Паслядоўнік Рыгора Шырмы

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

У яго асобе спалучыліся постаці народнага спевака і прафесійнага харавога дырыжора, непасрэднага носьбіта традыцыі і яе руплівага даследчыка, аўтарытэтнага педагога і поўнага творчых задум інтэрпрэтатара музычнай спадчыны. Вучань і паслядоўнік Рыгора Шырмы сабраў тысячы ўнікальных беларускіх песень і апісанняў абрадаў ды вылучаўся ўласным “почыркам” трактоўкі народных мелодый. Усё сваё жыццё Уладзімір Раговіч прысвяціў збору, даследаванню і папулярызацыі беларускага нацыянальнага меласу.

/i/content/pi/cult/708/15514/22.JPGСпяваў раней, чым гаварыў

Ён нарадзіўся 23 сакавіка 1938 года ў мястэчку Парычы (цяпер — у Светлагорскім раёне). Спяваць навучыўся ці не раней, чым гаварыць, і ўжо ў два гадкі выводзіў сваю ўлюбёную “Пасею гурочкі”, пачутую ад маці. Ульяна Афанасьеўна была спадчыннай спявачкай, ды і бацька хлапчука Восіп Казіміравіч таксама меў гэты талент. Дарэчы, любоў да тых парыцкіх песень Раговіч захаваў праз усё жыццё.

Ужо ў юнацтве ён займеў славу як выдатны народны спявак, носьбіт традыцый Гомельскага Палесся. Менавіта ў Парычах на адным з самадзейных канцэртаў яго заўважылі, ацанілі і прапанавалі атрымаць адукацыю.

Далей было навучанне ў Гомельскім музычным вучылішчы. Падчас студэнцкай практыкі ў далёкім 1957 годзе ён пачаў запісваць беларускія народныя песні. Па атрыманні дыплома таленавіты хлопец выправіўся ў Мінск — паступаць у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю.

22-гадовы студэнт спалучае навучанне з актыўнай працай на аматарскай сцэне. У 1960 годзе ён стварыў Народную харавую капэлу МТЗ. Дзякуючы ёй рабочыя завода-гіганта — як правіла, выхадцы з вёсак — не адрываліся напоўніцу ад сваіх культурных каранёў. Дарэчы, менавіта ў гэтым калектыве хормайстрам працаваў яшчэ адзін малады выхадзец з Палесся — Міхаіл Дрынеўскі.

Паралельна Уладзімір Раговіч кіраваў Народнай харавой капэлай БДУ (1961 — 1966 гады), хорам хлопчыкаў ДК МТЗ (1964 — 1967 гады). Там ён набіраўся досведам, які потым спатрэбіўся яму на прафесійнай сцэне.

Філіграннасць партытуры

Па сканчэнні кансерваторыі была шчыльная шматгадовая праца з Рыгорам Шырмам. Урэшце, менавіта Уладзімір Раговіч замяніў яго ў 1970 годзе на пасадзе мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР. І кіраваў ёю доўгіх і плённых дванаццаць гадоў.

/i/content/pi/cult/708/15514/23.JPGУладзімір Раговіч заўжды адстойваў сваё меркаванне: галоўны харавы калектыў краіны павінен сцвярджаць нацыянальную адметасць. Таму аснову рэпертуару капэлы побач з творамі сусветнага музычнага мастацтва складалі беларускія народныя песні ў аранжыроўцы лепшых майстроў: Анатоля Багатырова, Міхаіла Гайваронскага, Аляксандра Грачанінава, Яўгена Цікоцкага, Рыгора Пукста… Выконвала капэла і апрацоўкі народных песень самога Уладзіміра Раговіча. На канцэртах з поспехам гучалі “Ой, сівы конь бяжыць”, “Із далёкіх із краёў”, “Мікіта”, “Дробненькі дожджык”, “А дзе ж тая крынічанька” і многія іншыя.

Агулам за сваё жыццё Уладзімір Раговіч зрабіў больш за 250 апрацовак беларускіх песень. Як адзначае дацэнт БДПУ імя Максіма Танка Валянціна Чарняк, якая не адзін год працавала разам з Уладзімірам Іосіфавічам,
падыход дырыжора да стварэння харавой партытуры заўсёды быў філігранным, і кожная яго апрацоўка станавілася своеасаблівым дзействам, мініспектаклем, які ярка і вобразна ўзнаўляў карціну народнага жыцця.

