Па хатняе заданне — у музей

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

Напярэдадні навучальнага года заўжды з новай сілай распачынаецца зацікаўленая размова і пра навучальныя сістэмы, і пра падручнікі. На школу традыцыйна ўскладаецца ўвесь цяжар гэтай місіі: маўляў, там цябе навучаць. Але ж апроч нашай завядзёнкі (паслухаў-прачытаў-пераказаў) ёсць і дадатковыя, часам куды больш эфектыўныя метады, скіраваныя не толькі на перадачу ведаў, але і ўменне іх здабываць. А галоўнае, на ўменне назапашваць досвед цягам усяго жыцця — і пры неабходнасці імкліва знаходзіць на палічках памяці відавочныя паралелі, выбудоўваць уласныя прычынна-выніковыя сувязі. Менавіта такі падыход уласцівы некаторым еўрапейскім гістарычным музеям, дзе плённа выкарыстоўваецца інтэрактыў.

Галоўны акцэнт у нас звычайна робіцца на тое, каб зацікавіць. У замежжы — каб прывучыць спакваля, літаральна з паўзунковага ўзросту, наведваць музей. Туды ходзяць сем’ямі, дзе могуць быць і падлеткі, і немаўляты: справа знойдзецца ўсім.

Да прыкладу, у Гістарычным музеі Стакгольма ёсць зала з чымсьці накшталт пясочніцы, толькі з дробна пасечаным мяккім пластыкам. Там можна правесці ўласныя археалагічныя раскопкі і выцягнуць на паверхню цацкі. Прымацаваныя да дна гумавымі стужкамі, праз некаторы час яны самі схаваюцца ў глыбі — і можна адкопваць іх нанова.

У залах краязнаўства сям-там ля самай падлогі, змешчаны дзверцы з надпісам: “Хто там?” Адчыняеш — і з чорнай скрыні даносіцца голас якой-небудзь жывёліны ці птушкі. А ўсунуўшы руку ў невялічкую дзірачку, разлічаную на дзіцячую далоньку, можна намацаць адпаведную цацку — тую ж кароўку, пеўніка.

Для старэйшых паўсюль змешчаны электронныя віктарыны, прычым адказы на пытанні можна знайсці непасрэдна ў музеі. Інтэрактыўная карта за лічаныя імгненні дае ўяўленне пра тэрытарыяльныя змены. Можна прымерыць рыцарскі шлем, патрымаць меч, пайграць на старадаўнім аргане (вядома, усё гэта імітацыі), паслухаць праз навушнікі музыку розных эпох. А больш як тысячагоднюю гісторыю — прасачыць па дарожцы, дзе кожная плітка — адзін год.

Ва ўнутраным дворыку музея цябе запросяць спекчы праснак, выкаваць цвік ці падкову, паспрабаваць сябе ў ткацтве, стральбе з лука. Апошняе ёсць і ў нас — але выключна на фестывалях, нейкіх іншых “парадных” імпрэзах. А там усё гэта — пастаянна, у любы час, без ажыятажу і чэргаў.

А ў Нацыянальнай галерэі Осла ёсць асобная зала са скульптурнай выявай, абкружанай крэсламі. Побач — папера, алоўкі, мальберты: сядай і малюй. Калі атрымаецца добра, твой эцюд могуць змясціць тут жа на сцяне. Чым не падстава для самаўдасканалення? Дый піяр-ход вельмі добры: паглядзець тыя ўласныя спробы, выстаўленыя побач з сусветнымі шэдэўрамі, прыйдуць сябры, сваякі, калегі. У іншых музеях таксама ёсць пакоі для заняткаў “хэнд-мэйд” — з бясплатнымі прыладамі і майстрамі, гатовымі дапамагчы. І з гэткай жа выстаўкай лепшых вырабаў.

Нарвежскі скансэн, што ўтрымлівае больш за дзве сотні аб’ектаў, пачынаючы з драўлянай царквы ХІІІ стагоддзя, уражвае, да ўсяго, паслядоўна праведзенай думкай, што гісторыя ствараецца тут і цяпер, а нядаўняе мінулае патрабуе такога ж пільнага стаўлення, як і даўніна. І артэфакты трэба назапашваць спакваля, пакуль яны не сталі рарытэтамі, адшукванне якіх будзе патрабаваць куды больш намаганняў. Таму цалкам зразумела, чаму там ахоплены не толькі сялянскі, але і гарадскі побыт. Пакоі старых трохпавярховых дамкоў дэманструюць жытло розных дзясяцігоддзяў ад канца ХІХ да пачатку ХХІ стагоддзя. Сярод экспанатаў — скажам, “тоўсты” манітор, што яшчэ зусім нядаўна лічыўся тэхнічным дасягненнем. Ёсць і тэматычныя экспазіцыі. Уваходзіш у банк часоў Шэрлака Холмса — і аглядаеш не толькі яго тыповы інтэр’ер, але і разнастайныя купюры ды манеты. У крамах побач — знаёмішся з гісторыяй вырабу пэўных тавараў. І паўсюль — сумяшчэнне сапраўдных музейных каштоўнасцяў з муляжамі, прызначанымі для інтэрактыву, тэатралізаваныя сцэнкі, музычна-танцавальныя імпрэзы, што аднаўляюць мінуўшчыну.

Цікава, што ў той жа Швецыі, да прыкладу, зусім не баяцца тэматычных паўтораў. У некалькіх хвілінах хады ад Гістарычнага музея — Музей паўночных народаў. Непадалёк — Музей Сярэднявечча. Побач — асобная экспазіцыя карэт і ўбораў. А там — ну проста “сацыялістычнае спаборніцтва” ў дзеянні. Супрацоўнікі шукаюць усё новыя крэатывы. Наведвальнікі ж прывучаюцца спалучаць веды з розных крыніцаў, дапаўняць, пашыраць, параўноўваць. Як вынік — прыярытэт гістарычных фактаў-артэфактаў над звыклым тэкстам школьных падручнікаў. Імкненне не проста паўтарыць прачытанае-пачутае, а спалучыць асабіста ўбачанае і з гэтых асобных, разрозненых пазлаў стварыць для сябе цэласную карціну.

Ці ж не ў гэтым асноўная мэта любога навучання? Ва ўменні карыстацца ведамі, а не напіхваць імі галаву, бы тую шафу, а потым не памятаць, дзе што ляжыць. Або забывацца на вывучанае адразу пасля адказу на ўроку, іспыту, тэсціраванні.

Важна не механічна запомніць той ці іншы факт, а навучыцца знаходзіць адказ самому, прыклаўшы да гэтага хоць якія намаганні — нават проста адчыніць на сцяне маленькую дзверку, дзе схаваная разгадка. Вось у чым сэнс сапраўднага інтэрактыву! А не ў тым, каб толькі здзівіць ды забавіць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"