Скруткі і кодэксы Кнігі кніг

№ 37 (1372) 15.09.2018 - 22.09.2018 г

Словы “Біблія” і “бібліятэка” недарэмна маюць аднолькавы корань. Дзень бібліятэк сёлета пройдзе напярэдадні выключнай падзеі. Галоўная кніжная скарбніца краіны на месяц размесціць у сваіх сценах звышкаштоўныя артэфакты з усяго свету, якія апавядаюць пра гісторыю Кнігі кніг — Бібліі. А таксама і пісьменства наогул.

/i/content/pi/cult/709/15516/1.jpgЯшчэ нідзе ў свеце каштоўныя рарытэты, якія тычацца самай уплывовай кнігі чалавецтва, не дэманстраваліся ў такім аб’ёме. Дзве сотні экспанатаў сабраны “пад адным дахам” з дзясятка прыватных калекцый, раскіданых па розных краінах. Мы здолеем на свае вочы ўбачыць гліняныя таблічкі, напісаныя некалькі тысячагоддзяў таму на радзіме Аўраама, самыя старажытныя фрагменты Старога Запавету, знойдзеныя ў пячорах Кумрана, першыя пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы, арыгіналы выданняў Гутэнберга, Лютара і Скарыны ды многія іншыя каштоўнасці сусветнага значэння.

Пачынаючы з 20 верасня і на працягу месяца гэтыя скарбы можна будзе ўбачыць у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Індыяна Джонс біблеістыкі

Перамовы аб правядзенні выставы ішлі цягам года. Амаль штомесяц у Беларусь прыязджалі вядомыя замежныя спецыялісты, вывучалі абсталяванне і мікракліматычныя ўмовы, а заадно і цікавіліся працай бібліятэкі, яе фондамі. Выстава планавалася як сумесная, і шматлікія яе раздзелы будуць дапоўнены ўнікальнымі кнігамі з беларускага збору. Гэтыя рукапісы і першадрукі прыцягнулі ўвагу сусветнай грамадскасці летась, калі яны дэманстраваліся на выставе “Францыск Скарына і яго эпоха”, зладжанай да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

— Тады я думаў, што больш важнага праекта ў маім жыцці ніколі не атрымаецца! — прызнаецца намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і куратар выставы “Беларусь і Біблія” ад беларускага боку Алесь Суша. — Кнігі такой значнасці раней ніколі ў Беларусь не траплялі. І раптам з’яўляецца прапанова правесці новую выставу, каб паказаць гісторыю Бібліі ў некалькі тысяч гадоў!

Прапанова паступіла ад “Групы даследавання рукапісаў” — міжнароднай грамадскай арганізацыі з офісам у ЗША, члены якой шмат падарожнічаюць па свеце, даследуюць і вывучаюць старажытныя, пераважна біблейскія тэксты ад этапу археалагічных раскопаў да навуковых апісанняў і рэстаўрацыі. Менавіта пры ўдзеле гэтай грамадскай арганізацыі летась у Вашынгтоне быў адкрыты Музей Бібліі — пяціпавярховы гмах, у якім сабрана безліч унікальных каштоўнасцяў з усяго свету.

Групай экспертаў кіруе Скот Кэрал — гэткі Індыяна Джонс у біблеістыцы. Ён сам непасрэдна займаўся археалагічнымі раскопкамі ў Ізраілі і зарэкамендаваў сябе як вялікі аўтарытэт у галіне ідэнтыфікацыі і тлумачэння зместу старажытных рукапісаў. Менавіта гэты знакаміты навуковец выступіў куратарам мінскай выставы ад “Групы даследаванняў рукапісаў”.

Як адзначае Алесь Суша, для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі вялікі гонар патрапіць у спіс устаноў, з якімі працуе Скот Кэрал — нароўні з Брытанскай бібліятэкай ці бібліятэкай Ватыкана. У гэтым жа шэрагу і ўладальнікі сусветных прыватных калекцый, значнасць і каштоўнасць якіх не саступаюць дзяржаўным зборам.

Скарбы прыватных калекцый

У Мінск прыедуць гліняныя таблічкі адной з першых цывілізацый у гісторыі чалавецтва — шумераў, старажытнага насельніцтва
Паўднёвай Месапатаміі. Мы ўбачым арыгінальныя гліняныя тэксты з паўднёвакарэйскай калекцыі — адну піктаграфічную таблічку, якая датуецца трэцім тысячагоддзем да нашай эры, і дзве клінапісныя, другога тысячагоддзя, знойдзеныя на радзіме Аўраама ў Уры. Іх равесніцы, якія захоўваюцца, напрыклад, у Брытанскай бібліятэцы, практычна ніколі не пакідаюць яе сцен. Змест урскіх тэкстаў гаспадарчы, гаворка там ідзе пра гандаль, але іх адносіны да тэматыкі выставы відавочныя — яны апавядаюць пра ўмовы жыцця біблейскіх асобаў.

