Народны дызайн чаранка і чарпака

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

“Бярэзінскія лыжкары” — пад такой назвай 8 верасня ў Беразіно на Міншчыне ўжо чацвёрты раз прайшло рэгіянальнае свята-конкурс майстроў па выразанні драўляных лыжак.

/i/content/pi/cult/709/15530/15.JPGУвогуле святы-конкурсы па розных відах традыцыйных рамёстваў праводзяцца на Міншчыне даўно і рэгулярна. Некаторыя, як, напрыклад, “Саламяныя дзівосы” або “Лазовы прут”, “вандруюць” па розных раёнах вобласці (сёлета
прайшлі ў Нясвіжы), іншыя ж стала прапісаліся ў пэўным месцы, кожныя два — тры гады збіраючы дзясяткі разьбяроў, ганчароў, пляцельшчыкаў, ткачых, выцінаншчыц.

Варта згадаць хоць бы “Матчыны кросны” ў Старых Дарогах, “Гліняны звон” у Івянцы, “Папяровыя карункі” ў Маладзечне, што ўжо сталі своеасаблівымі брэндамі раёнаў, якія гэтым нават ганарацца і не збіраюцца іх нікому саступаць. Суседзі ж, якія не паспелі прыватызаваць тое ці іншае шырока вядомае рамяство, спрабуюць даць новае жыццё якой-небудзь мала вядомай ці добра забытай з’яве ў традыцыйнай культуры. Гэта, напрыклад, “Саламяны павук” у Валожыне, “Велікодная пісанка” ў Стоўбцах, ужо згаданыя “Бярэзінскія лыжкары”. Звычайна такія вузкаспецыялізаваныя святы маюць статус рэгіянальных — найперш таму, што ладзяцца за кошт не абласнога, а раённых бюджэтаў.

Здавалася б, што можа быць прасцей за звычайную лыжку, няхай сабе і драўляную, рэдкую ў сённяшнім побыце? Але гэтая прастата і лаканізм формы — вынік шматвяковай выпрацоўкі неабходнай практычнай дасканаласці і зручнасці, што адначасова з’яўляецца і зарукай прыгажосці. Такі вось своеасаблівы народны дызайн. Што і дэманстравалі два дзясяткі майстроў-лыжкароў.

Адзін з іх, напрыклад, вядомы бярэзінскі разьбяр Яўген Осіпаў. Абрэзак тоўстай ліпавай дошкі ён апрацаваў вострай сякеркай, затым у справу пайшлі разцы рознай канфігурацыі. Урэшце майстар прайшоў па вырабе кавалачкам наждачнай паперы — і лыжка гатовая, можна садзіцца за стол.

У той жа час для многіх майстроў, асабліва маладых, традыцыйная лыжка — толькі аснова для творчых пошукаў. Калі з яе чарпаком асабліва не пафантазіруеш, то чаранок можа ператварыцца ў стылізаваную рыбіну ці фігурку жывёліны, скруціцца ў жгут ці стаць адмысловай кветкай. Вядома, такімі лыжкамі па іх прамым прызначэнні не надта пакарыстаешся, гэта ўжо хутчэй твор мастацтва. Як, напрыклад, амаль метровая “лыжка-мядзведзь” Леаніда Сенькі са Стаўбцоўшчыны, які за яе, а таксама за цэлую калекцыю прывезеных на свята лыжак атрымаў галоўны прыз.

Конкурсныя работы і дарункі майстроў папоўняць калекцыю музейнага пакоя драўлянай лыжкі, што знаходзіцца ў мясцовым Доме рамёстваў і карыстаецца шырокай папулярнасцю ў турыстаў і гасцей Беразіно. Перад уваходам у яго — гіганцкая 30-метровая лыжка, выразаная мясцовымі майстрамі з магутнага дубовага ствала. А на свяце Уладзімір Трубіш са Стаўбцоўшчыны прадэманстраваў ці не самую маленькую лыжачку — недзе каля двух сантыметраў
даўжынёй.

Што асабліва прыемна адзначыць: некаторыя майстры старэйшага пакалення прывезлі на конкурс і сваіх вучняў. Самаму юнаму з іх, Аляксандру Несцяровічу з Чэрвеньскага раёна, усяго 12 гадоў, а з разцом ён упраўляўся не горш за свайго настаўніка, Рыгора Судака. А калі ёсць ахвотныя пераймаць традыцыі і сакрэты рамяства — значыць, яно будзе жыць.

Яўген САХУТА
Фота аўтара