Лепшае з лепшага!

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Прыхільнікі Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” з самых розных куточкаў свету не стамляюцца чакаць, што ж падорыць ім у чарговы раз гэты буйны форум культуры і сяброўства. І нават у семнаццаты раз ён рыхтуе сваім адданым гледачам новыя і новыя прыемныя падарункі. Акурат пра тое, якім будзе аблічча фестывалю сёлетняга, мы напярэдадні адкрыцця гутарылі з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімірам МАТВЕЙЧУКОМ.

 /i/content/pi/cult/168/1549/Lepshaje1.jpg
— Уладзімір Фёдаравіч, толькі што завяршыліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Высокую ацэнку Прэзідэнта нашай краіны і прысутных на іх людзей атрымала канцэртнае забеспячэнне свята, рэжысура і выканальніцкае майстэрства беларускіх артыстаў. Хацелася б даведацца пра маштаб удзелу нашых майстроў мастацтваў у надыходзячым “Славянскім базары ў Віцебску”.
— Найперш скажу пра тое, што не толькі для беларусаў, але і для гасцей фестывалю ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці — надзвычай адказная справа. На сцэну выходзяць лепшыя з лепшых артыстаў Беларусі і замежных краін, запрошаных на форум, — менавіта такую задачу паставіў перад Аргкамітэтам фестывалю Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Адзначаючы, што беларуская культура і мастацтва знаходзяцца на высокім прафесійным узроўні, ён прынцыпова скіраваў арганізатараў на тое, што да адбору ўдзельнікаў “Славянскага базару ў Віцебску” неабходна паставіцца грунтоўна, каб кожны, хто выйдзе на сцэну, меў што сказаць з яе гледачам ды і сваім калегам, каб фестываль прадэманстраваў усю багатую палітру беларускага і сусветнага мастацтва.
Зрэшты, усе мы з нецярплівасцю чакаем і выступлення самога Прэзідэнта нашай краіны, які пад час адкрыцця віцебскага форуму традыцыйна ўручае прэміі Саюзнай дзяржавы. Іх сёлета атрымаюць народны артыст Беларусі, заслужаны артыст РСФСР, лаўрэат Дзяржаўных прэмій БССР і СССР, Расійскай Федэрацыі акцёр і рэжысёр Уладзімір Гасцюхін, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і Прэміі федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прафесар, дырыжор Міхаіл Фінберг і народны артыст Расійскай Федэрацыі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій акцёр і рэжысёр Сяргей Арцыбашаў.
А таксама стала ўжо добрай традыцыяй, што, акрамя ўручэння прэмій Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка адзначае лепшых дзеячаў сучаснай культуры Спецыяльнай узнагародай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. Сёлета гэтай высокай узнагародай уганаравана народная артыстка СССР, лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы Аляксандра Пахмутава.Дарэчы, афіцыйная частка фестывалю будзе надзвычай прадстаўнічая: у Віцебск завітае новы міністр культуры Расійскай Федэрацыі Аляксандр Аўдзееў, з якім мы плануем падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры паміж нашымі краінамі.Наведае адкрыццё форуму і Міхаіл Швыдкой. Таксама плануем правесці перамовы і з міністрам культуры Украіны. Сярод іншых гасцей — міністр мастацтваў і культуры Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Пало Джордан, старшыня Камітэта па культуры Масквы Сяргей Худзякоў і старшыня Камітэта па культуры Санкт-Пецярбурга Антон Губанкоў.
Так што ў нас практычна кожны фестывальны дзень будзе мець афіцыйную частку, насычаную сур’ёзнымі перамовамі.
Вяртаючыся да вашага пытання, скажу, што ў час святкавання Дня Рэспублікі нашы дзеячы мастацтва праявілі ва ўсёй красе і размаітасці свае таленты, і мерапрыемствы “Славянскага базару ў Віцебску” не апусцяць гэтай высокай мастацкай планкі. Шэраг беларускіх выканаўцаў гледачы змогуць убачыць ужо ў канцэрце ўрачыстага адкрыцця фестывалю. Тым больш, што яно традыцыйна з’яўляецца своеасаблівым пралогам, візітоўкай фестывалю і ягонай ідэйнай канцэпцыяй. Адкрыццё — гэта сапраўднае свята, якое пацвярджае не толькі еўрапейскі, але — сусветны ўзровень нашага фестывалю. Сёлета ім займаецца вядомы расійскі рэжысёр Ілля Глазуноў.Калі ж гаварыць пра іншыя мерапрыемствы “Славянскага базару ў Віцебску”, то і тут традыцыйна яны не абмяжоўваюцца рамкамі часу правядзення самога фестывалю. І 10 ліпеня, напярэдадні адкрыцця фестывалю, і 19, пасля яго заканчэння, Віцебск будзе насычаны культурнымі падзеямі.
