Быццам міма праходзілі…

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

Тэатральны кастынг, які не адбыўся
29 жніўня ля службовага ўваходу ў Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр можна было заўважыць незнаёмыя абліччы. Акцёры перапытвалі адзін аднаго, у якога майстра вучыліся, у якім тэатры служылі. Акадэмія мастацтваў, ВГИК, ГИТИС — тут можна было пачуць назвы ўсіх вядомых творчых ВНУ. Прычына хваляванняў — прагляд у трупу артыстаў драмы.

/i/content/pi/cult/707/15485/9.JPGА 14 гадзіне ў малой зале тэатра віталі адзін аднаго члены мастацкай рады, рэжысёры, прадстаўнікі адміністрацыі. Наперадзе сеў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шароў, на галёрцы размясціўся Дзяніс Паршын, іранічна назіраў за дзеяннем вядучы майстар сцэны Яўген Іўковіч. Прыйшлі на прагляд рэжысёры Дзмітрый Багаслаўскі, Святлана Навуменка, Канстанцін Міхаленка, Таццяна Аксёнкіна — тыя, каму давядзецца ўводзіць новых акцёраў на ролі, якія ў міжсезонні засталіся без выканаўцаў.

У сілу розных жыццёвых абставін з трупы сышлі некалькі акцёраў. І каб іх замяніць, на прагляд запрашалі мужчын, не старэйшых за 40. Такіх знайшлося ажно дзевяць. Праўда, да самаго адбору трое так і не дайшлі. А яшчэ двое чамусьці дазволілі сабе спазніцца, прымушаючы камісію чакаць.

Першая чацвёрка кандыдатаў у прафесійную трупу ўразіла геаграфічнай пярэстасцю: адзін прыехаў з Віцебску, другі скончыў два ўніверсітэты ў Санкт-Пецярбургу. У аднаго за плячыма чатыры гады стажу ў дзяржаўным тэатры, у другога — выкладчыцкая дзейнасць у школе мастацтваў, у трэцяга — толькі студэнцкі білет і выпускныя экзамены налета. Па чарзе выходзілі на сцэну і чыталі вершы, прозу, байкі.

— Дзіўная сітуацыя паўтараецца ў апошнія гады, — у паўзе паміж выступоўцамі дзеліцца назіраннямі Яўген Іўковіч. — На прагляд прыходзяць людзі, не падрыхтаваўшы драматычныя ўрыўкі. Гэта не зусім карэктна ў дачыненні да тэатра. Усё ж, яны ж прэтэндуюць на месца акцёра драмы, а не спевака, танцора ці дэкламатара.

— Можа, трэба было больш канкрэтна ўказаць спіс неабходных патрабаванняў у аб’яве? — я спрабую ўчапіцца за хісткую саломінку, каб знайсці апраўданне дзіўнаватай сітуацыі.

— Пра неабходнасць падрыхтаваць да прагляду менавіта драматычны ўрывак гавораць спакон веку, — не паддаецца вядучы майстар сцэны. — А тут складваецца ўражанне, што людзі выпадкова трапілі на праслухоўванне. Быццам міма праходзілі ды вырашылі: “А дай зайду, пакажуся”.

Шчыра кажучы, недаўменне выклікала амаль кожнае выступленне. Падаецца, толькі адкрый інтэрнэт: кожны другі матэрыял пра пошук работы пачынаецца з рэкамендацыі прэзентаваць сябе так, каб наймальнік адчуў, чаму без цябе яму ніяк не абысціся. На тэатральным кастынгу я пабачыла людзей, якія не сталі надта “замарочвацца” нават з падборам праграмы: многія прыйшлі з тэкстамі са школьных падручнікаў. Вось ніколі не думала, што падчас барацьбы за месца ў вядомую трупу будуць гучаць спрэс Маякоўскі з іншымі класікамі! Прычым дрэнна вывучаныя… Блытаць прозвішчы, забываць словы, збівацца ў тэксце — такога, здаецца, не дазваляюць сабе нават абітурыенты.

Кожны палічыў неабходным выступіць з вакальным нумарам — пад гітару ці мінусоўку са смартфона. І тут у многіх на першы план выйшла. нават не праблема з запамінаннем тэксту, а банальнае няўменне спяваць. І зноў на памяць прыходзяць лайфхакі ад спецыялістаў па HR пра неабходнасць яскрава прыпаднесці свае ўменні і прыхаваць слабыя бакі. Падаецца, у дадзеным выпадку людзі крыху пераблыталі, што трэба, а што зусім неабавязкова дэманстраваць.

Верагодна, не надта сур’ёзным мерапрыемствам палічыў адбор і акцёр, які ў папярэдніх спісах толькі імя сваё пакінуў. Затое перад мастацкай радай умела жангліраваў зорнымі прозвішчамі знаёмцаў, пакінуў на водкуп спецыялістаў толькі спевы пад гітару ды какетліва не прызнаваўся ва ўласным узросце (хоць першая ж спасылка ў інтэрнэце бязлітасна абвяшчала, што кандыдат на дзесяць гадоў перавышае заяўленую працадаўцамі планку).

Ці трэба тлумачыць, чаму ў той дзень трупа Маладзёжнага тэатра так і не папоўнілася новымі асобамі? А як інакш, калі відавочна стаўленне да прафесіі. Упэўнена, установа ад гэтага цалкам справядлівага рашэння нічога не згубіла: моцны калектыў пакідае сабе шанс знайсці дастойнага артыста, сапраўды ўлюбёнага ў справу. А вось усім суіскальнікам творчых пасад хочацца прапанаваць больш адказна ставіцца да сваіх крокаў. Усё ж, лёгкасць акцёрства — адно толькі міф для глядзельнай залы.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"