Код сусвету Ізраіля Басава

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г


/i/content/pi/cult/707/15494/23.JPGЯе назвай сталі словы прытчы “Прамудрасць пабудавала сабе дом”, якія дакладна трапляюць ва ўсе аспекты жыццёвага і творчага шляху Ізраіля Басава і з’яўляюцца адпраўной кропкай экспазіцыі, пабудаванай па класічным прынцыпе: пачынаючы ад ранняга перыяду (мастацтвазнаўцы вызначаюць яго як гарадскі пленэрызм), і да самых апошніх, авангардных работ, якія мастак маляваў ужо дома, калі з-за хваробы і слабасці яму было цяжка нават дайсці да майстэрні. Аднак творы гэтага часу дэманструюць моц творчай і жыццёвай пазіцыі майстра, які не толькі апярэдзіў свой час, але і стварыў унікальны код, вынайшаў формулу сусвету неверагоднай канцэнтрацыі і прастаты.

Мінскія вуліцы

У творчай спадчыне Ізраіля Басава каля тысячы работ. Толькі з ранніх эскізаў Мінска можна было б зрабіць асобную выставу. Горад мастак вельмі любіў і шмат пахадзіў па ім з эцюднікам. Пазней нават казаў, што Мінск яго выратаваў: родны правінцыйны Мсціслаў, канешне, не даваў столькі ўражанняў яго творчай натуры.

З дзяцінства Ізраіль не толькі маляваў, але і займаўся музыкай — іграў на скрыпцы, мандаліне, акардыёне. Яго педагог быў упэўнены, што вучань можа стаць вялікім скрыпачом. Але Ізраіль больш захапляўся мастацтвам, як і старэйшы брат Веніямін, які да вайны скончыў Віцебскі мастацка-графічны тэхнікум, а пасля паступіў у Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава.

У віцебскі тэхнікум паступаў і Ізраіль, але цяжкасці ўзніклі на экзаменацыйнай дыктоўцы. Справа ў тым, што ён скончыў яўрэйскую школу, дзе заняткі па рускай мове выпадалі ўсяго раз на тыдзень. Таму экзамен быў завалены. Але эскізы настолькі спадабаліся членам прыёмнай камісіі, што яны прапаноўвалі Басаву застацца, спадзяючыся, што сітуацыю можна будзе нейкім чынам выправіць. Аднак юны Ізя вельмі засмуціўся і паехаў дадому. А потым — вайна, эвакуацыя, служба ў працоўнай арміі: на перадавую яго не адправілі з-за пароку сэрца.

У Мінск сям’я Басавых перабралася ў 1947 годзе. Мацвею Мошавічу, бацьку мастака, лепшаму ў Мсціславе краўцу, які спасцігаў прафесію ў Варшаве, прапанавалі працу ў сталіцы і далі для жыцця барак. Гэты год увогуле стаў знакавым для Ізраіля. Ён ажаніўся з Бэлай Зак, якая на ўсё жыццё стала яго анёлам-ахоўнікам, сам стаў бацькам (нарадзіўся старэйшы сын Барыс) і паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча.

Грошы на абед

Праз год здарылася трагедыя — Мацвея Мошавіча насмерць збіла машына. Сям’я апынулася ў вельмі цяжкім матэрыяльным становішчы, і ўсе турботы прыняла на сябе Бэла, імкнучыся забяспечыць мужу магчымасць маляваць і не клапаціцца пра побыт. Іх другі сын, у гонар дзядулі названы Мацвеем, кажа, што менавіта дзякуючы сваёй жонцы Ізраіль Басаў пакінуў такую вялікую творчую спадчыну.

