Восеньская ода бульбе

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

Ну і якой бяды, што за акном восень, а прачынацца даводзіцца ў не надта аптымістычных прыцемках? Для мяне асабіста цярплівае чаканне чарговага лета — адзін з абавязковых жыццёвых сэнсаў. А лістапады і снежныя завеі толькі дадаюць гэтаму чаканню ўрачыстай асэнсаванасці. І ўвогуле, восеньскі сплін — добрая ўмова творчага працэсу ды крыніца вельмі дзейснага натхнення. І сённяшнія чытацкія лісты — яскравы таму доказ.

/i/content/pi/cult/708/15510/17.JPGУ апошні дзень жніўня сёлетняя культурная сталіца Наваполацк урачыста завяршыла летні марафон імпрэзаў. Прычым апошнія яго акорды, як паведамляе мясцовы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, прагрымелі не абы-як. На галоўнай плошчы горада прайшоў рок-канцэрт “Наваполацк — горад без наркотыкаў”. Выступілі вядучыя гурты горада Detroit Hills, Among Gods, Weesp і многія іншыя рок-калектывы. Аматары больш традыцыйнага мастацтва сустрэліся з Ансамблем пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Восеньскі цыкл культурных падзей абяцае быць не менш захапляльным.

З улюбёнай многімі парой года ўрачыста развіталіся і ў дзіцячым парку Дзяржынска, дзе прайшло сямейнае свята “Мелодыі сыходу лета”. У ім бралі ўдзел творчыя калектывы Дзяржынскага гарадскога дома культуры.

Што прымусіла выкладчыка прафесійна-тэхнічнага каледжа з Відзаў (Браслаўскі раён) Леаніда Дзікцярова ўзяцца за здымкі мастацкіх фільмаў? Напэўна, жаданне адлюстраваць не толькі праблемы сучаснай вёскі, але і паказаць самабытнасць характараў яе насельнікаў. “К” пісала калісьці, што першай карцінай рэжысёра-аматара стала меладрама “Ты мне хто?”, якая закранала тэму грамадзянскага шлюбу ў маладзёжным асяродку (сцэнарый докшыцкага драматурга Фёдара Палачаніна). А днямі ў Відзаўскім ДК адбылася прэм’ера камедыі Дзікцярова “Лявоніха”. Стужка — пра лянівую жонку, якая не хоча несці адказнасць за дзяцей і дабрабыт уласнай сям’і. Яе гаспадара сыграў паэт з вёскі Жукоўшчына (Шаркаўшчынскі раён) Язэп Квач, які стаў і аўтарам сцэнарыя. Галоўную ролю выканала Тамара Літвіновіч з Алашак (таксама Шаркаўшчына). Мантажом займаўся відзаўчанін Раман Стома.

У Леаніда ёсць сапраўдны дар уцягваць ва ўласны творчы вір ці не ўсё наваколле. І сам ён з поспехам выконваў функцыі не толькі рэжысёра, але акцёра і аператара. Па словах Леаніда Дзікцярова, “Лявоніха” атрымала добрую ацэнку гледачоў. Можна шмат разважаць пра перавагі і недахопы інсітнага мастацтва беларусаў з раёнаў (да гэтага жанру, перакананы, належыць і кінатворчасць
Леаніда), але адно застаецца для мяне неаспрэчным: такія рэчы прывабліваюць не эпігонствам, а бязмежнай шчырасцю, якая сагрэе вас гэтымі восеньскімі вечарамі.

Літаратар Анатоль Дзенісейка з Іванава згадвае 25-ты па ліку Дзень беларускага пісьменства і спыняецца найперш на сардэчнасці ды гасціннасці шараговых жыхароў гэтага палескага горада. Яны, маўляў, і начны прытулак гасцям прапаноўвалі, і шчодры кулінарны пачастунак для іх рыхтавалі.

Верасень — гэта яшчэ і пачатак навучальнага года. На Карэліччыне ў Дзень ведаў адбылося свята “Насустрач школьным адкрыццям”. Былі ўзнагароджаны самыя актыўныя ўдзельнікі акцыі “Лета і кнігі” Вераніка Міхайлоўская, Уладзіслава Клікоцкая, Дар’я Лейка і Мілана Маклюк. А выхаванцы мясцовай дзіцячай школы мастацтваў прадэманстравалі сваё шматжанравае майстэрства.

А ў Ганцавічах раённы дом рамёстваў падрыхтаваў для вучняў сярэдняй школы № 1 адукацыйна-забаўляльную праграму “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”. Дзеці пазнаёміліся з мясцовымі промысламі і рамёствамі, паўдзельнічалі ў майстар-класе па ткацтве. Як паведамляюць у Ганцавіцкім доме рамёстваў, названая праграма будзе дзейнічаць цягам верасня. Інакш кажучы, яе ўдзельнікамі могуць стаць ахвотныя і з іншых раёнаў.

