Брэндавыя старонкі шматважкага “фаліянта”

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Пра ўдзел Віцебшчыны ў культурным насычэнні кантэксту “Славянскага базару”, пра фестывальнае ўзаемадзеянне раённых аддзелаў з абласным упраўленнем культуры распавядае “К” ягоны начальнік Мікалай ПАШЫНСКІ

 /i/content/pi/cult/168/1552/Brendavyja-staronki2.jpg

Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі.

— Першыя фестывалі не выходзілі
за межы Амфітэатра, які тады яшчэ не меў даху, шыкоўнага архітэктурнага аблічча і суперсучаснага электроннага і механічнага начыння... Але цягам фестывальнай эвалюцыі дзея “Славянскага базару” выйшла за межы сцэны не толькі на гарадскія, але і на раённыя, абласныя абсягі. І гэты працэс на семнаццатым фестывальным кроку — зразумелы і заканамерны. Значна павялічылася колькасць “спадарожных” культурніцкіх мерапрыемстваў, перспектыўных праектаў, якія планамерна ажыццяўляюцца... Карацей, фестываль несупынна пашырае маштабы і паглыбляе змест. За тэатральнай старонкай “Славянскага базару” адразу разгарнулі старонку кінематаграфічную... У выніку фестывальная “кніга” нагадвае цяпер шматважкі фаліянт.
— З леташняй мадэрнізацыяй Амфітэатра наколькі павялічыўся фестывальны патэнцыял?
— З’явіўся не толькі дах. Замянілі практычна ўсе камунікацыі, абнавілі ўсю інфраструктуру канцэртнай залы. Набылі самую сучасную святлагукаапаратуру, святлодыёдныя экраны, сістэму падсветкі даху ў начны час. Нават сусветна вядомыя зоркі эстрады, якіх цяжка чымсьці здзівіць, пабачылі летась усю амфітэатраўскую аздобу і ахнулі ад захаплення.
Я ўжо не кажу пра шыкоўныя грымёркі і сучасную кавярню... Усё гэта, безумоўна, і прэстыж наш павысіла, і пашырыла фестывальныя магчымасці. Я перакананы, што наша сцэнічная пляцоўка, разлічаная на шэсць тысяч гледачоў, на сёння — адна з лепшых у Еўропе. Таму і імкнёмся выкарыстоўваць яе напоўніцу — не толькі летам. На мадэрнізацыю затрачаны вялікія бюджэтныя грошы, трэба іх пакрысе вяртаць. Так што даём магчымасць выступіць на гэтай сцэне і айчынным выканаўцам. У Амфітэатры ўжо адбыліся канцэрты і Алесі, і Аляксандра Саладухі. Шэраг гарадскіх мерапрыемстваў распачалі тут з вясны, наладжвалі і школьныя вечары, і тэатралізаваныя дзеі для выпускнікоў, і акцыі айчыннага тэлебачання. Леташняя восень таксама была насычанай на падзеі.Безумоўна, у першую чаргу імкнёмся прыцягнуць маладзёжную аўдыторыю, наша студэнцтва. Ёсць дамоўленасць і з Міністэрствам культуры, каб праводзіць у Амфітэатры рэспубліканскія маладзёжныя акцыі.
— Як, Мікалай Пятровіч, падрыхтаваліся да XVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў 21 раённы аддзел і 4 гарадскія аддзелы культуры Віцебшчыны?
— Асноўная наша задача — узорна наладзіць работу “Горада майстроў”. Праект гэты таксама спарадзіў фестываль... Збіраюцца сюды на 2— 3 дні каля 300 майстроў народных промыслаў з усёй рэспублікі. Натуральна, актыўны ўдзел у “Горадзе майстроў” бяруць і прадстаўнікі 25 дамоў рамёстваў нашай вобласці. Дарэчы, майстры народных промыслаў упершыню збяруцца сёлета на тэрыторыі Цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў “Задзвінне”, які знаходзіцца ў рэканструяваных будынках былых Саляных складоў. Гэты помнік архітэктуры XVIIІ стагоддзя размешчаны на правым беразе Заходняй Дзвіны і абяцае стаць ледзь не самым папулярным месцам адпачынку гараджан... А пакуль “Горад майстроў” абжывае новую тэрыторыю.
— Ажыццяўленне праекта “Задзвінне” нічога апрача захаплення не выклікае: цудоўная база для захавання і папулярызацыі традыцыйнага беларускага мастацтва, якая мае неблагія перспектывы развіцця і ў плане навуковай дзейнасці, і ў плане аказання самага шырокага спектра платных паслуг. З гэтай нагоды як ацэньваеце дзейнасць аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама?
— Усе мерапрыемствы па-за сцэнай Амфітэатра забяспечвае менавіта гарадскі аддзел, і робіць гэта досыць прафесійна, зладжана і змястоўна.
— Ці будзе сёлетні фестываль выязным у межах вобласці?
 /i/content/pi/cult/168/1552/Brendavyja-staronki1.jpg

— Канешне. Традыцыйны выезд удзельнікаў “Славянскага базару...” намечаны ў Дуброўну. Тут выступалі ўжо і Надзея Бабкіна, і Людміла Зыкіна, і іншыя зоркі эстрады... І госці, і ўдзельнікі фестывалю, як і заўжды, наведаюць з экскурсіяй Крупеніна, Здраўнёва, Полацк. Канцэрты арганнай музыкі ў Сафійскім саборы і шпацыры па вулачках на радзіме Францыска Скарыны заўжды незабыўныя для нашых замежных гасцей.
— Вашы найбольш яркія ўражанні ад леташняга фестывалю?
— Яны звязаны ў першую чаргу з дзелавымі і творчымі стасункамі з замежнымі калегамі, дзеячамі культуры, міністрамі культуры, прафесійнымі артыстамі. Ведаеце, гэта вельмі моцна падсілкоўвае нас у творчым плане, прымушае не спыняцца ў развіцці. “Славянскі базар” істотна падштурхнуў наш рэгіянальны фестывальны рух. У вобласці рэалізаваны і дзейнічаюць 30 праектаў. Гэта выдатная лабараторыя, у якой адпрацоўваюцца новыя творчыя падыходы да развіцця айчыннай культуры, да пераасэнсавання сённяшняй нашай абласной культасветработы — і ў духоўным, і ў арганізацыйным планах.
— Як узаемадзейнічаеце пры гэтым з абласнымі ўладамі?
— Стараемся кіраўніцтва не “нагружаць”, хоць губернатар Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка заўжды адкрыты для кантактаў і падтрымлівае абласную культуру па першым закліку. Кожны ў сферы нашай культуры ведае свае абавязкі і імкнецца іх выконваць як мае быць. Дарэчы, у дырэкцыі “Славянскага базару ў Віцебску” за без малога дваццацьгадоў працы амаль не было кадравых ратацый. Чым не доказ высокага прафесіяналізму?! Абласную рабочую групу па арганізацыі і правядзенні фестывалю ўзначальвае намеснік старшыні аблвыканкама Пётр Уладзіміравіч Южык. І для рабочай групы няма дробязей. Пад кантролем — і пражыванне, і харчаванне ўдзельнікаў фэсту. Работа вельмі напружаная, але ў выніку мы маем сусветна вядомы брэнд пад назвай “Славянскі базар у Віцебску”. 

Матэрыял падрыхтаваў Яўген РАГІН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Віцебск — Мінск
Фота аўтара