Аляксандра Пахмутава: “Беларусь — паняцце святое”

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ўжо колькі гадоў запар адметны сваімі ўзнагародамі выдатным дзеячам культуры сучаснасці, і найперш — Спецыяльнай узнагародай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. Сёлета ёю адзначана Аляксандра Пахмутава — народная артыстка СССР, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

 /i/content/pi/cult/168/1551/Pahmutava.jpg
Узнагарода была заснавана ў 2005 годзе Указам Кіраўніка нашай дзяржавы з мэтай адзначаць уклад творцаў ва ўмацаванне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, прапаганду дасягненняў і ўзораў сусветнай мастацкай культуры, заснаванай на гуманістычных ідэалах і каштоўнасцях.
Фігурку дзяўчыны-музы, што лунае па-над сферай — зямным шарам, першым атрымаў народны артыст СССР, кампазітар Андрэй Пятроў. У 2006 годзе лаўрэатам стала, атрымаўшы ўзнагароду з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на ўрачыстым адкрыцці фестывалю, народная артыстка СССР Ала Пугачова, летась — народная артыстка СССР, Герой Украіны Сафія Ратару.
Для славутага кампазітара Аляксандры Пахмутавай, сёлетняга лаўрэата, сцэна віцебскага Летняга амфітэатра — гасцінны дом ужо з першых “Славянскіх базараў”, а ў 2004 годзе яна атрымала Прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, у тым ліку і за песні, выкананыя на віцебскіх фестывалях у 2002, 2003 гадах. Але ж, вядома, не толькі прэміямі адметны ўдзел Аляксандры Пахмутавай у “Славянскім базары ў Віцебску”. Кампазітар наведала ўжо першы — у 1992 годзе — фестываль, зазначыўшы пасля, што ў яго ёсць будучыня, і на ім жа была ўзнагароджана дыпломам “За вялікі ўклад у развіццё песеннага мастацтва і пастаянную творчую працу з маладымі выканаўцамі”. У 1999 годзе Аляксандра Пахмутава ўзначаліла Міжнароднае журы конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні, а ў 2005-ым, у Дзень Саюзнай дзяржавы, адбыўся творчы вечар аўтара легендарных песень.
У сваіх інтэрв’ю Пахмутава адзначала вялікую ролю “Славянскага базару ў Віцебску” не толькі для Расіі і Беларусі, якія з’яўляюцца краінамі-заснавальніцамі гэтай маштабнай падзеі ў культурным жыцці славянскіх народаў, падкрэсліваючы яго яднальную функцыю, традыцыйна высокі ўзровень правядзення і выступленняў як знакамітых артыстаў, так і пачаткоўцаў — маладых вакалістаў-канкурсантаў.
Атрымліваючы Прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, Аляксандра Пахмутава падкрэсліла, што для яе Беларусь і Расія заўжды былі разам. “Мы звязаны адным лёсам, — адзначыла кампазітар. — Мы ніколі не забудземся, што ў Вялікую Айчынную вайну ў Беларусі ваяваў увесь народ, мы не забудземся пра подзвіг беларускіх партызан, пра тое, што загінуў кожны трэці жыхар рэспублікі.” Пахмутава падкрэслівала ў гутарках з журналістамі сваё стаўленне да нашай краіны: “Беларусь — паняцце святое”.
Наогул, лёс Аляксандры Пахмутавай цесна паяднаны з Беларуссю. Згадайма толькі яе “Белоруссию” і “Беловежскую пущу”, што сталі вядомымі на ўвесь Савецкі Саюз дзякуючы нашым славутым “Песнярам”. Беларускімі выканаўцамі, у тым ліку і салістамі Заслужанага калектыву Нацыянальнага канцэртнага аркестра краіны пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, неаднаразова і паспяхова выконваліся таксама “Нежность”, “Надежда”, “Старый клён”, “Нам не жить друг без друга”… Аляксандра Мікалаеўна часта наведвае нашу краіну, сябруе з многімі творцамі, у прыватнасці, з Ігарам Лучанком, у 2007 годзе яна прыняла ўдзел у творчым вечары Анатоля Ярмоленкі ў сталічным Палацы Рэспублікі. А яшчэ ў 2005 годзе кампазітар на Міжнародным музычным фестывалі “Залаты шлягер” у Магілёве правяла ўласны творчы вечар у суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь, летась брала ўдзел у Днях Масквы, што адбыліся ў беларускай сталіцы…
Пастаянны кантакт цягам некалькіх дзесяцігоддзяў Аляксандры Пахмутавай з беларускім мастацтвам, той уклад, які быў зроблены ёй ва ўмацаванне стасункаў паміж народамі нашых краін на сучасным этапе, ніколі не заставаўся незаўважаным. Уладальніца Спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь напісала каля 400 песень, і многія з іх гучалі ў Віцебску ды іншых гарадах Беларусі, былі прысвечаны нашай Радзіме. Моцна любімыя народам творы Аляксандры Пахмутавай — надзейныя палі моста “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. 

Падрыхтаваў Сяргей ТРАФІЛАЎ