Рамонтная эпапея і гатэль пад пытаннем

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Музеефікацыя раёна: зрухі відавочныя. Хаця і не хуткія
Які раён можа пахваліцца шасцю ўнікальнымі музеямі, размешчанымі ў сельскай мясцовасці — і плануе стварыць шэраг новых? Дзе на адбудову музейнага комплексу выдаткоўваюцца сотні тысяч еўра з бюджэту Еўрасаюза, а для іншага аб’екта мяркуюць прыцягнуць фінансаванне Саюзнай дзяржавы? Вы здагадаліся — гаворка пра Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці.

/i/content/pi/cult/709/15531/16.JPGАмаль дзесяць гадоў таму падчас чарговага прэс-велатура журналісты “К” завіталі ў гэты куток Палесся. Пабывалі мы тады ў Моталі, Варацэвічах, Стрэльна — і ўжо тады ўразіліся ўбачаным.

— А за гэты час у нас шмат што змянілася, — кажа начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Валянціна Барадзінчык. — Музейныя комплексы ў тых вёсках ужо “гучаць” не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і на ўсю Беларусь ды далёка за яе межамі, штодня працуючы на імідж нашага раёна.

Але што канкрэтна змянілася ў тых вёсках і аграгарадках раёна, якія былі наведаны журналістамі “К” дзесяць гадоў таму? Якія праблемы засталіся і ўсё яшчэ чакаюць свайго вырашэння? У чым тут могуць дапамагчы
мясцовыя ўлады, а дзе варта “абіваць парогі” больш высокіх інстанцый і спадзявацца на грантавую падтрымку замежных фондаў? Ва ўсім гэтым я паспрабаваў разабрацца падчас камандзіровачнага выезду ў Іванаўскі раён.

Дом траўніка пакуль без ацяплення

Дзесяць гадоў таму ў вёсцы Стрэльна я разам з калегамі наведаў Музей народнай медыцыны “Бабуліны вышкі”. Афіцыйная назва ўстановы ўжо іншая — цяпер гэта філіял традыцыйнай культуры “Дом траўніка” Мотальскага музея народнай творчасці. Але ж, як распавяла мне загадчыца ўстановы Галіна Вайцяшчук (з якой я пазнаёміўся яшчэ тады), змены на тым не скончыліся.

— Па-першае, дзякуючы старшыні праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыі Кліцуновай нас гадоў шэсць-сем таму ўключылі ў многія турыстычныя маршруты, а таксама мы атрымалі грант ЕС/ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні” прыкладна на дзве тысячы еўра, — кажа візаві. — На гэтыя сродкі набылі карціны, ноўтбук, стварылі невялічкую галерэю, якую дэманструем сваім наведвальнікам. Білет у нашу ўстанову каштуе 1 рубель 40 капеек, а яшчэ паўтара рублі бяром за правядзенне экскурсіі.

Што ж, экскурсіі — гэта няблага, але ж на іх сёння, як кажуць, далёка не заедзеш. Якраз пра крэатыўны
падыход да музейнай дзейнасці мы і вялі гадоў дзесяць таму гутарку з тагачасным начальнікам аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімірам Шаляговічам. Маўляў, музею, такому адметнаму, як у Стрэльна, проста наканавана аказваць дадатковыя паслугі.

— На адных уваходных білетах музей ніколі не заробіць, — казаў тады спадар Шаляговіч. — Таму трэба, каб установы культуры мелі больш магчымасцяў для працы на ніве турызму. Вядома, калі казаць пра тыя яго віды, якія тычацца культурнай спадчыны, а не спорту і фізкультуры.

Таму, дадам я ўжо ад сябе, магчыма, варта асвойваць новыя “рубяжы”: скажам, стварыць гастранамічныя маршруты, праграмы з майстар-класамі рамеснікаў, з удзелам фермерскіх гаспадарак, “зялёныя” сцежкі. Тады ў музеі будуць з’яўляцца новыя і новыя наведвальнікі, а не толькі адны і тыя ж школьнікі з навакольных вёсак.