— Кожны дзень маці давала яму грошы на абед у дыетычнай сталовай і на ўвесь дзень ішла на працу. Мы са старэйшым братам, набегаўшыся па вуліцы, заўсёды чакалі, калі яна вернецца — а здаралася гэта ўжо каля дзесяці вечара — каб сесці вячэраць. Як магла, яна стварала ўсе ўмовы для бацькі. Не маючы мастацкай адукацыі, любіла і вельмі добра разумела яго жывапіс, з лёгкасцю тлумачыла нават самыя авангардныя работы. Я заўсёды гэтаму здзіўляўся.

Захапленне колерам

/i/content/pi/cult/707/15494/22.JPGТворчае жыццё Ізраіля Басава складвалася драматычна. На апошнім курсе вучэльні яго ледзь не выключылі — за касмапалітызм. На абарону на агульным сходзе ўсталі студэнты. І, на здзіўленне, прысутны там прадстаўнік НКУС праявіў свае нейкія чалавечыя якасці і пашкадаваў маладога мастака, які, відавочна, і сам не разумеў, у чым яго абвінавачваюць.

Вучэльню Ізраіль Басаў скончыў, з часам уступіў у Саюз мастакоў. Але творы неўзабаве перасталі прымаць на выставы. Чым далей ён адыходзіў ад рэалізму, чым яскравей праяўляўся яго адметны мастацкі стыль, тым болей гучала абвінавачанняў у фармалізме і нават антысавеччыне.

— У адным з нумароў “ЛіМа” за 1957 год ёсць артыкул, прысвечаны беларускаму мастацтву, — распавядае Мацвей Басаў. — Яго аўтар узнёсла піша пра творчасць тых мастакоў, якія адлюстроўваюць у сваіх творах працоўных і калгаснікаў, а потым дадае: “і толькі Басаў захапляецца колерам”.

Яго не зразумеў нават родны брат Веніямін, які жыў і працаваў у Маскве, і чый творчы лёс складваўся паспяхова. Браты былі вельмі блізкімі па духу і творчасці да таго часу, пакуль Ізраіль не паказаў свае работы ўжо ў новым стылі, які Веніямін прыняць не змог. І толькі ў 1996 годзе, ужо пасля смерці Ізраіля, прызнаў, што яго брат быў геніем.

Непрыманне, непаразуменне, цкаванне — гэта тое, чым было напоўнена яго жыццё і ад чаго мастак вымушана зачыніўся ў сваёй майстэрні.

З’яўленне легенды

Мастак распрацоўвае базавыя для сваёй творчасці тэмы — каханне, чалавек, вайна. Малюе партрэты, архітэктурныя пейзажы, у якіх — зварот да велічнага горада Іерусаліма, ландшафты біблейскага Усходу і золата пустыні. З карціны ў карціну пераходзіць вынайдзены ім вобраз — блокавы дом, як галоўны элемент жывапіснай прасторы.

І праз нейкі час імя Ізраіля Басава, які застаецца адданым свайму стылю, вольнаму ад канонаў
сацрэалізму, становіцца легендай. Яго сын Мацвей узгадвае, як аднойчы ў майстэрню прыйшоў Альгерд Малішэўскі, паглядзеў на работу “Каханне” і сказаў — “Так, Басаў, у Мінску ёсць толькі два жывапісцы — ты ды я”.

У 1974 годзе адбылася знакавая для мастака падзея. У Мінск прыехаў ленінградскі калекцыянер Абрам Чудноўскі, чые зборы рускага авангарду саступалі толькі знакамітаму Георгію Кастакі, і захацеў паглядзець на работы Ізраіля Басава. Мацвей узгадвае, як хваляваўся бацька перад гэтай сустрэчай. Прайшла яна вельмі ўзрушана. Чудноўскі быў у захапленні ад убачаных у майстэрні твораў, абмяркоўваў пакупку карціны “Арыя”. Акрамя таго,
разумеючы ўмовы, у якіх працуе мастак, калекцыянер прапанаваў сваю падтрымку і дапамогу.

