Балотаходы для журавінавага фэсту

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Праект называецца “Жывая кніга”. Прыдумала яго загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч. Менавіта яна надала праекту азначэнне “народны”. Усё правільна. Калі пры фінансавай падтрымцы Белгазпрамбанка ўсе бібліятэкі Бярэзінскага раёна бясплатна атрымалі па пяць кніжак Святланы Алексіевіч, дык ніяк інакш акцыю і не назавеш. Такім чынам, як паведамляе спадарыня Круталевіч, у Бярэзінскай ЦРБ днямі прайшла прэзентацыя поўнага збору твораў пісьменніцы “Галасы Утопіі”.

/i/content/pi/cult/709/15529/14.JPGУ чытальнай зале сабраліся ветэраны працы, моладзь, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і аматарскіх суполак. Побач з кніжным стэндам — прэзентацыя фотахронікі Вялікай Айчыннай і Афганскай войнаў, перабудовы і чарнобыльскіх наступстваў, якія прадвызначылі лёсы герояў кніг Святланы Алексіевіч. “Я не спавядальнік, не лекар, не суддзя — я такі ж чалавек, як і вы” — у гэтых словах творчае крэда пісьменніцы, сутнасць яе самаахвярнай працы па стварэнні шчымлівых ды шчырых успамінаў. “Паводле апытання, — піша аўтар, — лідарам бярэзінскіх чытацкіх сімпатый стала “Чарнобыльская малітва”. Кожны трэці адзначыў кнігі “У вайны — не жаночы твар” і “Цынкавыя хлопчыкі”.

А цяпер — пра іншы праект, за рэалізацыяй якога “К” сачыла, можна сказаць, з самага нараджэння. Прынамсі, сцэнар мерапрыемства ўпершыню быў надрукаваны менавіта на старонках “К”. Гаворка — пра журавінавае свята, якое ладзіцца ў вёсцы Альманы, што на Століншчыне. Мерапрыемства нарадзілася з курсавой работы студэнткі-завочніцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Неўзабаве курсавая
пераўтварылася ў дыпломную. А калі студэнтка вярнулася ў родныя Альманы дыпламаваным спецыялістам, задуманае на паперы ўвасобілася ў канкрэтную справу. Студэнтку звалі Ніна Лісавец. Цяпер яна — намеснік дырэктара раённага метадычнага цэнтра. А свята стала брэндам раёна. Нядаўна яно было падтрымана еўрасаюзаўскім праектам трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна”. Як паведаміла Ніна Лісавец, сёння адбудзецца нарада, дзе работнікі культуры вырашаць, на якія канкрэтна мэты будзе выкарыстаны грант у 15 тысяч еўра.

Трэба зазначыць, што мерапрыемства — гэта не толькі маштабны кірмаш, дзе
прадаюцца і купляюцца сотні кілаграмаў карысных балотных ягад ды ладзяцца майстар-класы па іх ачыстцы, але і маштабная тэатралізацыя. А для больш яркага відовішча патрэбны касцюмы, абутак, гукавая апаратура. Запланавана і набыццё балотаходаў. Яны патрэбны не толькі для экзатычных экскурсій, але і для сістэмнага догляду за ўнікальнымі балотамі. Па словах Ніны Лісавец, чарговае журавінавае свята пройдзе 27 кастрычніка.

6 верасня ў Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў адбылася сустрэча з маладымі наведвальнікамі Ляхавіцкага і Ганцавіцкага тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пра гэта паведаміла малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага РДР Наталля Білімава. Сустрэча была прымеркавана да стагоддзя стварэння сацыяльнай службы. Арганізавалі экскурсію па ўстанове культуры, пазнаёміліся з дзейнасцю творчай майстэрні па ткацтве. Ахвотныя паспрабавалі сябе за кроснамі. Майстар Вольга Івановіч зладзіла майстар-клас па выцінанцы. Як мне падаецца, надзвычай карыснае мерапрыемства. Пагадзіцеся, не кожны дзень работнікі культуры шчыльна ўзаемадзейнічаюць з людзьмі, якія маюць абмежаваныя фізічныя магчымасці. І далучаць іх да актыўнага жыцця — вельмі важная задача клубаў, бібліятэк ды музеяў.

Яшчэ адна навіна ад Наталлі Білімавай. 8 верасня ў горадзе Высокае Камянецкага раёна прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі — 2018”. Майстры Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў і сябры народнага клуба майстроў народнай творчасці “Багач” ткачыхі Ніна Казак, Алена Цялушка, лялечніцы Лілія Казак і Галіна Савеня
прадэманстравалі свае вырабы.

У Ашмянах распрацоўваецца канцэпцыя выкарыстання будынка былой гарадской сінагогі. Знаходзіцца яна, як вядома, за мясцовым музеем і магла б стаць адным з турыстычных аб’ектаў гістарычнага цэнтра Ашмянаў. 5 верасня настаўнікі і навучэнцы мастацкага аддзялення Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў правялі пленэр “Малюем помнікі малой радзімы”. Мяркуецца, што 14 верасня малюнкі старасвецкага будынка будуць у ім размешчаны, а сінагога набудзе статус выставачнай залы. Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара школы мастацтваў Таццяна Печкур.

Вестка з аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры. 9 верасня ў мікрараёне Заходні сабралася паўсотні матацыклістаў з Астраўца, Маладзечна, Смаргоні. Адсюль узяла пачатак байк-паці “Zнак байкера”. Байкеры гучна праехалі праз горад, прыпаркаваліся ля раённага дома культуры. Апрача рок-канцэрта, прайшла і дабрачынная акцыя “Па дзясятачцы”, падчас якой збіраліся грошы на лячэнне мясцовага хлопчыка Мішы Бацяна.

Ліст ад нашага сталага аўтара Аляксандра Лялько, кіраўніка сталічнага клуба інсітнага мастацтва “Прырода і фантазія”. Ён паведамляе, што ў мінулым годзе клуб са сваімі выставамі наведаў 57 гарадоў. А сёлета спаўняецца паўвека з таго моманту, калі ў Палацы культуры прафсаюзаў адбылася выстава майстроў лясной пластыкі. Аляксандр Аляксандравіч запрашае ахвотных у мастацкую галерэю суполкі па адрасе вуліца Нёманская, 2. Тут размешчана больш за 200 твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Іван Аскірка з Бярозы распавёў пра тое, што ветэранскаму хору “Памяць сэрца”, што дзейнічае пры ГДК, споўнілася 35 гадоў. У першым складзе былі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Пятніцкі, Іван Панюціч, Мікалай Галаганюк, Іван Якаўлеў, Марыя Пазнюк, Марыя Логінава. Іх ужо няма. Але хор дзейнічае і свой юбілей адсвяткаваў у новым Палацы культуры. Кіруе калектывам Кацярына Шэшка. Хор цяпер называецца народным клубам ветэранаў працы. У складзе — каля 30 удзельнікаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"