Сярод іх — шэраг яркіх і адказных мерапрыемстваў з удзелам нашых беларускіх майстроў мастацтваў.
Нельга абмінуць увагай дзве буйныя імпрэзы, якія, безумоўна, выклічуць цікавасць фестывальнай публікі.
Найперш — канцэрт, прысвечаны Дню Беларусі, рэжысёрам якога з’яўляецца Валянцін Дудкевіч. У аснову гэтага відовішча з паэтычнай назвай “Беларусь — спрадвечная песня” ляглі мерапрыемствы буйнамаштабнай акцыі“Мы — беларусы!”, якая з поспехам крочыць па нашай краіне. Яе ўдзельнікі выступілі літаральна ва ўсіх кутках Беларусі, 3 ліпеня, у Дзень Рэспублікі, прадэманстравалі сваё высокае майстэрства на святочным канцэрце ў Мінску, і зараз — складуць аснову канцэртнай праграмы Дня Беларусі. Тут будзе прадстаўлена бадай уся жанравая палітра сучаснага беларускага прафесійнага мастацтва: ад фольк-рока да папулярных эстрадных выканаўцаў, закрануты ўсе пласты нашай музычнай, спеўна-танцавальнай культуры. Другая буйная імпрэза — Дзень Саюзнай дзяржавы, дзе арганізатарам канцэрта выступае сёлетні лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы маэстра Міхаіл Фінберг. У гэтым канцэрце, натуральна, прымуць удзел не толькі беларускія “зоркі”, але і папулярныя расійскія выканаўцы. Асобна хачу адзначыць, што ў фармат канцэрта плануецца ўключыць і такія выключна маладзёжныя гурты, як “Чэлсі”, “Дынаміт”, што, безумоўна, надасць праграме пэўны нечаканы ракурс.
Ну, а таксама бенефісны канцэрт Якава Навуменкі, аўтарскі вечар кампазітара Ігара Лучанка і шэраг іншых, не менш запамінальных імпрэз, кожная з якіх мусіць стаць яркай культурна-мастацкай з’явай не толькі ў межах “Славянскага базару ў Віцебску”.
— Традыцыйны для “Славянскага базару ў Віцебску” конкурс маладых выканаўцаў сёлета набудзе крыху іншы фармат. Як будуць выглядаць у ім нашы, беларускія выканаўцы?
— Так, калі дзіцячы конкурс, у якім мы прадстаўляем Рамана Волазнева і Аліну Молаш, будзе выглядаць традыцыйна, дарослы конкурс набывае новы рэгламент. Ён прадыктаваны ў першую чаргу асаблівасцямі тэлевізійнага фармату. Мы бачым для сябе задачу, каб маладых выканаўцаў паказалі не толькі на віцебскай сцэне, але і па шэрагу тэлеканалаў, у першую чаргу — расійскіх. Прычым не ў выглядзе рэпартажу, а — усе выступленні цалкам. Для гэтага колькасць выканаўцаў не павінна перавышаць 16 чалавек — менавіта столькі спевакоў трапляюць у фармат эфірнага часу
 /i/content/pi/cult/168/1549/Lepshaje2.jpg
тэлетрансляцыі. А
значыць, з’яўляецца падрыхтоўчы этап, у часе якога і вызначыцца, хто з канкурсантаў працягне сваё спаборніцтва, а хто выбывае. Ну, а беларусы, расіяне і ўкраінцы як прадстаўнікі краін-заснавальніц фестывалю прамінаюць гэты адборачны этап і трапляюць адразу ў другі тур. Так што нашых выканаўцаў гледачы пабачаць абавязкова. Тым больш, што Віталь Гардзей, які прадстаўляе ў конкурсе нашу краіну ў гэтым годзе, ужо даволі вядомы спявак, мае шэраг узнагарод. Але сёлета сам па сабе ўзровень удзельнікаў конкурсу даволі высокі, так што яму давядзецца ўсур’ёз прыкласці намаганні, каб даказаць свае здольнасці як музыканта, спевака, прадстаўніка нашай эстрады.
