Закружыцца ў “…Карагодзе”

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Учора ў Гомелі ўрачыста адкрыўся ІХ Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”. Вынікі конкурсаў, што традыцыйна ладзяцца ў яго рамках, абвесцяць заўтра.

Ды ўсё ж адну пераможцу можна было ўбачыць яшчэ напярэдадні ўсяго форуму: ля Дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў узнікла “Маленькая балерына” — скульптура Уладзіміра Андрыянава. Мадэлямі для яе выступалі выхаванкі гэтай навучальнай установы: аўтар прыходзіў працаваць у рэпетыцыйную залу. Усталяванне скульптуры памерам акурат з дзяўчынку стала запамінальнай і вельмі сімвалічнай прэамбулай сёлетняга фэсту, пашырыўшы яго афіцыйна зацверджаны трохдзённы тэрмін правядзення.

“Сожскі карагод” заўжды вылучаецца масавасцю. У цырымоніі адкрыцця, якая паводле традыцыі прайшла ўчора на стадыёне “Цэнтральны”, было задзейнічана каля 1800 удзельнікаў. Акрамя прафесійных артыстаў вядучых калектываў краіны і ўласна ўдзельнікаў конкурсных праграм, былі прыцягнуты і вучні згаданай школы, і студэнты гомельскіх ВНУ: фестываль вымушае рухацца ўсіх без выключэння.

Пераканацца ў апошнім можна ў час шматлікіх мерапрыемстваў Дня горада, які не ўпершыню спалучаецца з фестывалем і надае апошняму яшчэ большы разгорт. Тут запланаваны музычна-тэатралізаваныя дзеянні, канцэртныя выступленні, забаўляльныя праграмы, традыцыйны Горад майстроў, іншыя выставы, атракцыёны, нават навуковыя шоу, акцыя за бяспеку дарожнага руху. І, вядома, разнастайныя інтэрактывы — квэсты, спартыўныя зоны і спаборніцтвы (упершыню — яшчэ і біятлон-шоу “Гомельскі снайпер”). У выніку суседнічаць з “Сожскім карагодам” будуць яшчэ некалькі лакальных “фестываляў у фестывалі”. Яны закрануць і вулічнае мастацтва (Другі фэст “На адной хвалі”), і гастранамію (“Мядовае царства”, фестываль вулічнай ежы Food Park). Пройдзе і Абласное свята-кірмаш “Хобі бум”. Упершыню арганізаваны яшчэ два фэсты — яблыкаў, а таксама мёду і квасу. Віраваць будзе не адно цэнтр горада, мерапрыемствы запланаваны па ўсім горадзе.

Трэба спадзявацца, такі багаты, размаіты святочны антураж не паменшыць цікавасці гараджан да ўласна конкурсных праглядаў “Сожскага карагоду”. Дарэчы, фінальныя этапы турніра па спартыўных бальных танцах “Залатая рысь” упершыню будуць ладзіцца пад жывое гучанне Гомельскага сімфанічнага аркестра. Тыя, хто не патрапіць на сам конкурс, змогуць убачыць лепшыя нумары на канцэртных пляцоўках.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"