Дзетачка і Маргарытачка

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

Хто яны, Сяргей і Маргарыта Канёнкавы? Дэтэктыўная загадка, не разгаданая да канца
(Працяг. Пачатак у №№ 32 — 34.)

/i/content/pi/cult/707/15495/25.JPGНьютан і Купрэвіч

Пра што мы яшчэ гутарылі тады, восенню 1969 года? Пра егіпецкія піраміды, пра таямнічыя знакі на іх — якія, паводле Канёнкава, нясуць у сабе інфармацыю пра будучыя катаклізмы чалавецтва; пра астраномію, пра бессмяротнасць душы. Сяргей Цімафеевіч спасылаўся пры гэтым на нейкія старажытныя навуковыя трактаты. Потым папрасіў прыслужніцу прынесці з хатняй бібліятэкі рэдкую кнігу (яго “гонар”), набытую ў маскоўскай кнігарні яшчэ да рэвалюцыі. Мы з Зіменкам беражліва патрымалі ў руках рарытэтнае выданне 1915 года. На жоўтай вокладцы: “Ісаак Ньютан. Заўвагі прарока Данііла і Апакаліпсіс святога Яна”. Сяргей Цімафеевіч пяшчотна пагладзіў пераплёт і сказаў: “Гэтая кніга — праўдзівы помнік чалавечай думкі...”

Я слухаў і глядзеў на рукі Канёнкава — доўгія далоні, рухавыя нервовыя пальцы. Яшчэ раз успомніў гэтыя рукі на яго дзіўным мармуровым аўтапартрэце 1954 года, дзе ўвасобіліся чалавечая мудрасць і спакой, велічная прыгажосць і ўнутранае самасцвярджэнне.

Ён закранаў і нейкія іншыя тэмы, звязаныя са старажытнай метралогіяй, тэалогіяй і астралогіяй. Мала што я з гэтага запомніў — занадта яно складана было для майго тагачаснага разумення. Але нечакана для мяне Канёнкаў у гэтым кантэксце ўспомніў нашага беларускага батаніка, заснавальніка айчынай геранталогіі, акадэміка Васіля Феафілавіча Купрэвіча.

Аказваецца, з выбітным вучоным скульптар асабліва пасябраваў, калі той пасля вайны кіраваў Батанічным інстытутам Акадэміі навук СССР у Ленінградзе — перад тым, як вярнуўся на радзіму і стаў прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. Сяргея Цімафеевіча, як я зразумеў, асабліва цікавіла тэорыя Купрэвіча пра механізм старэння арганізма, пра пераадоленне чалавекам смерці; пра тое, як знайсці спосаб “адключыць” старэнне клетак. Канёнкаў вельмі шкадаваў пра тое, што адносна нядаўна, вясной 1969 года, вялікі беларус так нечакана пайшоў з жыцця — усяго толькі ва ўзросце 72 гадоў...

Конь, які пацвердзіў тэорыю

/i/content/pi/cult/707/15495/24.JPGСкончыўшы расповед пра Купрэвіча, стомлены Сяргей Цімафеевіч паглядзеў на гадзіннік-зязюлю і незадаволена прабурчаў:

— Нешта мой рэстаўратар позніцца...

Калі наступіла паўза, я, асмялеўшы, спытаў у Канёнкава: ці праўда, што акадэмік Паўлаў прыязджаў да яго на сеансы верхам на кані?

Скульптар хітравата ўсміхнуўся, памаўчаў, быццам успамінаючы нешта, потым пацікавіўся:

— Адкуль вам пра гэта вядома? Здаецца, я нідзе нікому ніколі...

— Ды што ты, дзетачка! Колькі разоў ты ўжо распавядаў — і Ігарку Грабару, і Каці Белашовай... Забыўся, ці што? — гэта быў голас Маргарыты Іванаўны, якая нечакана з’явілася аднекуль зверху і далучылася да нашай ужо ладна стомленай тройцы.

Я маўчаў. Зіменка таксама. Не мог жа я сказаць маэстра, што па дарозе ў майстэрню мне гэтую амерыканскую быль паспеў распавесці Уладзіслаў Мсціслававіч — намякнуўшы, каб я пры нагодзе сам папрасіў скульптара расказаць яе, так бы мовіць, з першых вуснаў. Ну, вось я і папрасіў...

