцю, неабходна разглядаць ва ўсёй яго функцыянальна-прасторавай і мастацка-эстэтычнай каштоўнасці.

Апошнія гады жыцця Мінервін поўнасцю прысвяціў гэтаму сваю дзейнасць, з 1988 года кіруючы кафедрай дызайну архітэктурнага асяроддзя Маскоўскага архітэктурнага інстытута. Я тады з Георгіем Барысавічам час ад часу перапісваўся, знаёміў яго з навінамі беларускага дызайну, з падзеямі ў галіне адукацыі Беларусі.

Але гады бралі сваё. Георгія Барысавіча ўсё часцей трывожылі старыя франтавыя раны. У 1997 годзе ён пайшоў з жыцця. Гэтая вестка болем адгукнулася ў сэрцах нашых дызайнераў — тых, хто ведаў і памятаў яго частыя візіты ў Беларусь.

Стогадовы юбілей Мінервіна — добрая для ўсіх нас нагода згадаць з цёплымі пачуццямі гэтага чалавека, які, не будучы беларусам, шмат чаго зрабіў для беларускага дызайну і асабліва для падрыхтоўкі яго прафесійных кадраў.

Якаў ЛЕНСУ,
кандыдат мастацтвазнаўства