Што схавана пад скурай

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

У сталічным Палацы мастацтва праходзіць выстава Настассі Колас “Пярэварацень”. Мастачка нарадзілася ў Беларусі, жыве ў Канадзе. Тое, што аўтарка прадставіла на суд мінскай публікі — рэч звыклая для яе новай радзімы, але ў нас пакуль глядзіцца хутчэй як экзотыка. Пры тым, што беларускія мастакі маюць немалы досвед засваення актуалій заходняга мастацтва і адаптацыі іх да нашай культурнай прасторы.

/i/content/pi/cult/709/15528/12.jpgПаводле звыклай нам класіфікацыі праект можна аднесці да інсталяцыі. Гэта значыць, да прасторавых кампазіцый, дзе розныя формы і матэрыялы аб’ядноўвае нейкая ідэя ці канцэпцыя. У нязвыклых спалучэннях рэчы пазбаўляюцца практычнай функцыі і набываюць сімвалічны сэнс. Успрыманне такіх твораў залежыць ад досведу і настрою гледача. Ён можа ўбачыць у інсталяцыі зусім не тое, што меў на ўвазе мастак.

Фактычна, выстава стала прэзентацыяй новай выставачнай прасторы ZAL#2 галерэі “Арт-Беларусь”, якая займае частку Палаца мастацтва. Яго колішняя канферэнц-зала ператворана ў экспазіцыйную прастору і прызначаная для зменных экспазіцый.

Настассю Колас цікавіць, што хаваецца за вонкавым абліччам рэчаў, у які вербальны і візуальны камуфляж захутаны з’явы. “Я пытаюся ў паветра: што хаваецца за паверхняю рэчаў або пад скурай? Выстава — рэфлексія на рэаліі існавання ў сучасным свеце. Культурная гібрыднасць, гісторыя, дух часу і ўплыў тэхналогій на штодзённае жыццё і зямную глебу...” — піша яна ў эксплікацыі.

І сапраўды, для адлюстравання-асэнсавання-прэзентавання новых рэалій хуткаплыннага жыцця творцы мусяць шукаць новыя, нязвыклыя формы. А гэта заўжды пэўная рызыка. Могуць не зразумець — а незразумелае, у сваю чаргу, правакуе непрыманне,
абыякавасць, а часам і агрэсіўную рэакцыю.

Мне такое мастацтва больш-менш зразумелае, я прымаю яго як дадзенасць, як пошукі і эксперымент, але я да яго абыякавы. Я не меў папярэдняй інфармацыі аб змесце выставы, і калі патрапіў у ZAL#2, дык падумаў, што адсюль толькі што выйшлі будаўнікі, якія перараблялі канферэнц-залу ў выставачную прастору. Выйшлі, а смецце не прыбралі… Забыліся. Потым прыйшло разуменне, што гэта не проста так, гэта наўмысна, гэта інсталяцыя. А накіраваўшы думкі ў пэўным напрамку, знойдзеш і сэнс там, дзе зыходна яго не бачыў. Ды ўсё ж для мяне вызначальным ёсць першае ўражанне, першы імпульс. Сваё ўспрыманне нікому не навязваю. Проста ў мяне іншыя эстэтычныя арыенціры.

/i/content/pi/cult/709/15528/13.jpgУ гэтай сувязі мне згадваюцца інсталяцыі і перформансы 1980-х — 1990-х гадоў. У іх не было эстэцкай вытанчанасці, няўцямных падтэкстаў, часам зашкальвала брутальнасць і агрэсія. Але гэта было пра набалелае і ўяўляла з сябе псіхалагічны прарыў, пошук выйсця з тупіка мастацкай афіцыйшчыны. Тагачасная мастацкая мова далёкая ад дасканаласці, але аўтарам было што сказаць.

Магчыма, не варта патрабаваць ад сённяшняга мастака самааддачы, актыўнага пошуку свайго месца ў соцыуме і творчасці на мяжы экстрыму. Хопіць і спакойнай рэфлексіі на маргінальныя з’явы побыту. Іншая справа, ці пачуе пры такой творчай танальнасці мастака глядач?

Зноў нагадаю: у дачыненні да асобы аўтара экспазіцыі — нічога асабістага. Можа, і пісаць пра гэту выставу мусіў бы нехта іншы, а не кансерватар, які лічыць 1980-я “зорным часам” беларускага авангарда.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"