Грахі і пакаянне Саламеі

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Жарсці былі дарэмнымі
Жарсці вакол пераносу прэм’еры “Саламеі” ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі (гл. “К” № 36), патроху сціхаюць. Самы час абмеркаваць уласна спектакль. Бо на яго прагон, прымеркаваны да здачы мастацкаму савету, былі запрошаны таксама крытыкі і журналісты. Публіка ж павінна ўбачыць прэм’еру ў кастрычніку.

/i/content/pi/cult/709/15526/8.JPGПераасэнсаванне опернай класікі, да якой належыць і творчасць Рыхарда Штрауса, — справа звыклая. У інтэрнэце пры жаданні можна знайсці безліч замежных увасабленняў “Саламеі”, дзе гераіня паўстае і прадвесніцай Лаліты, і ракавой жанчынай-спакушальніцай, і жорсткай садысткай. Пры ўсёй бязмежнай размаітасці рашэнняў, наш спектакль, пастаўлены галоўным рэжысёрам тэатра Міхаілам Панджавідзэ, папраўдзе ўнікальны — ужо хаця б тым, што ўтрымлівае балетны пралог на музыку сімфанічнай паэмы таго ж Штрауса “Так казаў Заратустра”. Балет і аднаактовая опера не падзелены антрактам, як можна было прагназаваць, а непасрэдна перацякаюць адно ў адно: сімфанічная музыка становіцца працяглым, грунтоўным уступам да оперы. У арыгінале яна яго пазбаўленая, бо пачынаецца літаральна адразу з вакальнага дыялогу. Затое антракт, такі неабходны і публіцы, і артыстам, узнікае перад з’яўленнем Ірада — /i/content/pi/cult/709/15526/9.JPGшто таксама мае сваю логіку.

Унікальнасць нашай пастаноўкі заключаецца і ў рэжысёрскім прачытанні біблейскай гісторыі. Сыходзячы з атрыманага выніку, спектакль можна было б перайменаваць. Бо галоўнай дзейнай асобай музычнага аповеду становіцца Іаканаан — Прарок. Ён з’яўляецца на сцэне яшчэ ў балетным пралогу і не пакідае яе нават пасля сваёй смерці. Па сутнасці, нам паказваюць “Жыццё і смерць Іаканаана”, дзе гісторыя з Саламеяй становіцца толькі адным, хай і кульмінацыйным, фрагментам агульнага “жыццяпісу”. І заканчваецца яна зусім іначай! Не хочацца рабіць спойлер, але фінальны пацалунак Саламеі ператвараецца ў сцэну ейнага прычашчэння. Ян Хрысціцель усё ж настаўляе яе на шлях праўдзівы, і тая, да ўласнага здзіўлення, атрымлівае асалоду ад далучэння да Бога.

Ды спектакль з такім зместам вернікі павінны былі не забараняць, а наадварот абараняць! Ды яшчэ і грошы на яго ахвяраваць — як на будоўлю новага храма. І прыходзіць на прэм’еру сем’ямі. Але і без таго яны, лічыце, зрабілі спектаклю добрую рэкламу: нішто так не прыцягвае, асабліва моладзь, як штосьці забароненае.

Спектакль вабіць відовішчам, якое ўдасканальваецца з кожнай наступнай рэпетыцыяй. А пры адкладзенай прэм’еры тыя, зразумела, працягнуліся і пасля здачы. Запрашэнне расійскай каманды мастакоў (Гары Гумель распрацоўваў сцэнаграфію, касцюмы, канцэпцыю відэа, Сяргей Шаўчэнка — светлавую партытуру, Павел Сувораў — відэакантэнт) прынесла добры плён. Трэба спадзявацца, нашы майстры змаглі ў іх павучыцца. Балазе, тыя ж светлавыя эфекты са стварэннем аб’ёмных праекцый у 3D папросту вырачаны на глядацкі поспех (штосьці падобнае ў нас можна было бачыць раней хіба ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек — у “Каляднай гісторыі”, пастаўленай два гады таму Ігарам Казаковым).

Не менш відовішчнай і адначасова змястоўнай атрымалася і харэаграфія Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова. Пралог належыць не столькі да балета, колькі да пластычна-танцавальнага жанру, вырашанага надзвычай цнатліва. Вы не ўбачыце ніводнай задранай дагары аголенай жаночай ножкі. Затое якое багацце біблейскіх асацыяцый! Ёсць і прамыя паралелі з жывапісам: адна з мізансцэн нават нагадвае “З’яўленне Хрыста народу” Аляксандра Іванава. Кардэбалет сваімі целамі і ўдалай працай з тканінай малюе абліччы то пустыні, то воднай стыхіі. Апошняя паўстае праз харэаграфію настолькі пераканаўча, што ў спалучэнні з яхтай Ірада схіляе да думкі: эх, каб такое — ды ў балеце “Тытанік”!

Нічога разбэшчанага не ўтрымлівае і праславуты Танец сямі пакрывалаў. Яго выконваюць сямёра артыстак балета, апранутых у рознакаляровыя строі таго ж фасону, што і сукенка Саламеі — белая з чорнымі ўкрапваннямі: яе белы спектр быццам распадаецца на свае каляровыя складнікі. Ды толькі фарбы аказваюцца не празрыста-акварэлевай вясёлкай, а яе жудасным антыподам, набываючы непрыемныя воку з’едліва атрутныя, люмінесцэнтныя адценні. Танец пачынаецца з таго, што балерыны становяцца ў калону, паўтараюць за Саламеяй грацыёзныя рухі і паступова пашыраюць іх амплітуду, даводзячы амаль да пародыі. Далейшыя міні-варыяцыі кожнай з танцоўшчыц канчаткова раскрываюць сэнс гэтых вобразаў: перад намі сем смяротных грахоў — ад ганарыстасці да ляноты. Становіцца зразумелым, чаму яны накідваліся на Саламею ў канцы першай дзеі — і гераіня мужна змагалася з імі, адганяла іх ад сябе.