А гісторыя была такая. Іван Пятровіч Паўлаў,
прыйшоўшы пазіраваць у нью-ёркскую майстэрню Канёнкава, аднойчы выказаў ці то жартам, ці то зусім сур’ёзна такое незадавальненне:

— Ведаеце, паважаны Сяргей Цімафеевіч, не
падабаецца мне ездзіць да вас на аўтамабілі, не люблю я гэтую механічную пачвару. Мне ў Ленінградзе прапаноўвалі аўтамабіль. Я адмовіўся. А тут яго трываю. Вось бы на канягу...

— Заўтра вы прыедзеце да нас на кані! — тут жа запэўніла вялікага фізіёлага Маргарыта Іванаўна. — Чакайце аб адзінаццатай ля выхаду з гатэля.

— Цікава, цікава... — засмяяліся мужчыны, паціснулі плячыма і тут жа перайшлі да іншых справаў.

На досвітку наступнага дня жонка Канёнкава накіравалася ў Вашынгтон-сквер і дамовілася з вазніцам, які там зазвычай катаў адпачывальнікаў. Угаварыла яго за тры долары пад’ехаць да гатэлю, дзе жыў Паўлаў, і, дачакаўшыся “старога рускага джэнтльмена”, везці яго ў майстэрню на Грынвіл-Вілідж у Ніжнім Манхэтэне.

Але ў прызначаны час акадэмік да Канёнкава не з’явіўся. Толькі праз дзве гадзіны Паўлаў пагрукаўся ў дзверы майстэрні. Ён быў у лютасці: “Што вы мяне дурыце! Я ў жыцці сваім не спазняўся. Я чакаў вашага каня, а ён так і не з’явіўся! Бясчынства! А зараз я пазіраваць ужо не магу, у мяне ўвесь дзень распланаваны па хвілінах...”

Збянтэжаная Маргарыта Іванаўна рынула ў парк даведацца, што ж сталася. Знайшла таго фурмана, схапіла яго за грудкі. Разгублены рамізнік прызнаўся, што ніяк не змог прымусіць каня выехаць за межы парку — усё жыццё ён катаў адпачывальнікаў толькі на гэтай тэрыторыі.

Як толькі Паўлаў даведаўся пра гэта, імгненна павесялеў: “Ага! Вось бачыце, мая тэорыя ўмоўных рэфлексаў пацвярджаецца! Шаноўныя сябры, я вам вельмі ўдзячны! Вы не ўяўляеце, якое шчасце вы прынеслі мне сваім конскім эксперыментам! Вось зараз і папазіраваць можна. За справу, дарагі Сяргей Цімафеевіч!”

Сакрэт пунктуальнасці

А фінал нашай сустрэчы быў такі. Калі мы ўжо збіраліся развітвацца, пазванілі ў дзверы. З’явіўся рэстаўратар і папрасіў прабачэння за спазненне, спаслаўшыся на транспартныя неспадзяванкі. Канёнкаў, насупіўшыся, сказаў яму:

— Каб не спазняцца, трэба прыходзіць хаця б на дзесяць хвілін раней і чакаць каля дзвярэй. Дарэчы, так заўсёды рабіў Іван Пятровіч Паўлаў. Калі ён прыехаў у Нью-Ёрк на навуковы кангрэс, я папрасіў яго папазіраваць. Дык ён уваходзіў у маю студыі з апошнім ударам свайго брэгета! Хвіліна ў хвіліну. Я спытаў у яго, як гэта яму ўдаецца. Вось ён і растлумачыў мне правіла абсалютнай пунктуальнасці...

Рэстаўратар не вымавіў ні слова, разгублена слухаючы гэты дзіўны маналог. Яму было вельмі няёмка, і ён адчуваў сябе поўным ідыётам. І тады Сяргей Цімафеевіч змякчэў, хітра прыжмурыў адно вока і сказаў:

— Добра, Вася, вось зараз праводжу гасцей, трохі адпачну, і мы пачнём працаваць. Ідзіце і пераапранайцеся. Маргарытачка, пачастуй Васіля гарбатай...

Мы з Зіменкам выйшлі з майстэрні моўчкі. Кожны думаў, безумоўна, пра ўбачанае ў доме Канёнкавых. І пра пачутае з вуснаў вялікага старца. Мяне ўвесь час бянтэжыла неадчэпная думка: як чалавек такога паважнага, можна сказаць, унікальнага веку так свежа і выразна памятае ўсё, пра што ён нам распавядаў: падзеі, сустрэчы, адрасы, даты, імёны? Але сёння я гэтаму не здзіўляюся: такой самай унікальнай жывой памяццю валодае і мой стары сябра, народны мастак Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў, якому ў лютым наступнага, 2019 года, споўніцца 96! Напэўна, і іх калегі ды амаль равеснікі Тыцыян, Мікеланджэла, Пікаса таксама былі ў гэтых адносінах не лыкам шытыя... Памяталі ўсё да дробязяў і тварылі, можна сказаць, “у розуме і цвярозай памяці” да апошняга ўздыху...

