Post scriptum да свята слова

№ 36 (1371) 08.09.2018 - 15.09.2018 г

У мінулыя выхадныя ў Іванаве прайшоў XXV Дзень беларускага пісьменства. На свяце прысутнічалі афіцыйныя асобы — намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, які зачытаў вітальнае слова ад Кіраўніка дзяржавы, міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, кіраўніцтва вобласці і раёна. Горад узбагаціўся кніжнай крамай і помнікам у гонар беларускага слова. Пра тое, як праходзіла свята, даволі падрабязна расказалі СМІ краіны. Мы ж наўздагон Дню пісьменства прапаноўваем чытачам меркаванні яго неабыякавых шматгадовых удзельнікаў.

/i/content/pi/cult/708/15498/6.jpgТадэвуш СТРУЖЭЦКІ, старшыня Беларускага фонда культуры:

— Іванаўшчыну я ведаю даўно. Параўноўваючы з іншымі раёнамі, магу сказаць, што тут сапраўды максімальна захаваны ранейшыя набыткі, якіх нямала. У 1980-я гады быў створаны ўнікальны Мотальскі музей народнай творчасці. Я радуюся, наколькі ён актуальна ўспрымаецца сёння, хаця экспазіцыя створана 30 гадоў таму. І не толькі захоўваецца, але і развіваецца. Я маю на ўвазе філіялы музея. Напрыклад, на другі дзень свята я з іншымі гасцямі наведаў “Дом траўніка”. Туды сёння прыязджаюць не толькі звычайныя турысты, але і медыцынскія работнікі — каб даведацца, як у сучаснай медыцыне можна выкарыстоўваць народныя лекі.

Нельга не згадаць і комплекс Напалеона Орды. Гэта еўрапейскі музей, які будзе цікавы і звычайнаму наведвальніку, і абазнанаму турысту. Я ўпэўнены, што праз год-два завершыцца і аднаўленне сядзібы Напалеона Орды.

У прамовах навукоўцаў і літаратараў на свяце пастаянна гучала “Янава, Янава…” І было б лагічна, каб праз нейкі час усё ж гістарычную назву гораду вярнулі. Таму што “Янава” надае каларыт гэтаму рэгіёну.

Што ж тычыцца нашай канферэнцыі “Іванаўскія чытанні-2018”, дык хачу падкрэсліць выключную важнасць актыўнага ўдзелу ў ёй Нацыянальнай акадэміі навук і таго доўгатэрміновага праекта, які цяпер рэалізуецца Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры: “Рэгіён на культурнай карце Беларусі”. Падчас канферэнцыі выступілі 16 выбітных навукоўцаў, якія свае даследаванні прысвяцілі Янаўскаму краю. Мяркую, падзея мела надзвычай важнае значэнне для мясцовых краязнаўцаў, настаўнікаў, школьнікаў, бо многім яшчэ шырэй раскрыла вочы на адметнасці іх малой радзімы.

Дзень беларускага пісьменства — ужо сталы нацыянальны праект, які даўно зацвердзіў сваё права на існаванне і абавязкова павінен заставацца ў будучым. Але па ягоным змесце, усё ж, наважуся выказаць шэраг рэкамендацый. Лічу, што ва ўсіх мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства галоўнай павінна быць кніга. Аб гэтым не раз гаварылі іншыя госці. Многія выказвалі меркаванне, што кніжны кірмаш, а таксама прысвечаныя кнізе выставы і імпрэзы, былі аддаленыя ад галоўнай відовішчнай пляцоўкі. Хацелася б, каб усё знаходзілася разам.

Выдатна, што ў час свята ўручаецца Нацыянальная літаратурная прэмія. Аднак ці было гэтым разам дастаткова цікавых намінантаў? Магчыма, гэтую прэмію не трэба ўручаць кожны год? Мяне, як і многіх іншых, здзівіла ўзнагароджванне аўтара твора, які прысвечаны далёка не самай актуальнай тэме.

Ці было на Дні беларускага пісьменства літаратурнае імя, якое б прыцягнула на сябе ўвагу ўсёй краіны? Разумею, што пытанне рытарычнае. Мы атрымалі адзінага пакуль лаўрэата Нобелеўскай прэміі і наўрад ці ў бліжэйшае дзесяцігоддзе атрымаем наступнага. Але гэтага чалавека ў Іванаве не было. Хаця ўпэўнены, што такое імя прыцягнула б шмат людзей і падмацавала б прэстыж свята. Ужо не кажу пра фармальны бок яго правядзення: назвы, шыльды на рускай мове, хаця ўсе рыхтаваліся да Дня менавіта беларускага пісьменства.

