Правільная інтанацыя для невымоўнага

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

У сярэдзіне чэрвеня наша газета паведамляла, што конкурс на эскізны праект помніка ахвярам масавых расстрэлаў у Курапатах у канцы 30-х — пачатку 40-х гадоў выходзіць на завяршальную стадыю. Тады журы вылучыла тры праекты, якія найбольш карэктна ўпісваліся ў існы ландшафт і гарманічна спалучаліся з тым народным мемарыялам,які ўжо склаўся ў Курапацкім лесе.

/i/content/pi/cult/707/15483/6.JPGА далей з трох праектаў, што вышлі ў фінал, абралі той, які і будзе рэалізаваны. Яго аўтары — скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў, архітэктары Вольга Ярмоліна і Марыя Маркаўцова. Мемарыяльны знак лаканічны па форме. Ён складаецца з чатырох стрыжняў “іржавага” металу, злучаных у вярхняй частцы крыжападобнай канструкцыяй. На гранях стрыжняў — словы “матуля”, “бацька”, “брат”, “сястра”... Такім чынам аўтары праекта даводзяць думку, што тыя, хто загінуў у Курапатах і іншых месцах пакутніцтва — не чужыя нам людзі; што камусьці з нас, хто жыве цяпер, яны радня, блізкая ці далёкая; што трагічная гісторыя краіны (дарэчы, гісторыя не такая ўжо даўняя) — частка нашых уласных радаводаў. Для аўтараў праекта прынцыпова тое, каб гэтыя словы былі напісаны не толькі на беларускай мове, але на ўсіх чатырох, якія ў перадваенны час былі ў Беларускай ССР дзяржаўнымі — мова тытульнай нацыі, руская, /i/content/pi/cult/707/15483/7.JPGпольская і ідыш.

Днямі Рэспубліканская мастацка-экспертная рада па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве разгледзела згаданы праект і мела з аўтарамі гаворку ўжо не пра канцэпцыю, якая цалкам задавальняе замоўцаў і экспертаў, а пра канкрэтныя сегменты помніка. Так, разгарнулася дыскусія па пытанні, які ж сімвалічны аб’ект мусіць быць унутры канструкцыі. Яна будзе стаяць на месцы, дзе цяпер знаходзіцца закладны камень мемарыялу, пастаўлены яшчэ ў 1980-я гады. Аўтары ад пачатку прапаноўвалі пакінуць яго на сваім месцы, бо людзі да каменя прызвычаіліся і лічаць яго часткаю курапацкага ландшафту. У спалучэнні з нейкім падабенствам капліцы (чатыры стрыжні з дахам-крыжам пры жаданні можна ўспрымаць і як сакральны аб’ект, але не прывязаны ні да адной канфесіі) ён можа набыць новы сэнс. Стаць гэткім сімвалам зямлі нашай. Але ідэя не прайшла.

Была ідэя змясціць унутр звон. Яна падалася членам савету больш мэтазгоднай. Праз падабенства з Хатынскім мемарыялам выбудоўваецца канцэпцыя крыжовага шляху Беларусі ў ХХ стагоддзі — Курапаты, Хатынь, Чарнобыль. Былі і іншыя прапановы. На сённяшні момант канчатковага рашэння няма. Але яно мусіць быць зацверджана згаданай радай ужо на наступным тыдні.

Зразумела, без увагі не засталося і пытанне архітэктурнай арганізацыі ўсёй тэрыторыі Курапат. Некаторыя праектныя арганізацыі прапанавалі даволі радыкальна змяніць сфармаваны там ландшафт, нават часткова знішчыць народны мемарыял, замяніўшы крыжы на малыя архітэктурныя формы. Але члены Рэспубліканскага манументальнага савета выказаліся катэгарычна супраць такога падыходу.

Курапацкі праект мае дзве стадыі. На першай ствараецца мемарыяльны знак, на другой прадугледжана добраўпарадкаванне тэрыторыі. Аўтарскі калектыў, які перамог у конкурсе, спадзяецца вырашыць абодва пытанні ў комплексе. Скульптарамі і архітэктарамі распрацаваны агульны план, дзе запланаваны падыходы і пад’езды да Курапатаў, а таксама далікатныя ўкропванні ў саму структуру існага народнага мемарыялу з метай надання яму яшчэ большай выразнай моцы.

Калісьці са страшнай праўды пра Курапаты распачаўся крытычны перагляд савецкай гісторыі. Сёння, у суверэннай Беларусі, стварэнне на месцы трагедыі побач з народным мемарыялам памятнага знака ад імя дзяржавы мусіць стаць сімвалам грамадскай згоды дзеля будучыні.

І яшчэ. Ёсць думка, што такі знакавы для Беларусі мемарыял мусіць мець свой слоган. Такі ж выразны, як надпіс на магіле Невядомага салдата ля Крамлёўскай сцяны ці на помніку ахвярам атамнай бамбардзіроўкі ў Хірасіме. Знайсці правільныя словы для таго, што, скажам шчыра, немагчыма словамі выказаць — вартая задача для “інжынераў душ”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"