У рэчышчы сусветнага мастацтва

Ізраіль Басаў часта чуў ад калег, што яму трэба было б нарадзіцца хаця б у суседняй Польшчы — тады і лёс бы склаўся зусім інакш. Ён кожны дзень працаваў, шмат чытаў, цікавіўся навукай і сусветным мастацтвам. У экспазіцыі ёсць фотаздымак, на якім Ізраіль Басаў стаіць на фоне скульптуры Восіпа Цадкіна “Разбураны Ратэрдам” на выставе, якая праходзіла ў маскоўскіх Сакольніках і знаёміла з мастакамі Парыжскай школы.

— Ён часта бываў у Маскве, — кажа куратар выставы Кацярына Ізафатава. — У перыяд адлігі, з 1956-га да 1962-га, адбылося шмат інтэрвенцый заходняга мастацтва,
прайшлі выставы Полака, Пікаса. Безумоўна, ён гэтым падсілкоўваўся. Разам з імем Ізраіля Басава раней узгадвалі Марка Шагала, але чамусьці ніхто не пісаў пра яго творчасць у рэчышчы актуальнага мастацтва 1980-х — 1990-х, не праводзіў паралеляў, скажам, з трансавангардам ці амерыканскім графіцізмам. Я, калі гляджу на яго “Бег”, то ўзгадваю Кіта Харынга і яго “чалавечкаў у танцы”.

З’яўленню позніх работ Ізраіля Басава паспрыяла мастацтвазнаўца Нінэль Зіцерава. Спадар Мацвей узгадвае, як яна прыйшла да мастака ў госці — тады ён ужо хварэў і не мог працаваць у майстэрні  — паглядзела на малюнкі і сказала, што ўсе творчыя знаходкі трэба абавязкова, хоць у грызайлі, але перанесці на палатно.

— Пасля гэтага візіту я абсталяваў бацьку месца для працы на кухні, дзе і былі намаляваны ўсе яго работы апошніх гадоў. Памятаю, як упершыню там убачыў “Чырвоны пейзаж”. Гэта быў цуд! — дадае Мацвей Басаў.

Па шляху бацькі

Сваіх сыноў Ізраіль Басаў ніколі не прымушаў маляваць. Але калі Мацвей таксама стаў захапляцца жывапісам і хадзіць у мастацкую студыю да Сяргея Каткова, паклапаціўся пра тое, каб у яго былі ўсе патрэбныя фарбы, браў з сабою на эцюды ў парк Горкага.

— Аднойчы, калі мне было гадоў 12, я запытаўся ў бацькі, што святлейшае — неба ці снег. І той адказаў: а ты паглядзі і падумай. Вось так, ніводнага гатовага адказу! Думай… Гэта была яго пазіцыя.

Аўтарытэт бацькі для сына быў настолькі моцным, што Мацвей саромеўся паказваць яму свае творы. Нават калі ўжо пачаў удзельнічаць у выставах. Адбывалася гэта найчасцей праз пасрэдніцтва кладоўкі, дзе Мацвей пакідаў усё намаляванае ім і сыходзіў з дому.

— Бацькі глядзелі мае работы, а потым маці перадавала мне — тата цябе хваліў. А ў вочы — ніколі. Ён вельмі строгі быў. Цяпер вельмі шкадую, што пры жыцці не намаляваў яго партрэт.

Першая персанальная выстава Ізраіля Басава, ужо пасмяротная, якая прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі ў 1996 годзе, фактычна, стала яго афіцыйным прызнаннем. У тым жа годзе пабачыў свет і першы каталог яго работ. З таго часу кола прыхільнікаў мастака і геаграфія яго выставаў далёка перасягнула межы Беларусі.

Некалі Ізраіль Басаў сказаў, што жывапіс — гэта любоў. І мы бачым, што любоў становіцца ўзаемнай, аб’ядноўваючы аўтара-затворніка і яго гледачоў. Выстава да 100-годдзя мастака, дзе яго творчасць упершыню прадстаўлена ў такім маштабе, прагучала з неверагоднай моцай.