— Шматаблічнасць і шматпланавасць дзейства кожнага фестывалю ў Віцебску вызначае кантынгент яго ўдзельнікаў, у тым ліку і з-за мяжы. Якія новыя краіны, новыя твары мы ўбачым на “Славянскім базары ў Віцебску” сёлета?
— Так, сёння мы маем усе падставы сцвярджаць, што з набыццём новых магчымасцей — даху, сучаснага святлотэхнічнага і гукавога абсталявання — “Славянскі базар у Віцебску” трывала набывае рысы сусветнага культурнага форуму. Гэтым разам, напрыклад, у праграме фестывалю будзе прадстаўлены цэлы шэраг фальклорных і харэаграфічных калектываў, якія з’яўляюцца лепшымі ў сваіх краінах, але на “Славянскім базары” будуць упершыню.
Мы ўбачым прадстаўнікоў мастацтва Венесуэлы, якія да гэтага часу правялі шэраг культурных акцый у Мінску. У нас склаліся цёплыя сяброўскія ўзаемаадносіны з Міністэрствам культуры Венесуэлы, што і дазволіла вырашыць шэраг арганізацыйных пытанняў. Мы рады вітаць на нашай зямлі фальклорны калектыў з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Сказаць, што для нас гэта экзотыка, — значыць не сказаць нічога: мы з вамі нават не маем уяўлення пра тыя пласты народнай культуры, якія яны прадэманструюць, гэтыя 35 чалавек, што для фальклорнага калектыву само па сабе нямала. Да таго ж, з ПАР да нас прыехала і вялікая дэлегацыя афіцыйных асоб на чале з міністрам культуры гэтай краіны, якія будуць удзельнічаць у шэрагу афіцыйных мерапрыемстваў і перамоў. З фестывальных “навічкоў”— калектыў з Егіпта, маладзёжны шанхайскі калектыў з Кітая. Натуральна, што ў канцэрце адкрыцця яны могуць толькі абазначыць сваё майстэрства. Пазней кожны з іх выступіць у Віцебску з уласнымі праграмамі.
 /i/content/pi/cult/168/1549/Lepshaje3.jpg
Такая багатая геаграфія
сведчыць пра тое, што сёлета ў Віцебску будуць прадстаўлены літаральна ўсе кантыненты свету, прытым буйнымі, знакавымі для сваіх рэгіёнаў калектывамі. І што яшчэ вельмі важна: усе яны прыбываюць да нас за ўласныя сродкі. А гэта сведчыць, што ў Беларусі ўсталяваліся цвёрдыя, нармальныя дагаворныя адносіны з гэтымі краінамі, у рамках якіх і стала магчыма праводзіць такія абмены, культурныя мерапрыемствы. А важнасць гэтага пераацаніць немагчыма.
Зусім нядаўна прайшлі Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Егіпце, буйная акцыя ў Венесуэле, 15 — 20 ліпеня маюць адбыцца Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Кітаі, а ў верасні нашы майстры мастацтваў завітаюць у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. І я думаю, што гэта толькі пачатак нашага плённага культурнага супрацоўніцтва.
Акрамя таго, сёлета на нашым фестывалі дастаткова ярка прадстаўлена славянская Еўропа. Сваё годнае месца заняў у праграме “Еўрафэст”. У часе “Славянскага базару” Віцебск сустракае вялікую дэлегацыю на чале з кіраўніком Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Дарэчы, трансляцыя “Еўрафэсту” ўпершыню адбылася на ўвесь Еўрапейскі вяшчальны саюз, так што мерапрыемствы нашага “Славянскага базару ў Віцебску” змагла пабачыць аўдыторыя, не меншая за аўдыторыю “Еўрабачання”.
— Якія творчыя акцэнты на ХVІІ форуме будуць зроблены нашымі краінамі-суседкамі пад час Дзён Расіі і Украіны?
— Традыцыйна на “Славянскім базары ў Віцебску” 12 ліпеня пройдзе Дзень Расійскай Федэрацыі, 17 — Дзень Масквы, а 15 — Дзень Украіны.
