Пакручасты шлях генэзіса

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Сёлетні верасень увойдзе ў гісторыю беларускага тэатра як самы непрадказальны: масіраваная рэклама і гучныя імёны аўтараў не становяцца гарантыяй таго, што глядач зможа трапіць на абраны спектакль, нават набыўшы на яго квіток. Вось і публіка, якая прыйшла на прэм’еру “Генэзіс, або Паходжанне відаў” тэатра InZhest нечакана адчула сябе абранай, бо на наступны дзень паказ быў адменены работнікамі галіны МНС, якія з’явіліся на парозе за гадзіну да пачатку спектакля. Мо і былі пытанні ў прадстаўнікоў ведамства, але можна было б сустрээца з творцамі раней, каб дапамагчы тым вынайсці іншае рашэнне і тым самым абысціся без такога кардынальнага кроку.

/i/content/pi/cult/709/15527/10.jpgШлях “Генэзіса” да гледача і без таго атрымаўся пакручастым і марудным. Запланаваная яшчэ ў лютым прэм’ера была перанесена з-за хваробы акцёра. Не змагла яна адбыцца і ўвесну — ужо па тэхнічных прычынах. Але кіраўнік “ІнЖэста” Вячаслаў Іназемцаў не апускаў рукі і працягваў шліфаваць свой будучы спектакль, даводзячы да ідэалу працу артыстаў з уласным целам і навакольнай прасторай.

Для кірунку site-specific уласціва абжываць зададзенае месца дзеяння. Спадар Іназемцаў прыйшоў у прастору папулярнага крэатыўнага кластэра Ок16 і выцягнуў на паверхню першапачатковую прыроду дадзенага памяшкання. У пустэчы былога фабрычнага цэха, чый натуральны інтэр’ер звычайна бывае задрапіраваны экранамі ці дэкарацыямі, раптам ажыў голас мінулага. Звыклы яшчэ колькі дзясяткаў гадоў таму скрыгат крана-бэлькі стаў камертонам для адчування, што нават самае, здавалася б, фундаментальнае некалі можа сысці ў нябыт.

Завадскія гукі, разам з грукатам жалезных бочак і бразгатам ланцугоў, надзвычай натуральна спалучыліся з гукавым шэрагам Мацвея Сабурава і групы “Плато”. Жывое музычнае суправаджэнне дадавала дзеянню містычнасці, натхняючы публіку на кантэкстныя абагульненні.

Творчае крэда рэжысёра “ІнЖэста” — узрушыць гледача, перагарнуць яго звыклае ўяўленне пра тэатральнае мастацтва. Манументальнасць памяшкання Ок16 дазволіла спадару Іназемцаву разгарнуцца напоўніцу. Публіцы, якая размясцілася па розныя бакі ад сцэнічнага “подыума”, неаднойчы казыталі нервы. Перфарматыўны атракцыён стварыў амаль што 5D-эфект для занурвання ў тое імгненне, калі зараджаецца няісная раней існасць.

Зрэжысіраваная эпатажнасць набыла ўзровень бадай цыркавой віртуознасці. Ад “гутаперчавасці” выканаўцы галоўнай ролі Таццяны Сурковай-Бекета часта перахоплівала дыханне: яна балансавала ў паветры, павіснуўшы адно на нагах, занырвала ўніз галавой у бочкі, а то і цалкам хавалася ў іх. І пры такой тэхнічнай складанасці выканання не губляла эмацыянальнай выразнасці, канцэнтруючы на сабе тэмпарытм дзеяння і сюжэтнае напружанне.

Імправізацыя з прасторай і чалавекам у ёй прадэманстравала відавочную, падаецца, думку — якую, на жаль, пастаянна забываюць людзі: ніхто не можа падмінаць пад сябе іншую асобу, нават калі яе зараджэнне адбывалася тваімі высілкамі. Можна, канешне, паспрабаваць адчуць сябе звышасобай і пазіраць з лёгкай фанабэрыстасцю на таго, хто падаецца “менш адпаведным” тваім асабістым крытэрыям, можна імкнуцца ўпіхнуць таго іншага ў прыдуманыя табой рамкі і правілы. Аднак кожная істота па натуры сваёй прагне гармоніі светаадчування. Калі ж асоба пастаўленая перад неабходнасцю танчыць пад чужую дудку, інстынкт прымусіць яе паказаць свае зубы. А ў гэтым выпадку нават самы паслухмяны ад пачатку генэзіс, запраграмаваны міфічнымі сверхістотамі, можа пайсці нікому не вядомым шляхам.

/i/content/pi/cult/709/15527/11.jpgПрасторава-цялесная драматургія Іназемцава ў чарговы раз падаравала гледачу раскошу сузірання. Відовішча, сабранае з адточанай акцёрскай пластыкі, эфектных акрабатычных трукаў, піратэхнічных эфектаў, гульні святла і гука, далучае публіку да той формы тэатра, якая не надта распаўсюджана ў нашай краіне, але даўно даказала сваё права на існаванне і паўнавартаснае развіццё за мяжой. Застаецца толькі дачакацца паразумення з адказнымі ведамствамі, каб усё ж знайсці той баланс паміж магчымым і дазволеным, пры якім спектакль зможа вярнуцца да гледача, не страціўшы канцэптуальных элементаў дзеяння.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"