І яшчэ адна навіна з Ганцавіцкага РДР. Установу напрыканцы лета наведалі госці з Польшчы: дырэктар Музея малой Бацькаўшчыны ў вёсцы Студзіводы Дарафей Фіёнік і заснаваны ім гурт “Жэмэрва” разам з кіраўніком Ганнай Фіёнік. “Жэмэрва” выконвае аўтэнтычны фальклор Падляшша.

11 верасня ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрыецца мастацкая выстава “Сэрцам малюю”. Экспазіцыя складаецца з работ вучняў Слуцкай дзіцячай мастацкай школы.

Дырэктар Смаргонскага раённага цэнтра культуры Галіна Крацянок напісала пра шэраг брэндавых акцый: “У Войстамскім сельскім клубе свята кветак называлася “Таямніца прыгажосці”. Цікава, што букеты складаліся не толькі з кветак, але і з гародніны ды садавіны. А Залессе стала месцам правядзення канцэртнай праграмы па заяўках вяскоўцаў. У вёсцы Казярнікі свята арганізавалі работнікі Жодзішкаўскага дома культуры. Мерапрыемства па традыцыі прызначалася не толькі дарослым, але і дзецям. “Ураджайныя вячоркі” ладзіліся ў аграгарадку Крэва”.

Тэму працягваюць работнікі культуры Малой Бераставіцы. Паколькі мясцовае сельгаспрадпрыемства славіцца элітнымі гатункамі бульбы, адпаведны фэст тут ладзіць сам Бог загадаў. І гэта ода не толькі бульбе, але і людзям, якія яе вырошчваюць.

Бульбачка-беларусачка ўшаноўваецца і на Дзятлаўшчыне. Адпаведнае свята ладзіцца ў аграгарадку Хвінявічы ў рамках раённага праекта “Дбайных людзей славім — весела час бавім”. Сюжэтна-гульнёвую праграму “Як мы бульбачку капалі” прапанаваў народны тэатр-студыя гульні “Прымакі”. Раённая бібліятэка арганізавала выставу часопісаў з рэцэптамі страў з бульбы.

У трэці раз “Ракаўскі фэст” (Міншчына) сабраў прадстаўнікоў розных культур. Музычныя і харэаграфічныя калектывы, выканаўцы з Польшчы, Літвы і Беларусі паказалі сваё майстэрства. Можна было паўдзельнічаць у квэсце паводле кнігі Сяргея Пясецкага “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, што перадае атмасферу мястэчка 1930-х гадоў. І прайсці таемнымі сцежкамі кантрабандыстаў. А яшчэ прэзентаваліся нацыянальныя кухні, дзейнічалі майстар-класы традыцыйных танцаў, мастакі пісалі партрэты ахвотных, выступалі артысты. Пра ўсё гэта паведаміла ўдзельніца фэсту Лізавета Таўгень.

Дырэктар Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея Дар’я Эверс распавяла пра тое, што ў Ціманаўскім сельскім доме культуры адраджаюць народны абрад хрышчэння дзіцяці. Рэканструкцыя дзей і песень адбываецца па ўспамінах старажылаў — у прыватнасці, са слоў 75-гадовай Марыі Цыкуновай. Да прыкладу, пры першым купанні дзіцяці бабка кідае ў ваду хлеб, соль, збожжа і срэбраную манетку. І ўсё для таго, каб рос дзіцёнак здаровым і заможным. Рэканструкцыя першага купання і хрышчэння была прадэманстравана жыхарам аграгарадка.

Нізка інфармацый пра бібліятэчны клопат. Мастоўская райбібліятэка правяла бібліяфэст “Мая Радзіма — мой горад Масты”. Мне спадабалася акцыя “Вершы ў падарунак”, калі бібліятэкары ў футболках з лагатыпам “Я люблю чытаць! ” дарылі гасцям свята паштоўкі з вершамі мясцовых паэтаў пра Масты. Пра гэта напісала метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун.

Падчас выязнога пасяджэння жаночага клуба “Профі — заўжды!” Ваўкавыскай раённай бібліятэкі яго сябры наведалі Траецкі касцёл у мястэчку Рось, дзе ксёндз Чэслаў Паўлюкевіч правёў экскурсію, а таксама — Роскі цэнтр народных рамёстваў і музей побыту. Пабывалі вандроўнікі і ў аграгарадку Воўпа, дзе зацікавіліся школьным музеем і касцёлам Святога Яна Хрысціцеля.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"