Віктар Бутра: “Фатаграфія — гэта эмацыйны ўсплёск”

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

У беларускай фатаграфіі ХХ стагоддзя ўжо склаўся свой пантэон аўтараў. І імя Віктара БУТРЫ — адно з тых, якое знаходзіцца ў ім па праве. Гэта аўтар, здымкі якога б’юць наводмаш. Па прафесіі ўрач, ды яшчэ і з даволі нечаканай спецыялізацыяй — паталагічная анатомія, Віктар Аляксандравіч прыйшоў у фатаграфію ў 1960-я. Здымаў усё жыццё — у Рызе, у Віцебску, у Мінску, у Маскве, куды толькі ні трапляў. І стаўся майстрам з характэрным “вострым” почыркам, сённяшняя калекцыя якога складае больш за сотню здымкаў.

/i/content/pi/cult/708/15505/11.jpgУладальнік мноства дыпломаў і адзнак, у тым ліку і фатаграфічнага “Оскара” ад Месяца фатаграфіі ў Мінску — “За ўнёсак у развіццё беларускай фатаграфіі”, Віктар Аляксандравіч не вельмі любіць увагу прэсы. І тым больш каштоўна, што фатограф пагадзіўся распавесці “К” пра сваю творчую кухню — не толькі пра тытулаваная “хіты”, але яшчэ і пра здымкі, якія рэдка паказваліся на выставах і друкаваліся ў СМІ.

— Пачну з відавочнага для журналіста пытання: як здарылася, што вы сталі патолагаанатамам?

— Я сам не думаў, што так адбудзецца. Тады я ўжо выпускаўся ў Віцебскім медыцынскім інстытуце. І да таго часу ў мяне назапасілася расчараванне ў арганізацыі працы ўрача-хірурга, акушэра-гінеколага ды іншых, ды падыходах да лячэння. Нават думаў па заканчэнні інстытута займуся чым-небудзь іншым. Але пад час размеркавання стаць патолагаанатамам мне прапанаваў улюбёнец студэнтаў Канстанцін Канстанцінавіч Іваноў, бліскучы практык і абаяльны педагог на кафедры патанатоміі. Я пагадзіўся — і такім чынам патрапіў у гэтую сферу.

— Цікава, адкуль у вас з’явілася расчараванне ў лячэбным працэсе?

— Яно наступіла не адразу. Увогуле, я вырас у Латвіі. Захапляўся ў свой час разам з фатаграфіяй і радыёэлектронікай яшчэ і спортам. У мяне былі траўмы, я часта трапляў да медыкаў. І яны лячылі мяне па-рознаму. Але аднойчы лёс звёў мяне з урачом усходняй медыцыны Аляксандрам Іванавічам Івачкім. У 1960-я ён быў, здаецца, адзіным у Рызе, хто меў прыватную практыку па гэтым відзе дзейнасці. Пазнаёміўшыся з ім, я і пераканаўся, што медыцына — гэта менавіта мастацтва не перашкаджаць прыродзе. А не той падыход, які ўласцівы на захадзе, і які мы таксама практыкуем: з’еў таблетку — і нібыта вылечыўся. Гэты майстар паказаў мне іншае стаўленне да чалавечага цела — як, у тым ліку, да ўнікальнага сасуда духу, магчымасці якога мы самі забіваем.

А пасля пераводу ў Віцебск ад некаторых выкладчыкаў я пачуў папрокі ў буржуазна-ідэалістычных поглядах.

— І тым не менш, менавіта ваш досвед медыка дазволіў вам зрабіць вядомыя сёння фотапрацы. Возьмем тую ж “Нахтненне дантыста”. Як вам удалося так блізка “падысці” да стаматолага?

— Мяркую, што гэта не зусім досвед медыка. Я проста апынаўся ў такіх сітуацыях і разам са мной быў фотаапарат. Напрыклад, у выпадку з “Натхненнем дантыста” літаральна за колькі хвілін да адлюстраванага на здымку моманту я сядзеў на месцы гэтага пацыента! А потым уваходзіць хлопец і вельмі просіцца: маўляў, не магу трываць. Доктар — як памятаю, звалі яго Уладзімір Васілюк — запытаўся ў мяне: “Можаш пачакаць хвілінку?” Я пагадзіўся. І пачаў гутарыць з маладой доктаркай, якая працавала на суседнім рабочым месцы. Вырашыў яе сфатаграфаваць, і тут пачуў стогн. Абарочваюся і бачу такую карціну: засяроджаны, сканцэнтраваны на сваёй справе дантыст і малады рабочы, які пакутуе ад болю. Я не ўтрымаўся і зрабіў два кадры. Многія сёння ведаюць гэты фотаздымак 1966 года, а я вось адшукаў і партрэт Алы Трубкінай — той доктаркі, якая была ў гэты момант побач. Гэта, так бы мовіць, поўная карціна таго, што адбывалася.

/i/content/pi/cult/708/15505/12.jpg— Здымак неверагодны. Вы адразу праславіліся?

— Ну што вы! Я ўвогуле трымаўся трошкі сам па сабе. Што ў той час здымалі ў фотаклубах? У асноўным коцікаў, кветачкі, захад сонца... Мне ўсё гэта было нецікава. Прыгожа, а што далей? Калі я жыў у Віцебску, памятаю, мы з Віктарам Ганчарэнкам прыйшлі са сваімі здымкамі на пасяджэнне мясцовых фотааматараў. Прыйшлі, паслухалі — і сышлі. Зусім не ўпісаліся.

— А ў Мінску як вас прынялі?

— Я прыйшоў у фотаклуб “Мінск” у 1973 годзе, ужо маючы прэміі, сяброўства ў Львоўскім фотаклубе, ды нават персанальную выставу (па сённяшнім падыходам) за плячыма. Падаваўся на розныя конкурсы сам як прыватная асоба, і ўжо на той момант разумеў, што трэба трымацца свайго бачання.