Усе тры канцэрты — разнапланавыя, і кожны па-свойму цікавы і адметны. Канцэпцыя расійскага канцэрта пабудавана такім чынам, што мы з вамі зможам зазірнуць ва ўсе куточкі гэтай вялікай краіны: “пабываць” у Бураціі, на Каўказе… У масквічоў канцэрт будзе зусім іншы: яны, як заўсёды, падрабязнасці трымаюць у сакрэце да самага канца, але з тых сюрпрызаў, што рыхтуюцца віцебскім гледачам, магу зазначыць насычанасць сцэнічнага дзейства надзвычайнымі піратэхнічнымі і іншымі спецэфектамі. Дзень Украіны прадстаўлены сольным канцэртам Русланы. Пераможца “Еўрабачання”, яшчэ раней яна атрымала Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў на “Славянскім базары ў Віцебску”, з чаго і пачаўся сапраўдны ўзлёт яе прафесійнай кар’еры. Яна прыязджае ў Віцебск са сваёй яркай праграмай, своеасаблівым “тэатрам Русланы”.
А з Санкт-Пецярбурга да нас прыедзе ў межах тэатральнай праграмы фестываль “Балтыйскі дом”, які прадставіць спектакль “Перазагрузка”.
Усяго ж у дні “Славянскага базару” Віцебск плануе прыняць каля 6 тысяч чалавек. І сёлета беларуская дэлегацыя ўпершыню за гісторыю фестывалю будзе самая прадстаўнічая — каля 600 — 700 прадстаўнікоў лепшых творчых калектываў нашай краіны завітаюць у горад на Дзвіне.
— Для многіх гасцей і ўдзельнікаў фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” вызначаецца яшчэ і жыццём “Горада майстроў”,адкуль, бадай, ніводзін чалавек не выходзіць без падарункаў і фестывальных сувеніраў. Як будзе жыць “Горад майстроў” сёлета, на сваім новым месцы?
— Сапраўды, сёлета адной з яркіх падзей фестывалю стане “пераезд” традыцыйнага “Горада майстроў” у былыя Саляныя склады. Яны доўга рэстаўраваліся, але намаганнямі Міністэрства культуры, Віцебскага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў у рэшце рэшт ператварыліся ў буйны Цэнтр рамёстваў. І сёлета там размесціцца вялікая выстаўка, пройдуць конкурсы прадстаўнікоў творчых саюзаў майстроў з розных краін. І мне думаецца, што Саляныя склады, якія месцяцца ў прыгожым маляўнічым куточку горада, крыху воддаль ад асноўнага фестывальнага віхуру, стануць яшчэ адным месцам культурнага адпачынку віцябчан.
Магу адзначыць, што і гарадскі выканкам, і абласны зрабілі вельмі шмат для фестывалю, праведзены пэўныя работы і ў Амфітэатры, і ў самім горадзе. Да прыкладу, проста немагчыма пазнаць Гарадскі цэнтр культуры — штогод тут збіраецца вялікая колькасць людзей, шмат журналістаў, і сёлета з яго зрабілі сапраўдную “цукерачку”. Я ўжо не кажу пра сам Віцебск, які на сто працэнтаў падрыхтаваўся да прыёму гасцей.
— Скажыце колькі слоў і пра бюджэт фестывалю. Якім чынам ён фарміруецца? Наколькі акупляюць сябе гэтыя фінансавыя ўкладанні ў “Славянскі базар у Віцебску”?
— Бюджэт фестывалю мае сваю гісторыю. Ён перажываў розныя часы: было, калі ён ладзіўся за спонсарскія грошы, сродкі дзяржаўнага бюджэту Расіі і Беларусі, удзельнічала Саюзная дзяржава. Пачуваў ён тады сябе даволі няўпэўнена.Але няўпэўненасць гэтая скончылася пасля таго, як “Славянскі базар у Віцебску” пачаў патраніраваць Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Наша дзяржава пастаянна ўдзельнічае ў падтрымцы гэтага фестывалю, прычым сума гэтага ўдзелу на працягу гадоў не змяняецца, а толькі карэкціруецца ў сувязі з планавай інфляцыяй.
Другая крыніца фінансавання — саюзны бюджэт. Ён таксама ў розныя часы быў розны, раней расійскі бок выдзяляў значную суму, зараз яна скарацілася. Зрэшты, расійскія грошы ў асноўным выдаткоўваюцца на правядзенне мерапрыемстваў Дня Расіі.