Затое цяпер, не стрымліваючы свае заганы, а выпусціўшы іх на волю, яна цалкам змяняецца, становіцца ў поўным сэнсе слова “чорнай”, апрануўшы адпаведную сукенку. Дый згаданая яхта Ірада вядзе не толькі да сучаснасці і “новых рускіх”, але і да вершаванай паэмы ХV стагоддзя — сатырычнага “Карабля дурняў” Себасцьяна Бранта. І да рэальнага “Карабля заганаў”, што затануў ля амерыканскага берага ў 1936 годзе. Адпаведна, біблейская гісторыя падаецца як вечная, прыдатная для ўсіх часоў.

Патануць — у поўным сэнсе гэтага слова — можна і ў музыцы Рыхарда Штрауса. Найскладаная партытура насычана тэхнічнымі цяжкасцямі выканання. Яна вымушае пастаянна трымаць баланс паміж аркестрам і вакалістамі, знаходзіць раўнавагу і ў мностве тонкіх дэталяў, кожную з якіх так і хочацца вывесці на першы план, і ў агульным разгортванні дзеяння, дзе трэба ўвесь час так адбудоўваць музычную форму, каб не губляць адчування пастаяннага і бясконцага развіцця гнуткіх ліній.

Працэс спасціжэння такой музыкі можа быць папраўдзе бясконцым — і для выканаўцаў, і для слухачоў. Тэатр, па словах дырыжора Віктара Пласкіны, рыхтаваўся да гэтай пастаноўкі ажно дзесяць сезонаў! Партыі салісты развучвалі паўтары гады. Таму трэба спадзявацца, што прыкры перанос прэм’еры стане, тым не менш, дадатковай магчымасцю яшчэ раз спакойна прайсціся па найбольш складаных фрагментах і да бляску адшліфаваць музычнае выкананне. Так, можна радавацца, што медзь не “кіксуе”, а вакалісты не пускаюць пеўнікаў. Гэты пачатковы ўзровень — паспяхова пераадолены. Але ж хочацца большага! Прыгажосці гуку, збалансаванасці інструменталу з голасам, “дыхання” гармоній — усяго таго, што надае музыцы стыльнасць, фірмовую пячатку аўтара.

Саламея Таццяны Траццяк дэманструе ўсю палітру чалавечых душэўных хістанняў, эмацыйных хваляў, палярна розных, нават супрацьлеглых граняў характару. Раней салістка ўвасабляла часцей за ўсё лірычных гераінь, і яе голас, багаты разнастайнымі тэмбравымі фарбамі — то шчыльны, густы, а то і лёгкі, палётны — як нельга лепей адпавядае гэтай неадназначнасці вобразу. Іаканаан Уладзіміра Пятрова паўстае сімвалам непарушнасці сваёй веры. У салісце, акрамя выдатнага голасу, ёсць моцны ўнутраны духоўны стрыжань, які вымушае паверыць, што перад намі — сапраўдны Прарок, а не “пераапрануты артыст”. Ірадзіяда, маці Саламеі, невыпадкова апранутая ў
падабенства мужчынскага фраку: менавіта яна становіцца негалосным “дырыжорам” трагічнага развіцця падзей. З гэтай партыяй і вобразам цудоўна спраўляецца зусім яшчэ маладая Кацярына Міхнавец, якая прайшла стажорскую групу тэатра і была прынятая салісткай усяго два гады таму.

На партыю Ірада, акрамя нашых Янаша Нялепы і Юрыя Балацько, быў запрошаны Дзмітрый П’яноў з Расіі. Складанасць ролі таксама і ў тым, што рэжысёр пасадзіў гэтага персанажа ў каляску, вымусіўшы амаль увесь час спяваць седзячы ды яшчэ і спраўна кіраваць сваім “перасоўным сродкам” ва ўмовах нахіленай паверхні. У момант найвышэйшага напружання музычнага развіцця Ірад ускоквае, у гневе перакульвае каляску — і тым развейвае нашы апошнія сумневы: перад намі не чалавек з фізічнымі асаблівасцямі, а духоўны інвалід. Ягоная “правая рука”, здольная гэтак жа без ваганняў націснуць на цынгель пісталета, — Кат (каларытны Алег Мельнікаў).

Амаль ва ўсіх партыях, ад цэнтральных да невялічкіх, заняты па некалькі складаў артыстаў — ад двух да чатырох. Тым больш цікава будзе паслухаць і паглядзець на прэм’еры Кацярыну Галаўлёву, Станіслава Трыфанава, Аксану Якушэвіч і іншых вядучых салістаў, звярнуць увагу на тэалагічныя спрэчкі ансамбля іўдзеяў, дзе заняты практычна ўсе тэнары.

І сама опера з яе нязвыклай для шырокай публікі, але папраўдзе цудоўнай музыкай, і ўласна спектакль, які ўключае балетную частку, заслугоўваюць неаднаразовых праглядаў. Таму прыходзьце, параўноўвайце, задумвайцеся. Кожны знойдзе тут і эстэтычную асалоду, і матэрыял для абмеркаванняў са сваімі падрослымі дзецьмі.

Нарэшце пасярод звыклых оперных назваў з’явілася штосьці нешараговае, здатнае прыцягнуць пільную ўвагу ці не ва ўсім свеце. Таму давайце ганарыцца!