Таму быў здзіўлены крытыкай мінскіх калег зместам маіх прац і сказаў, што жыццё, на мой погляд, гэта не толькі кветачкі-лодачкі, ды ўсходы-заходы сонца.

А потым я пазнаёміўся з добрымі хлопцамі — Яўгенам Казюлям, Юрыем Васільевым, Уладзімірам Няхайчыкам, Мікалаем Байцовым, Анатолем Дудкіным, Міхаілам Жылінскім... Яны мяне прывабілі і як людзі, і як фатографы. У нас сфарміравалася свая суполка — чалавек восем-дзевяць, якія былі вельмі цікавыя адзін аднаму. Але, памятаю, першы год не быў сябрам клуба. Ужо потым закруціліся нашы стасункі і творчае супрацоўніцтва.

— Віктар Аляксандравіч, вось гэтае спалучэнне працы: паталагічная анатомія і фатаграфія… Першае ўплывала на другое?

— Удакладню: увогуле, я ставіў дыягназы жывым і мёртвым на працягу 49 гадоў. Апошнія дваццаць дзевяць з іх займаўся дыягностыкай біяпсійнага і аперацыйнага матэрыяла ў анкалогіі. Вядома, што з такой адказнасцю пра многае даводзілася забыць. Але фатаграфія для мяне ў пэўныя моманты станавілася аддушынай і своеасаблівым працягам пошуку. Ды, прызнацца, і да патанатоміі ў мяне была прага заўважаць незвычайныя дробязі: пад нагамі, уверсе, унізе…

— І што вы шукалі?

— Не ведаю. Напэўна, нешта новае — тое, што адрозніваецца ад назапашаных табою ведаў, тое, з чым раней не сутыкаўся. У медыцыне шукаеш тое, што не ўкладваецца ў паняцце нормы, і потым імкнёшся патлумачыць, чаму гэта стала такім. А ў фатаграфіі гэта хутчэй можна апісаць такімі словамі: калі заўважаеш тое, што не бачылі іншыя.

— У вас ёсць фотаздымак “Неспрыяльны сыход”, дзе ў пустой зале медыцынскага амфітэатра ляжыць мёртвая дзяўчынка. Фатаграфія неверагоднай сілы ўздзеяння. Гэта сапраўды тое, што мы рэдка бачым…

— Я памятаю да гэтай пары свой стан, калі я рабіў той здымак. Мяне ўсяго трэсла! Мы з групай урачоў скончылі працу і пайшлі дадому. Я ўжо амаль клаўся спаць у інтэрнаце, але раптам падумаў пра гэту дзяўчынку: яна ж і дасюль там ляжыць... І мне нават прымроіўся гэты кадр. Вярнуўся. Усё было так, як я меркаваў. Я быў цалкам адзін у гэтай зале. І гэтая дзяўчынка... Мароз па скуры. Але я зрабіў фотаздымак, бо разумеў: гэты кадр не зробіць ніхто, апрача мяне. Нават не думаючы пра тое, што фатаграфія калісьці будзе паказаная.

/i/content/pi/cult/708/15505/13.jpg— Колькі гадоў яна ў вас праляжала?

— 32 гады. Праўда, з рук “Неспрыяльны сыход” фатографам паказвалі. Але паўнавартасная экспазіцыя для шырокай публікі, у якую быў уключаны арыгінальны адбітак, адбылася толькі ў 2004 годзе.

Дарэчы, вяртаючыся да вашага пытання пра “Натхненне дантыста”. Гэты здымак таксама патрапіў да публікі не адразу: ён праляжаў дзесяць гадоў. Ні на адну выставу на пачатку яго не хацелі браць. Толькі калі адправіў у Адэсу на Міжклубную выставу “Юмарына” і ён атрымаў трэцяе месца, усё закруцілася. А так — сыпаліся адно абвінавачванні ў дыскрэдытацыі савецкай медыцыны. Ды нават часопіс “Советское фото” ў 1980-я не здолеў апублікаваць фатаграфію, хоць яна вельмі падабалася супрацоўнікам рэдакцыі.

— Наколькі для вас гэта распаўсюджаная практыка — здымаць у стол?

— Па шчырасці, у мяне і да гэтай пары захаваліся здымкі, якія я нікому не паказваў. Можа быць, калі-небудзь дойдуць рукі, я іх перагляджу — і тады рашуся.

— Гэта таксама фатаграфіі, спалучаныя з прафесіяй патолагаанатама?

— Так. Але іх няшмат — дзевяць-дзесяць, не болей. І я рабіў іх не для кагосьці, а ў першую чаргу — для сябе. Але пакуль не хачу іх бачыць у надрукаваным выглядзе.

— Цікава, што вамі рухае, калі вы робіце фотаздымак?

— Часта я не ведаю, што прымушае мяне зрабіць здымак. Але самыя моцныя фатаграфіі нараджаліся менавіта ў такім стане.

—Тады што для вас фатаграфія?

—Магчыма, эмацыйны ўсплёск на змены ў атачэнні. Усё залежыць ад твайго ўнутранага стану: штосьці бачыш — і не можаш гэта прапусціць, хочаш зафіксаваць, схапіць. І калі атрымалася — потым ужо падзяліцца, праверыць, ці зловяць тваё адчуванне іншыя людзі. І калі супадае, значыць фатаграфія ўдалася.

— А што вы як фатограф ніколі сабе не дазваляеце?

— Мне ні ў якім разе не хацелася б, каб мая фатаграфія камусьці нанесла шкоду. Хоць пры маіх сюжэтах — гэта даволі складаная задача.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"