Але разамз тым фестывальны бюджэт мае і “пераменны” бок — гэта ўласны даход. Год ад года рост уласных даходаў “Славянскага базару” назіраецца ў вельмі высокай прагрэсіі. Калі ў 2005 годзе фестываль зарабіў 1 мільярд 600 мільёнаў беларускіх рублёў, што складала прыкладна чацвёртую-пятую частку ўсяго бюджэту фестывалю, то ўжо ў 2007 годзе гэтая сума склала амаль 3 мільярды рублёў. За два гады — амаль у два разы! А сёлета гэтую лічбу плануецца давесці да 4 мільярдаў. Гэта дазваляе ўтрымліваць высокі ўзровень фестывалю. Але і гэтая лічба, я думаю, — яшчэ не мяжа. Так, мы ставім задачу, каб фестываль больш зарабляў грошай, каб усе яго мерапрыемствы карысталіся попытам, а значыць — прыносілі пэўны даход.
Але гэта не значыць, што фестываль выключна сам павінен зарабляць на сваё існаванне. Тады нам давядзецца адмовіцца ад многіх рэчаў, якія з’яўляюцца візітоўкамі “Славянскага базару ў Віцебску”: ад таго ж канцэрта адкрыцця фестывалю, які з’яўляецца не толькі культурнай, але і культурна-палітычнай акцыяй, ад конкурсных праграм, канцэрта закрыцця, шэрагу іншых яркіх фестывальных момантаў… Нам вельмі не хацелася б, каб “Славянскі базар у Віцебску” ператварыўся ў элітарны фестываль, на мерапрыемствы якога з’язджаліся б адно толькі багатыя замежныя турысты, а самі віцябчане стаялі б кольцам вакол Амфітэатра, намагаючыся “падгледзець”, што ж там адбываецца. Павінна быць разумнае прымяненне цэн на білеты: ад насамрэч дарагіх, тых самых элітных, да білетаў іншай цэнавай катэгорыі, якія можа купіць студэнт ці настаўнік, і таксама наведаць фестывальныя мерапрыемствы.
— Але ж ёсць яшчэ і магутны іміджавы “складнік” “Славянскага базару ў Віцебску”, які перавесці ў грашовы эквівалент проста немагчыма. Пацвярджэннем гэтага высокага іміджа нашай нацыянальнай культуры з’яўляецца і той факт, што сёлета, як вы сказалі, беларуская дэлегацыя прадстаўлена на фестывалі надзвычай багата і разнапланава. Такім чынам, фестываль прайшоў этап “колькаснага накаплення” замежных “зорак” і прыйшоў да этапа фарміравання і прапанавання новых культурных ідэй.
— Так, і для гэтага маецца некалькі прычын. Адна, і, напэўна, самая фундаментальная, — гэта эканамічны пад’ём Беларусі ў цэлым. Эканамічны — а значыць, і сацыяльны, маральны, бо ўсё гэта знаходзіцца ў цеснай узаемасувязі.
Па-першае, сёння беларускія артысты маюць добрыя канцэртныя касцюмы, свае танцавальныя групы, магчымасці для прафесійнай працы над сваімі музычнымі праектамі.
Па-другое, мы ў нашай краіне захавалі вельмі добрую сістэму сацыяльнай абароны мастацтва і падтрымкі моладзі. Гэта і Маладзёжны тэатр эстрады, і канцэртны аркестр Міхаіла Фінберга, дзе маладыя спевакі могуць сябе праявіць… Сёння ў нас з’явіліся прадзюсерскія цэнтры, якія працуюць без бюджэтных асігнаванняў, але яны сталі на ногі не ў апошнюю чаргу дзякуючы гастрольным пасведчанням: для беларусаў прадугледжаны льготы, і яны практычна не маюць на ўласным рынку жорсткай канкурэнцыі. І апошняе, а магчыма, першае, — і тое, што ў справе прапаганды айчыннай музыкі ў нас быў уведзены абавязковы працэнт. Так, напачатку было складана з тым, што не хапала айчынных выканаўцаў, музыкі. Але сёння гэтая справа ўжо дала відавочны плён: 3 ліпеня нашы спевакі выходзілі на сцэну перад пяцісоттысячнай аўдыторыяй, і іх прымалі з гонарам, пазнавалі, падпявалі ім. Яны ўжо ўпісаліся ў пласт музычнай культуры, адрасаванай сучаснай беларускай моладзі. І гэта таксама ўжо дае нам магчымасць на “Славянскім базары ў Віцебску” не абыходзіцца трыма-чатырма калектывамі, а паказаць усю панараму беларускага мастацтва максімальна багата.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА