Прароку зноў адсеклі галаву?

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

Гісторыя паўтараецца: у оперна-балетнай прэм’еры ўбачылі абразу пачуццяў вернікаў. Таму нягледзячы на рашэнні дзвюх камісій, якія бачылі рэпетыцыйны варыянт і не заўважылі нічога ганебнага ці недазволенага, прэм’ера “Саламеі” ў нашым Вялікім тэатры была перанесена.

/i/content/pi/cult/708/15501/8.JPGПадобныя прэцэдэнты ўжо ўзнікалі. І ідуць па нарастаючай. Заклікі забараніць пастаноўку оперы “Тангейзер” Рыхарда Вагнера ў Новасібірску прагучалі пасля прэм’еры — на якой большасць пратэстоўцаў наўрад ці была. Выступленні супраць кінастужкі “Матыльда” ўзніклі да пачатку яе выхаду ў кінапракат. Ліст супраць “Саламеі”, падпісаны 120 вернікамі, увогуле заснаваны на дэталёвым вывучэнні “ў электронных энцыклапедыях і іншых крыніцах інфармацыі сутнасці скандалаў вакол оперы “Саламея” ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя”. Падкрэслю: на вывучэнні не гатовага спектакля, дзе могуць быць перастаўлены акцэнты ў параўнанні з творам. Нават не партытуры, якая можа прынцыпова адрознівацца ад літаратурнай крыніцы, а тых спрэчак-плётак, што ўзнікалі больш за сто гадоў таму.

Калі прыняць такі шлях, лагічна было б забараніць астатнія творы, прэм’еры якіх суправаджаліся любым падзелам гледачоў на “за” і “супраць”. У гэтую катэгорыю трапяць не толькі “Травіята” Вердзі (гераіня — прастытутка!) ці “Кармэн” Бізэ, таксама асвістаная публікай, але і амаль усе рускія оперы, “прасоўванне” якіх не праходзіла гладка. Ды і ўвогуле ўсе творы Вердзі і Вагнера, бо колішняе грамадства было падзелена на непрымірымых прыхільнікаў кожнага.

А ці ж можна насалоджвацца музыкай Чайкоўскага, ведаючы асаблівасці яго прыватнага жыцця? Лепей завесці крымінальную справу на кожнага, хто хоць раз вымаўляў гэтае “пачварнае” імя і тым больш далучаўся да яго творчасці. Як можна дапусціць, каб міжнародны конкурс у Маскве і вядучыя музычныя навучальныя ўстановы насілі яго імя? Гэта ж разбэшчванне моладзі!

Дадам, што беларуская “Саламея” адразу была задумана з балетным пралогам на музыку таго ж Рыхарда Штрауса — “Так гаварыў Заратустра”. У выніку мелася атрымацца штосьці накшталт “жыцця і смерці” Яна Прадвесніка і адначасова роздуму пра вечныя каштоўнасці — якім, на жаль, таксама раз-пораз адсякаюць галаву. Ці ж гэта не актуальна?

А размова пра мастацкія прачытанні біблейскай гісторыі (у тым жа жывапісе: колькі мастакоў — столькі і варыянтаў), тым больш ажыццёўленая напярэдадні Усячэння галавы Прарока паводле праваслаўнага календара, магла б падштурхнуць да вывучэння ўласна царкоўных крыніц і прывесці некага ў храм.

На прэм’еру былі запрошаны вядучыя замежныя крытыкі. Іх цікавасць узмацнялася яшчэ і тым, што сярод нядаўніх пастановак “Саламеі” — праца культавага італьянскага рэжысёра Рамэа Кастэлучы (адзін з яго ранейшых драматычных спектакляў мінчукі маглі бачыць на форуме ТEART) у рамках сёлетняга Летняга Зальцбургскага фестывалю. Увогуле, выкананне найскладаных партытур Рыхарда Штрауса, а тым больш дзвюх запар, адразу выводзіць наш тэатр (а з ім і ўсю краіну!) на самую высокую прыступку ў свеце — па ўзроўні развіцця прафесійнай музычнай культуры. Гэта куды круцей за “Еўрабачанне”!

Цікава, калі трэба ўлічваць абражаныя пачуцці вернікаў, дык чаму не ўлічваць такія ж абражаныя пачуцці іншых — тых, хто планаваў паказаць, і тых, хто імкнуўся паглядзець прэм’еру? У тым ліку, і прыехаўшы на яе з замежжа.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"