— Абсалютна з гэтым згодная! Тым больш, нешта ў гэтым кірунку мы ўжо робім, — кажа Галіна Вайцяшчук. — Ладзім музейныя заняткі на тэму лекавых раслін, прапануем дэгустацыю страў нацыянальнай кухні, запрашаем адведаць нашых “фірмовых” зёлкавых напояў, дзелімся рэцэптамі і нават старадаўнімі замовамі ад хвароб. Таксама можам і па экалагічным маршруце правесці, і расказаць пра гісторыю нашай вёскі ды пра культурныя адметнасці Іванаўшчыны. Карацей, шчыруем, як можам.

Натуральна, падобныя крэатыўныя музейныя прапановы ўплываюць на папулярнасць установы ў Стрэльна. Прывяду адну лічбу: дзесяць гадоў таму сюды завітвалі 300 чалавек за год, а сёння — недзе 2 тысячы. Прычым сярод іх нямала замежнікаў: былі нават з Узбекістана і Японіі…

Праўда, дзве тысячы наведвальнікаў — таксама не надта вялікая лічба. Росту паспяховасці музея перашкаджае рамонтная “эпапея”, якая ўжо доўгі час вядзецца ва ўстанове культуры. Як расказала мне загадчыца, ацяплення няма дасюль — і з гэтай прычыны ў зімовы перыяд Дом траўніка амаль не прымае гасцей. Таксама трэба зрабіць рамонт на першым паверсе. Але, як запэўніла мяне Валянціна Барадзінчык, грошы на гэтыя мэты ў райбюджэце ўжо запланаваны.

А што з рэалізацыяй тых ідэй, пра якія колісь нам расказваў Уладзімір Шаляговіч: па стварэнні ў Стрэльна невялікай крамы зёлкавых збораў і сувеніраў, а таксама па пабудове міні-гасцініцы?

— На жаль, як бачыце, рамонтныя работы і ў самой нашай установе яшчэ не завяршыліся, таму колішнія мары наўрад ці хутка здзейсняцца, — кажа Галіна Іванаўна. — Тым больш, за восем кіламетраў ад Стрэльна, у райцэнтры, ёсць цудоўны гатэль. А крама па продажы зёлкавых збораў, а таксама і фіта-бар, усё яшчэ ў нашых планах. Пакуль мы тыя зёлкі дорым нашым наведвальнікам, але з цягам часу, я ўпэўнена, будзем мець з гэтага сякую-такую капейчыну.

Як бачна, задумаў наконт развіцця ўстановы было мноства, ды не ўсе з іх пакуль рэалізаваліся. Мабыць, у гэтай справе ўжо само жыццё дыктавала іванаўцам выбар: або сядзіба Напалеона Орды ў Варацэвічах, або Дом траўніка. Фінансаў на ўсе музейныя аб’екты, размешчаныя ў раёне, зразумела, не хапае. Між тым, аб’ект у Стрэльна цалкам здольны стаць яшчэ адным музейным брэндам краю.

Там, дзе было голае поле

Музейны комплекс у Варацэвічах такім брэндам ужо стаў. Спачатку тут была адбудавана мастацкая галерэя, якую мы заспелі падчас першага прыезду. А вось двухпавярхоўкі, дзе сёння месціцца музей Напалеона Орды, тады яшчэ не было. Установа паўстала на грошы Еўрасаюза — прыкладна 350 тысяч еўра! — па праекце “Трансгранічныя цэнтры дыялогу культур у Лосіцы і Варацэвічах”, і адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў у 2016 годзе.

Залы музея знаёмяць гасцей з дзяцінствам мастака і кампазітара, з яго жыццём і творчасцю ў Францыі, а таксама дэманструюць фотакопіі работ. Яшчэ тут захоўваюцца арыгінальныя рэчы, знойдзеныя падчас раскопак ва ўрочышчы Чырвоны Двор — на месцы, дзе калісьці стаяла сядзіба пісьменніка.

