У чытальнай зале сабраліся ветэраны працы, моладзь, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і аматарскіх суполак. Побач з кніжным стэндам — прэзентацыя фотахронікі Вялікай Айчыннай і Афганскай войнаў, перабудовы і чарнобыльскіх наступстваў, якія прадвызначылі лёсы герояў кніг Святланы Алексіевіч. “Я не спавядальнік, не лекар, не суддзя — я такі ж чалавек, як і вы” — у гэтых словах творчае крэда пісьменніцы, сутнасць яе самаахвярнай працы па стварэнні шчымлівых ды шчырых успамінаў. “Паводле апытання, — піша аўтар, — лідарам бярэзінскіх чытацкіх сімпатый стала “Чарнобыльская малітва”. Кожны трэці адзначыў кнігі “У вайны — не жаночы твар” і “Цынкавыя хлопчыкі”.
А цяпер — пра іншы праект, за рэалізацыяй якога “К” сачыла, можна сказаць, з самага нараджэння. Прынамсі, сцэнар мерапрыемства ўпершыню быў надрукаваны менавіта на старонках “К”. Гаворка — пра журавінавае свята, якое ладзіцца ў вёсцы Альманы, што на Століншчыне. Мерапрыемства нарадзілася з курсавой работы студэнткі-завочніцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Неўзабаве курсавая
пераўтварылася ў дыпломную. А калі студэнтка вярнулася ў родныя Альманы дыпламаваным спецыялістам, задуманае на паперы ўвасобілася ў канкрэтную справу. Студэнтку звалі Ніна Лісавец. Цяпер яна — намеснік дырэктара раённага метадычнага цэнтра. А свята стала брэндам раёна. Нядаўна яно было падтрымана еўрасаюзаўскім праектам трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна”. Як паведаміла Ніна Лісавец, сёння адбудзецца нарада, дзе работнікі культуры вырашаць, на якія канкрэтна мэты будзе выкарыстаны грант у 15 тысяч еўра.
Трэба зазначыць, што мерапрыемства — гэта не толькі маштабны кірмаш, дзе
прадаюцца і купляюцца сотні кілаграмаў карысных балотных ягад ды ладзяцца майстар-класы па іх ачыстцы, але і маштабная тэатралізацыя. А для больш яркага відовішча патрэбны касцюмы, абутак, гукавая апаратура. Запланавана і набыццё балотаходаў. Яны патрэбны не толькі для экзатычных экскурсій, але і для сістэмнага догляду за ўнікальнымі балотамі. Па словах Ніны Лісавец, чарговае журавінавае свята пройдзе 27 кастрычніка.
6 верасня ў Ганцавіцкім раённым доме рамёстваў адбылася сустрэча з маладымі наведвальнікамі Ляхавіцкага і Ганцавіцкага тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пра гэта паведаміла малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага РДР Наталля Білімава. Сустрэча была прымеркавана да стагоддзя стварэння сацыяльнай службы. Арганізавалі экскурсію па ўстанове культуры, пазнаёміліся з дзейнасцю творчай майстэрні па ткацтве. Ахвотныя паспрабавалі сябе за кроснамі. Майстар Вольга Івановіч зладзіла майстар-клас па выцінанцы. Як мне падаецца, надзвычай карыснае мерапрыемства. Пагадзіцеся, не кожны дзень работнікі культуры шчыльна ўзаемадзейнічаюць з людзьмі, якія маюць абмежаваныя фізічныя магчымасці. І далучаць іх да актыўнага жыцця — вельмі важная задача клубаў, бібліятэк ды музеяў.
Яшчэ адна навіна ад Наталлі Білімавай. 8 верасня ў горадзе Высокае Камянецкага раёна прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі — 2018”. Майстры Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў і сябры народнага клуба майстроў народнай творчасці “Багач” ткачыхі Ніна Казак, Алена Цялушка, лялечніцы Лілія Казак і Галіна Савеня
прадэманстравалі свае вырабы.
У Ашмянах распрацоўваецца канцэпцыя выкарыстання будынка былой гарадской сінагогі. Знаходзіцца яна, як вядома, за мясцовым музеем і магла б стаць адным з турыстычных аб’ектаў гістарычнага цэнтра Ашмянаў. 5 верасня настаўнікі і навучэнцы мастацкага аддзялення Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў правялі пленэр “Малюем помнікі малой радзімы”. Мяркуецца, што 14 верасня малюнкі старасвецкага будынка будуць у ім размешчаны, а сінагога набудзе статус выставачнай залы. Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара школы мастацтваў Таццяна Печкур.
Вестка з аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры. 9 верасня ў мікрараёне Заходні сабралася паўсотні матацыклістаў з Астраўца, Маладзечна, Смаргоні. Адсюль узяла пачатак байк-паці “Zнак байкера”. Байкеры гучна праехалі праз горад, прыпаркаваліся ля раённага дома культуры. Апрача рок-канцэрта, прайшла і дабрачынная акцыя “Па дзясятачцы”, падчас якой збіраліся грошы на лячэнне мясцовага хлопчыка Мішы Бацяна.
Ліст ад нашага сталага аўтара Аляксандра Лялько, кіраўніка сталічнага клуба інсітнага мастацтва “Прырода і фантазія”. Ён паведамляе, што ў мінулым годзе клуб са сваімі выставамі наведаў 57 гарадоў. А сёлета спаўняецца паўвека з таго моманту, калі ў Палацы культуры прафсаюзаў адбылася выстава майстроў лясной пластыкі. Аляксандр Аляксандравіч запрашае ахвотных у мастацкую галерэю суполкі па адрасе вуліца Нёманская, 2. Тут размешчана больш за 200 твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Іван Аскірка з Бярозы распавёў пра тое, што ветэранскаму хору “Памяць сэрца”, што дзейнічае пры ГДК, споўнілася 35 гадоў. У першым складзе былі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Пятніцкі, Іван Панюціч, Мікалай Галаганюк, Іван Якаўлеў, Марыя Пазнюк, Марыя Логінава. Іх ужо няма. Але хор дзейнічае і свой юбілей адсвяткаваў у новым Палацы культуры. Кіруе калектывам Кацярына Шэшка. Хор цяпер называецца народным клубам ветэранаў працы. У складзе — каля 30 удзельнікаў.