У ліпені 1971 года ў Доме творчасці Саюза мастакоў СССР “Сенеж” пад Сонечнагорскам (у 60 кіламетрах ад Масквы) адбылася мая апошняя сустрэча з Канёнкавым. Практычна выпадкова, хаця ў кожнай выпадковасці заўсёды ёсць нейкая містычная заканамернасць, ведаць пра якую нам не дадзена...

Ён адпачываў там з Маргарытай Іванаўнай і жыў на першым паверсе двухпавярховага дома, у летні час абкружанага хвоямі і ліпамі. Сяргей Цімафеевіч сядзеў у фае ў крэсле-каталцы і слухаў птушыныя пошчакі... Побач Маргарыта Іванаўна і дырэктар дома Самуіл Ліндын.

Патрапіўшы ў Дом творчасці па справах, я вельмі ўзрадаваўся таму, што тут знаходзіцца Канёнкаў. Але як да яго дабрацца? І нечакана сустрэў мастацтвазнаўцу Аляксандра Каменскага, які некалькі гадоў таму абараніў кандыдацкую дысертацыю па творчасці скульптара, а цяпер рыхтаваў пра яго манаграфію. Ён прыехаў у Дом творчасці, як я зразумеў, акурат у рамках гэтага праекта.

Мы прыйшлі ў той момант, калі яраслаўскі мастак-жывапісец Амір Мазітаў сканчаў вуглём натурны партрэт Сяргея Цімафеевіча. Каля паўгадзіны гутарылі пра ўсялякія дробязі кшталту надвор’я. Дакладней, гаварылі Аляксандр Абрамавіч і Маргарыта Іванаўна. Яны абмяркоўвалі розныя рознасці, у тым ліку і ўчорашні візіт малдаўскага мастака Аляксея Васільева, які папрасіў у скульптара аўтограф прама на рэпрадукцыі яго знакамітага “Аўтапартрэта”. І замест слова “Сенеж”, маэстра памылкова напісаў “Манеж”. Доўга смяяліся...

За ўвесь час Канёнкаў вымавіў слабым голасам толькі некалькі кароткіх блытаных фраз. Выглядаў не вельмі добра, здаваўся вельмі змучаным, сумным, стомленым, паглыбленым у свае патаемныя думкі. Верагодна, стаміўся пасля пазіравання. Як-ніяк, яму ішоў 97 год!

Аднак усё ж не хацелася верыць, што гэтая метамарфоза адбылася так хутка, за нейкія пару гадоў пасля той нашай сустрэчы ў маскоўскай майстэрні. Памятаю, на століку скульптара ляжалі дзве кнігі: “Новае пра Рэпіна” (невыразная шэрая вокладка) і зборнік выбранай паэзіі Сяргея Ясеніна (зялёная вокладка з трыма серабрыстымі бярозавымі лісткамі ў верхнім левым куце).

Сяргей Цімафеевіч маю прысутнасць, можна сказаць, не заўважыў, ды і наўрад ці мяне ўспомніў. Зрэшты, справа зусім не ў гэтым. Мне падалося, што ён наогул нікога не заўважаў, нават свайго біёграфа Каменскага. Праводзячы нас, Маргарыта Іванаўна шапнула мне на вуха:

— А ведаеце, Барыс Аляксеевіч, тую самую аўтабіяграфічную споведзь мы ўсё ж апублікуем... Спярша ў газеце “Московский художник” (ёсць ужо дамоўленасць), а потым і ў часопісе “Искусство”. Зіменка абяцаў...

“Вось гэта памяць, —
падумаў я. — Памятае нават маё імя!” Але ўголас сказаў нешта накшталт таго, што даўно трэба было гэта зрабіць.

9 снежня таго ж года Сяргея Цімафеевіча не стала. Пазней мне Каменскі распавёў, што тады ж, у ліпені ці ў пачатку жніўня, Канёнкава памылі ў ваннай, размешчанай у калідорным адсеку Дома творчасці, загарнулі ў прасціну і пакуль неслі ў нумар, яго моцна прадзьмула. Здарылася фатальнае запаленне лёгкіх. Не дажыў тры гады да вызначанай ім самім для сябе 100-гадовай мяжы.

Пэўна, я быў апошнім чалавекам з Беларусі, хто бачыў яго жывым...

Барыс КРЭПАК