/i/content/pi/cult/709/15516/2.JPGНе менш каштоўныя экспанаты прывязуць у Мінск яшчэ з дзесяці калекцый з Вялікабрытаніі, Ізраіля, ЗША. Як адзначыў Алесь Суша, Нацыянальная бібліятэка Беларусі мае ладны досвед паспяховага супрацоўніцтва з такімі ж дзяржаўнымі ўстановамі іншых краін. А вось праца з прыватнымі асобамі для яе — гэта выпадак, можна сказаць, выключны. Ён прадугледжвае іншыя юрыдычныя гарантыі і тэхналогіі мытнага афармлення кніжных помнікаў, іх дэкларавання. Таму адпаведныя спецыялісты бібліятэкі атрымалі зусім новы для сябе досвед.

Дарэчы, вялікую частку рарытэтаў прывязуць самі іх уладальнікі — каб прасачыць за стварэннем усіх неабходных умоў для дэманстрацыі экспанатаў, страхавыя кошты якіх складаюць мільёны еўра.

На папірусе і пергаменце

Для асобных рарытэтаў удзел у выставе стане першым — як, напрыклад для скрутку з Кумранскіх рукапісаў — сенсацыйнай знаходкі другой паловы ХХ стагоддзя, калі на поўначы Мёртвага мора былі знойдзены пячоры, у якіх члены адной з іўдзейскіх сектаў хаваліся ад рымскіх легіянераў. Там некалькі тысячагоддзяў праляжалі скруткі біблейскіх кніг.

Экспазіцыю выставы храналагічна працягнуць тэксты Новага Запавету на папірусе і пергаменце, якія датуюцца ІІ — ІІІ стагоддзямі пасля нараджэння Хрыстовага. І гэта ўжо не скруткі і не таблічкі. Хрысціянства праз Новы запавет стварыла чарговую гістарычную форму кнігі — кодэкс. Аркушы, спісаныя з абодвух бакоў, сталі змацоўваць пад пераплёт. Выстава прадэманструе ўнікальныя рукапісы на старажытных мовах, сярод якіх — самарыцянскія, копцкія, армянскія тэксты.

Знакамітыя Александрыйскі і Сінайскі кодэксы пакажуць на выставе толькі ў выглядзе факсіміле: арыгіналы захоўваюцца ў Брытанскай бібліятэцы і ніколі не пакідаюць яе сцен. Затое мы ўбачым арыгінальныя інкунабулы — самыя першыя друкаваныя выданні. У гэтай частцы экспазіцыю пачнуць дапаўняць і фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. А завершыцца экспазіцыя перакладамі Бібліі на беларускую мову.

На міжнародную выставу з розных краін прыедуць прафесійныя лектары, экскурсаводы, аніматары, валанцёры. І, канешне, чакаецца вялікая колькасць замежных гасцей. Да адкрыцця выставы з’явяцца каталогі на беларускай, рускай і англійскай мовах з падрабязным апісаннем кожнага экспаната.

Падрыхтоўка такога маштабнага праекта, безумоўна, ішла ў самых розных кірунках. Распрацавана шырокая адукацыйная праграма, з’явіцца друкарскі варштат часоў Гутэнберга і рукапісная майстэрня. З удзелам Нацыянальнай акадэміі навук распрацаваны адмысловы аўдыягід. Ён створаны для мабільных прыладаў, карыстальнікі якіх змогуць спампаваць праграму, а потым каля пэўнага экспаната праслухаць усю інфармацыі пра яго на абранай мове. Да таго ж, віртуальны тур па выставе можна будзе зрабіць нават за тысячу кіламетраў ад яе — праграма працуе незалежна ад фізічнага знаходжання карыстальніка.

Але лепш, вядома, не ўпусціць магчымасці на свае вочы ўбачыць каштоўныя рарытэты. Мяркуецца, што толькі на адкрыццё выставы прыйдзе каля 500 чалавек. Ствараюцца нават спецыяльныя аўтобусныя маршруты, каб жыхары іншых гарадоў Беларусі атрымалі такую магчымасць.

Варта дадаць, што наведванне экспазіцыі будзе бясплатным для карыстальнікаў бібліятэкі, а ўсім астатнім прапануюць набыць звычайны пропуск.