Пад сцягам Europa Nostra

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

У рамках міжнароднай акцыі Рады Еўропы Дні еўрапейскай спадчыны, якая ў Беларусі супадае з акцыяй нацыянальнага маштабу “Год малой радзімы”, у Нацыянальным гістарычным музеі прайшла выстава “Славутыя дзеячы Беларусі”. На ёй была прадстаўлена нізка партрэтаў нашых нацыянальных дзеячоў, якія зрабілі важкі ўнёсак у еўрапейскую, а значыць, і ў сусветную цывілізацыю.

Выстава праходзіла пад сцягам Europa Nostra — агульнаеўрапейскай арганізацыі, якая клапоціцца пра захаванне і папулярызацыю культурнай спадчыны і прыроднага асяродку кантынента. У экспазіцыі выставы — высокаякасныя рэпрадукцыі каляровых літаграфій, выкананых у 1990-х гадах мастакамі Валянцінам і Ліліяй Варэца. На 24 аркушах праз знаныя асобы адлюстравана гісторыя Беларусі з ХІІ па ХІХ стагоддзе.

Партрэты гэтыя вядомы шырокай грамадскасці, бо іх рэпрадукцыі можна сустрэць і ў падручніках гісторыі, і на паштовых марках, і ў музейных экспазіцыях. Фонам кожнага служаць выявы, якія распавядаюць пра час, у якім жылі і працавалі выдатныя асобы, а таксама пра характар іх дзейнасці.

Ва ўступным слове да каталога выставы міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар адзначыў, што беларусы маюць падставы ганарыцца сваёй гісторыяй і асобамі, якія яе стваралі. І на гэтых прыкладах, ідэалах і каштоўнасцях трэба выхоўваць маладое пакаленне. Міністр падкрэсліў, што ўсеабдымнае вывучэнне і папулярызацыя гістарычнай спадчыны — найважнейшая задача ў рамках культурнай палітыкі беларускай дзяржавы.

А дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька на прэзентацыі выставы нагадаў, што дзякуючы патрыятычнай дзейнасці асоб, чые партрэты складаюць экспазіцыю, мы сёння стаім на трывалым грунце палітычнага і духоўнага суверэнітэту.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"