Свята выявіла асабіста для мяне шэраг праблем, наўпрост да яго недатычных. Мы сустракаліся з рознымі людзьмі, у тым ліку з бібліятэчнымі работнікамі. Уявіце: абласныя інстанцыі накіроўваюць дырэктыўнае ўказанне мясцовым органам улады аб спісанні кніг. Сфармулявана яно іначай: раёну даводзяцца аб’ёмы назапашвання макулатуры. А дзе тую паперу-макулатуру знойдзеш? Канешне ж, у бібліятэках, якім таксама даводзяцца аб’ёмы збору макулатуры. Далей усё залежыць ад загадчыка, які мусіць выконваць дырэктыўнае даручэнне. Калі чалавеку ўсё адно, дык ён спіша любыя кнігі, асабліва тыя, якія ў горшым стане знаходзяцца — звычайна найбольш запатрабаваныя. Прычым частка з іх з розных прычын, можа, болей і не будзе перавыдавацца. Такім чынам мы рызыкуем згубіць цэлы пласт культуры.

Дзмітрый ЯЦКЕВІЧ, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры:

/i/content/pi/cult/708/15498/7.jpg— Безумоўна, усцешвае, што свята жыве 25 гадоў. У мясцінах, дзе яно праходзіць, пра яго доўга памятаюць. Гэтае свята чакаюць. Добра, што яно набывае новыя фарматы, кірункі; што людзі ў невялікіх гарадах і вёсках, дзе таксама адбываюцца мерапрыемствы, чуюць роднае слова, бачаць шмат цікавых асобаў, якія без такой нагоды наўрад ці туды выправіліся б. Гэта магчымасць для шматлікіх мясцовых калектываў мастацкай самадзейнасці, народных майстроў-рамеснікаў паказаць шырокай грамадзе, на што яны здольныя.

Многія спецыялісты адзначылі, што не толькі наша культура, але і навука на гэтым свяце годна прысутнічала. Я маю на ўвазе круглы стол і дыскусіі па-за ягонымі межамі. Пры гэтым, трэба браць да ўвагі, што час ідзе, свет змяняецца, а значыць, пэўныя чыннікі свята за 25 год вычарпалі свой патэнцыял і патрабуюць замены ці мадэрнізацыі. Лічу, надышла пара штосьці змяніць у самой рэжысуры. Сёе-тое ўжо робіцца, з’яўляюцца новыя лакальныя пляцоўкі, імпрэзы на розныя густы і запатрабаванні.

Але мушу адзначыць, што бракавала інфармацыйнасці. Не хапала шырока даступных звестак пра канкрэтныя мерапрыемствы і месцы іх правядзення, пра людзей, якія будуць у іх удзельнічаць. Праз гэта шэраг вартых увагі грамады выстаў і імпрэз прайшлі бадай без гледачоў альбо пры іх мізэрнай колькасці. Да прыкладу, выстава нашага музея мела наведвальнікаў значна менш, чым магла б, калі б арганізатары свята плённа папрацавалі з мэтавай аўдыторый.

Паколькі мы маем вялікі досвед правядзення перасоўных выстаў — у тым ліку і прымеркаваных да Дня ведаў — для нас не было праблемай праехаць па дзвюх-трох школах Іванаўскага раёна, правесці там імпрэзы. Большы быў бы эфект і грамадскі рэзананс, чым ад тых недзе 20 наведвальнікаў, што завіталі на выставу ў першы дзень. Фактычна ад нашых немалых высілкаў не было аддачы.

Лічу, што калі-нікалі мае сэнс скарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс, каб грамада мела ад культурных акцый большы плён. Летась у Полацку, дзе гэты рэсурс разумна задзейнічалі, у нас за гадзіну праходзіла мінімум тры экскурсіі па выставе. Проста вал! За шэсць гадзін — не менш за 18 экскурсій. Гэта калі не лічыць “неарганізаваных” наведвальнікаў. Мяркую, гэтым разам можна было б больш эфектыўна задзейнічаць і вясковыя пляцоўкі — у Дастоеве і Варацэвічах.

Так атрымліваецца, што найбольш насычаны культурнымі мерапрыемствамі другі дзень свята, калі аўдыторыя, што называецца, увайшла ў тэму. Гэтую акалічнасць варта браць да ўвагі арганізатарам пры распрацоўцы рэжысуры Дзён пісьменства. І яшчэ трэба на такіх святах выразна вызначыцца з прыярытэтамі. Культура не павінна растварацца ў гандлі.

Занатаваў Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"