На жаль, планы па стварэнні ў Варацэвічах гасцініцы, рэстарана нацыянальнай кухні, іншых турыстычна-запатрабаваных аб’ектаў, пра якія нам колісь з імпэтам распавядаў Уладзімір Шаляговіч, пакуль у жыццё не ўвасобіліся. Бо музей — гэта толькі палова справы. Уся ўвага і фінансавыя сродкі цяпер скіраваны на блізкае ад Варацэвічаў урочышча Чырвоны Двор, дзе яшчэ дзесяць гадоў таму планавалася ўзнавіць радавы дом-маёнтак Напалеона Орды. У першы прыезд я з калегамі пабачыў там голае поле. А што робіцца цяпер?

На месцы даўно зніштожанага дома паўстала яго дакладная копія. Дом зроблены з драўлянага бруса і пакрыты гонтам. У хуткім часе тут будуць узноўлены і сельскагаспадарчыя пабудовы сядзібы.

Натуральна, сродкі на далейшыя будаўнічыя працы знайсці ў наш час складана. Памятаю, Уладзімір Шаляговіч амаль увесь час казаў пра тое, што ён пастаянна “круціцца” ў пошуку грошай, выходзячы ці то на абласныя структуры, ці то на кіраўніцтва Саюзнай дзяржавы. Гэтак жа “круціцца” цяпер і Валянціна Барадзінчык.

— Каб давесці будынак да ладу, патрэбны яшчэ каля 700 тысяч рублёў, — кажа начальнік аддзела культуры. — Таму шукаем сродкі дзе толькі магчыма: і на дзяржаўным узроўні, і ў прыватных інвестараў. Нядаўна па гэтым пытанні я пабывала на прыёме ў намесніка міністра фінансаў. Таксама мы падалі шматлікія заяўкі ў замежныя грантавыя фонды.

А яшчэ рэальную дапамогу па адбудове радавой сядзібы Напалеона Орды аказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Да слова, ён — не сваяк Напалеону Ордзе, як хтосьці мог падумаць, а проста неабыякавы да праблем сферы культуры чалавек. Сёння праводзіцца адмысловая акцыя: усе прафсаюзныя камітэты Брэстчыны добраахвотна пералічваюць сродкі на працяг рамонтных работ ва ўрочышчы Чырвоны Двор. І сумы набягаюць не такія і малыя.

— Я пераканана, што гэты аб’ект мы абавязкова давядзём да ладу, — кажа кіраўнік сферы культуры Іванаўшчыны. — Намі ўжо ўкладзена ў адбудову сядзібы каля 300 тысяч рублёў, і спыняцца цяпер мы проста не маем права. “К” на адкрыццё яшчэ аднаго музея запросім абавязкова!

Словам начальніка аддзела культуры хочацца верыць. Тым больш, што плён папярэдняй працы над музейным комплексам у Варацэвічах ужо навідавоку: туды не спыняецца плынь цікаўных турыстаў (летась пабывала каля дзесяці тысяч чалавек), якія едуць з Мінска, Кіева, Масквы ці Варшавы.

У якасці заключэння

Усе брэнды Іванаўшчыны ў адным артыкуле не апішаш. Я не згадаў, напрыклад, пра ўнікальную экспазіцыю Музея народнай творчасці (яго фонды складаюць блізу 27 тысяч экспанатаў!), пра фестывалі “Мотальскія прысмакі” і “Фальклор без межаў”, якія заўсёды прыцягваюць да сябе гасцей з многіх еўрапейскіх краін, пра геадэзічныя знакі Дугі Струвэ, пра карцінную галерэю Аляксея Кузьміча ў вёсцы Махро, пра задумы па аднаўленні сядзібы Дастаеўскіх у вёсцы Дастоева пры дапамозе сродкаў Саюзнай дзяржавы…

А яшчэ, па словах Валянціны Барадзінчык, нядаўна распачалася рэстаўрацыя прыгожай радавой капліцы Скірмунтаў у вёсцы Моладава. На сёння дах старадаўняй ратонды ўжо адрамантаваны, а іншыя рамонтныя працы будуць праводзіцца па меры паступлення сродкаў.

Так што пра Іванаўскі раён “К” будзе пісаць яшчэ неаднаразова. Кажу гэта ўпэўнена, бо спыняцца на дасягнутым мясцовыя супрацоўнікі культуры дакладна не збіраюцца.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"