Сто паэтаў Паднябеснай і Сінявокай

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

11 верасня ў прэс-цэнтры Дома прэсы ішла гаворка пра адкрыццё аддзела кітайскай літаратуры ў адной з мінскіх кнігарняў і пра перспектывы беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў выдавецкай справе і кнігагандлі.

Кітайскую нацыянальную карпарацыю па імпарце і экспарце выданняў на сустрэчы з журналістамі прадстаўляла віцэ-прэзідэнт Пан Лілі. Разам з ёю на пытанні прадстаўнікоў СМІ адказвала дырэктар міжнароднага дэпартамента па аўтарскім праве Лэй Цзяньхуа. Ад Беларусі былі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Алена Паўлава і генеральны дырэктар ААТ “Белкніга” Аляксандр Вашкевіч. Усе згаданыя асобы гаварылі пра пашырэнне на Беларусі праекта “Паліцы кітайскіх кніг” (менавіта ў рамках ягонай рэалізацыі адкрыўся кітайскі аддзел у сталічнай кнігарні) як пра надзвычай важную падзею, якая мусіць паспрыяць умацаванню культурных стасункаў паміж двума народамі, пашырыць поле ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва нашых краін.

Спадарыня Паўлава нагадала, як у 2015 годзе Кітайская Народная Рэспубліка была ганаровым госцем Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Менавіта тады адбыліся перамовы адносна перакладу і публікацыі ў нашай краіне твораў кітайскай літаратуры. Вынікам стаў выхад у свет двух зборнікаў паэзіі — “Пад крыламі дракона”, дзе пад адной вокладкай сабраныя радкі ста знакамітых творцаў даўніх часоў, і “Пялёсткі лотаса і хрызантэмы” — літаратура ХХ стагоддзя. Акрамя таго, шэраг знакамітых паэтаў былі прадстаўлены асобнымі выданнямі. Таксама выходзілі кнігі, прысвечаныя беларуска-кітайскаму партнёрству ў розных галінах.

Спадар Вашкевіч адзначыў, што праца па распаўсюдзе ў Беларусі лепшых твораў кітайскай літаратуры прыязна сустрэта нашай грамадскасцю і праз гэта набывае новы імпульс. Ад імя “Белкнігі” ён параіў кітайскім калегам, прапанаваць для друку на нашай мове тыя выданні, якія яны самі лічаць вартымі.

Пакуль беларускіх кніг у Кітаі выдадзена ўсяго некалькі дзясяткаў. Гэта савецкая класіка, творы Святланы Алексіевіч, народныя казкі… Аднак госці з Паднябеснай выявілі памкненне больш даведацца пра нашу культуру. Спадарыня Пан Лілі лічыць, што беларускі праект, аналагічны кітайскаму — калі краіну рэпрэзентуюць сто паэтаў — быў бы запатрабаваным. Праблема, аднак, у тым, дзе ўзяць для такога патрэбную колькасць перакладчыкаў, чый досвед адпавядаў бы пастаўленай задачы. Але паколькі кантакты паміж нашымі краінамі шырацца, можна спадзявацца, што з часам праблема вырашыцца.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"