Цэнтральная экспазіцыя, ужо прэзентаваная публіцы, злучыла ў сабе 11 праектаў. Ад архіўных “59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі” і “Дзявочы вечар” — да рарытэтнай серыі фатографа Эдуарда Кэртыса, які калекцыянуе партрэты індзейцаў. Даследаванне інтэр’ераў літоўскіх загсаў прапанавала Вілма Самулёніце. Тэатр сацыяльных рытуалаў адлюстраваў у сваім праекце польскі фатограф Пшэмыслаў Пакрыцкі — “Рытуалы пераходу”. Вядомы фотакалектыў Sputnik, якому сёлета спаўняецца дзесяць гадоў, дэманструе вытрымкі са свайго архіва — “Страчаныя тэрыторыі. Новы канец”. Гэта прапанова паразважаць наконт магчымай будучыні чалавецтва.
Безумоўна, адной з самых моцных выстаў цэнтральнай экспазіцыі стаў “Чорны пашпарт”. Яна прымеркаваная да гадавіны сыходу Стэнлі Грына — выбітнага амерыканскага фатографа, які здымаў у “гарачых кропках” па ўсім свеце.
Вялікі агляд фотафэсту — у наступных нумарах “К”. Пакуль можна адзначыць выбітную працу куратараў і кіраўніка Месяца Андрэя Лянкевіча, якія прапанавалі публіцы новае аблічча фестывалю. Той крок наперад у экспазіцыйнай падачы, які мы ўбачылі ў зале галерэі “Ў”, дазваляе казаць пра набліжэнне да вядомых фотабіенале. Гэтаксама важна адзначыць і такую асаблівасць у сёлетняй цэнтральнай экспазіцыі, як інклюзіўная частка выставы, што прадугледжвае даступнасць праектаў невідушчым людзям. У праграме фестывалю запланаваны і інклюзіўны маршрут разам з куратаркай і актывісткай Наталляй Кавалевіч. Кіруючыся ім, як адзначаюць арганізатары, здымкі можна будзе “прачытаць” з дапамогай гукаў і пахаў.
У далейшай праграме — прэзентацыя каталога пра фатографа Юрыя Васільева ў Культурным цэнтры “Корпус”, дыскусіі пра архівы як сродак асэнсавання мінуўшчыны, цяперашняга і будучыні, “персаналка” Уладзіміра Парфянка ў “Кніжнай шафе” ды нават унікальная выстава французскага фатографа Андрэ Пэльштэйна, які здымаў зорак кіно і моды.
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА