“Белавежка” і Гамлет

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

11 верасня ў Брэсце пачнецца ХХІІІ Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа”. За шэсць дзён пройдуць ажно 26 спектакляў з 10 краін: Албаніі, Арменіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны і, канешне, Беларусі. Але ж справа не ў статыстыцы! Сёлета фэст істотна абнавіў свой фармат.

/i/content/pi/cult/707/15480/5.JPGНа ўрачыстым адкрыцці, як і мае быць, будзе паказана адна з самых гучных за апошні час прэм’ер — “Рэвізор” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Але першай у насычанай фестывальнай праграме стане ранішняя шоу-праграма “Наша жыццё — вялікі сцэнарый” Узорнага тэатра-студыі “Паралель”. Намаганнямі гэтага калектыву ў Баранавічах ужо некалькі гадоў ладзіцца Міжнародны фестываль-семінар юначых і маладзёжных тэатраў “Паралельныя сусветы”. На брэсцкім жа форуме дадатковы дзіцяча-юначы акцэнт з’явіўся ўпершыню.

— Прызнацца, я даўно думаў пра гэткую “Белавежку” як паўнавартасную частку “Белай Вежы”, — гаворыць мастацкі кіраўнік і дырэктар фестывалю, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Аляксандр Козак. — Нарэшце, сёлета ідэя ажыццявіцца. Праўда, крыху ў іншым выглядзе, чым меркавалася калісьці. Мы ўключылі ў праграму не толькі спектаклі для дзяцей прызнаных прафесійных тэатраў, але і лепшыя пастаноўкі дзіцяча-юначых тэатраў-студый Беларусі, Расіі, Украіны. Гэтыя спектаклі змогуць прыцягнуць на наш форум новую аўдыторыю. Але ж, упэўнены, яны зацікавяць і крытыкаў! Па-першае, заўсёды хочацца паглядзець, што ж робіць юнае пакаленне. Па-другое, мы запрасілі на фестываль папраўдзе лепшыя дзіцячыя калектывы і тэатры-студыі. Іх пастаноўкі вылучаюцца высокім густам, добрай, удала абранай драматургіяй.

Другім новаўвядзеннем 23-й “Белай Вежы” стане HD-тэатр: “Гамлет” і “Кармэн” з Вялікабрытаніі будуць паказаны ў зале кінатэатра на вялікім экране. Прывезці сусветна вядомыя тэатральныя праекты даволі праблематычна, але можна ўбачыць іх у фармаце відэапраглядаў. У Мінску гэта ладзіцца рэгулярна. У Брэсце, на жаль, пакуль не.

— Вось мы і пачнём! — кажа спадар Козак. — Мяркую, падобныя паказы змогуць прыжыцца не толькі на фестывалі, але і па-за ім, цягам усяго года. Такая думка небеспадстаўная, бо квіткі разышліся без праблем. Цяпер нават шкадую, што вырашылі спыніцца на малой, а не вялікай зале.

Слухаючы Аляксандра Козака, падумала яшчэ і пра тое, што цяперашнія фестывальныя ноу-хау шмат у чым былі выкліканы жаданнем захаваць фестывальны маштаб пры вельмі сціплым бюджэце (невыпадкова ў сёлетняй праграме зніклі, да прыкладу, вулічныя спектаклі, на якія квіткі не прадасі). Так, гісторыі вядомы мастацкія знаходкі, выкліканыя, у тым ліку, эканамічнымі праблемамі: тут і змена джазавых аркестраў невялічкімі ансамблямі ў паваенны час, і росквіт камернай музыкі ўвогуле, і імклівае развіццё жанра монаспектакля, і праславуты “чорны кабінет” у сцэнаграфіі. Ды ўсё ж тэатральна-фестывальны рух — менавіта той кірунак, на які не трэба шкадаваць грошай. Бо ён адначасова ўздзейнічае на самыя разнастайныя бакі грамадскага жыцця, сярод якіх развіццё нацыянальнага мастацтва ў кантэксце сусветнага, выхаванне публікі, турыстычная прывабнасць горада і краіны ў цэлым. Таму дзякуй Міністэрству культуры і мясцовым уладам, што яны гэта разумеюць. Бо расце фестываль — расцём і мы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"