Скарбонка для народнікаў

У 1980 — 90-я гады Уладзімір Іосіфавіч сістэматычна выязджаў са студэнтамі мінскага педінстытута і БДУ ў фальклорныя экспедыцыі. Актыўна працаваў ён у гэты перыяд у Навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору і дыялекталогіі БДУ. Расшыфраваў сотні напеваў і стаў укладальнікам музычных частак цэлага шэрагу зборнікаў беларускага фальклору.

У 1988 годзе Уладзімір Раговіч на чатыры гады перабраўся ў Пінск, дзе яму прапанавалі ўзначаліць знакаміты Хор палескай песні. Менавіта ў тыя часы ён асабліва актыўна стаў вывучаць спеўную культуру Палесся. Так пачалася праца над першым сістэматызаваным зборам песеннага фальклору, дзе грунтоўна прадстаўлены ўсе яго жанравыя разнавіднасці. Асабліва важна, што ў выданні захаваны музычныя і вербальныя дыялектныя асаблівасці паўднёва-заходніх гаворак Беларусі. Аўтарам распрацавана тыпалогія вясельных песень, якая яскрава дэманструе сталасць і багацце народнага мыслення палешукоў.

Першыя два тамы збору адразу сталі запатрабаванымі сярод кіраўнікоў фальклорных калектываў. Ды, на жаль, трэці том, які ўключае пазаабрадавыя песні: любоўныя, сямейныя, жартоўныя, сацыяльна-бытавыя, балады — да гэтага часу так і не выдадзены, хаця і цалкам падрыхтаваны навукоўцам. Не выпадае сумнявацца, што песні з гэтага збору прамерам амаль у шэсцьсот старонак маглі б істотна пашырыць рэпертуар сучасных фальклорных ансамбляў, народных хароў, а таксама стаць матэрыялам для новых навуковых даследаванняў.

Здабыткам шляху ў дзясяткі гадоў і тысячы кіламетраў стала калекцыя, якая налічвае больш за тры тысячы беларускіх народных песень. Сваімі экспедыцыйнымі запісамі Уладзімір Раговіч шчодра дзяліўся з аматарскімі і прафесійнымі калектывамі. І неўзабаве яны ўжо гучалі са сцэны па ўсёй краіне. Многія кіраўнікі народных ансамбляў дасюль удзячныя яму за гэтую рэпертуарную дапамогу.

— Запісы песень, выкананыя Уладзімірам Раговічам — вельмі дакладныя, з мелізмамі, з падпеўкамі, са шматгалоссем. Гэта папраўдзе энцыклапедычная работа! Тым болей, многія з тых спеваў ад носьбітаў ужо не пачуеш, — кажа сённяшні мастацкі кіраўнік заслужанага ансамбля песні і танца “Зорачка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Ала Навіцкая.

Гэтыя песні, выратаваныя рупліўцам ад знікнення, гучаць на канцэртах “Зорачкі” і сёння.

Разам са сваімі сябрамі, знанымі музыкамі-фалькларыстамі Алегам Аляхновiчам і Мікалаем Сіратой, Уладзімір Раговіч стварыў ансамбль народнай музыкі “Веды”. Дасканалае веданне традыцый розных рэгіёнаў Беларусі, майстэрскае валоданне народнымі музычнымі інструментамі дазвалялі рабіць цікавыя і разнастайныя праграмы. Уладзімір Іосіфавіч выдатна саліраваў у песнях “I туды гара, i cюды гара”, “Iшоў казак дарогаю”, “Пошов по кай рэчушкі”. Незвычайны голас з прыгожым тэмбрам вёў песні лагодна, глыбока. Ён пераносіў слухачоў з горада ў вёску, да старадаўніх беларускіх традыцый мужчынскіх спеваў.

Уладзіміра Раговіча няма з намі ўжо 13 гадоў. Ён пакінуў пасля сябе буйную спадчыну, якая не вычарпаецца нават дзясяткам тамоў. Яе навуковы аналіз толькі распачынаецца. А вось у творчым працэсе шматлікіх народных ансамбляў зробленае гэтым рупліўцам ужо атрымала яскравую рэалізацыю.

Наталля МАЗУРЫНА, фалькларыстка.