А пра дзяцей вы падумалі?

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

Чарговае “Еўрабачанне”, хай сабе і дзіцячае, — чарговы скандал. Хто б сумняваўся? А між тым, абмяркоўваць трэба не толькі вынікі (любы конкурс — яшчэ і латарэя), але і сам узровень творчага спаборніцтва, мастацкія тэндэнцыі, уласна, песенныя і выканальніцкія “фішкі”.

/i/content/pi/cult/708/15506/14.jpgПільна назіраючы за ўсімі адборамі і, шырэй, за развіццём дзіцячага эстраднага выканальніцтва, можна заўважыць, наколькі ўзрасла як выканальніцкая планка, так і кампазітарская. Справа тут не толькі ў афіцыйным аўтарстве песень! Патлумачу: раней на дзіцячае “Еўрабачанне” абіраліся песні, створаныя быццам самімі юнымі ўдзельнікамі. Быццам — бо насамрэч так адбывалася далёка не заўсёды. Вядома, што вакальныя і сачыняльніцкія адоранасці дзяцей могуць не супадаць і сыходзяцца насамрэч вельмі рэдка: усё роўна звычайна штосьці аказваецца дамінуючым. Безумоўна, здараліся выпадкі, калі дзеці сапраўды прапаноўвалі свае ўласныя песні. Але часцей яны пісаліся прафесіяналамі, і па стылі можна было зразумець, хто з нашых кампазітараў за чыёй спінай стаіць. Але ўсё роўна агульны кірунак быў — на дзіцячую творчасць. Таму і песні былі больш простымі.

Цяпер гэтай умовы няма, і агульная стылістыка адразу стала складанейшай, “дарослай” — тым больш, што і дзеці сёння змяніліся. Прычынай таму не імгненная акселерацыя, а прафесійная падрыхтоўка юных спевакоў, якая распачынаецца з іх маленства. Пакуль падлічваліся вынікі галасавання, на сцэну традыцыйна выйшлі тыя, каму крыху не хапіла балаў для трапляння ў фінальную дзясятку. І стала зразумела, што, фарміруючы апошнюю, журы свядома арыентавалася не на больш лёгкія дзіцячыя песенькі, а на размаітасць стылістыкі — уключаючы найноўшыя дасягненні джаза і рока — багацце меладычнага разгорту, гармоній і аранжыровак.

Пры такім падыходзе несупадзенні думак журы і вынікаў глядацкага галасавання — літаральна запраграмаваныя. Гэтак жа, як і параўнанне інтэлектуальных фестывальных спектакляў і камедый, разлічаных на касавы поспех. Да таго ж, звярніце ўвагу: абмеркаванне адбору вядуць у сацсетках многія з тых, хто выступленні дзяцей не глядзеў. У лепшым выпадку, паслухаў пераможцу. Дый агульная колькасць тэлефанаванняў і дасланых СМС надта вялікая: хтосьці, можа, пашкадаваў 50 капеек з бацькоўскага бюджэту, але большасць аднагодкаў удзельнікаў за трансляцыяй папросту не сачыла — чаму спрыяў хаця б яе позні час.

А нечакана вялікая колькасць галасоў за Даніэля Ястрэмскага, і, дарэчы, дзявочага гурта “Мята” для многіх таксама была прадказальнай: хлопчыку дапамаглі прома-туры, дзяўчынкам — білборды. Дый калі салістак адразу пяцёра, у кожнай ёсць свае прыхільнікі, блізкія і сваякі. Таму група падтрымкі аўтаматычна памнажаецца на пяць.

На маю думку, вызначыцца членам журы сёлета было цяжкавата. Аднаго неаспрэчнага лідара не было. Сімптаматычна, што Мікіта Бялько апынуўся на верхняй пазіцыі ў журы і на ніжняй — у гледачоў. Бо прафесіяналы ацэньвалі ўласна музычны “прадукт” (а ў гэтага хлопчыка папраўдзе самы багаты голас, адметныя тэмбравыя фарбы — яго хочацца слухаць ды слухаць). А публіка — шоу, якога ў Мікіты не было. Асабіста я галасавала б таксама за яго. Але меркавала, што абяруць кагосьці з выхаванцаў Нацыянальнага цэнтра імя Уладзіміра Мулявіна. Арцём Скароль скараў усмешліва-завадной песняй, тэмпераментам, добрай энергетыкай, самім пазітывам, што сыходзіў цягам усяго выступлення. Марыя Жыліна ўявілася самай стабільнай, упэўненай у сваіх сілах спявачкай: прафесіяналізм не падвядзе ні ў якіх непрадбачаных выпадках. Дый беларуская мова — заўсёды супер!

Што ж да Даніэля, дык параўнайце яго цяперашнія спевы з леташнім удзелам у дзіцячай “Новай хвалі”: хлопчык відавочна ўзрос! Прынесла плён і скарыстаная ім магчымасць пры тэхнічных збоях (а ў яго і сапраўды на імгненне прапаў гук) паўтарыць выступленне: яго другі выхад стаў лепшым за першы. Дый песня цалкам паўтарылася, што таксама дапамагло патэнцыйным “вырашальнікам лёсу” з тэлефонамі ў руках больш уважліва ўслухацца, ацаніць дробна выпісаныя дэталі.

Ды ўсё ж самае, на мой погляд, сумнае ў гэтай гісторыі — прэцэдэнт скандалу, дарослых “разборак”. Ці ж не выхоўваем мы на гэтым і нашых дзяцей? Хтосьці з іх зробіць выснову, што чым больш гучна абураешся, тым лепей, і абярэ шлях скандаліста. Хтосьці ўвогуле зразумее, што бацькі і выкладчыкі пры любым раскладзе змогуць вырашыць усе твае праблемы. А значыць — быць інфантыльным зручна!

Можа, я і перабольшваю, але так хочацца, каб дзіцячыя конкурсы заставаліся святам — хай і са слязьмі на вачах, бо пераможцамі не могуць быць усе.

Хаця не, могуць! Калі тым жа дзецям даводзіць, што галоўная ў жыцці перамога — над самім сабой. А наконт таго, хто павінен прадстаўляць краіну на спаборніцтве (іншымі словамі, узвальваць на свае плечы адказнасць за гонар дзяржавы), давайце дамаўляцца неяк палюбоўна.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"