“Янава слова”, што адмярае наш час

№ 35 (1370) 01.09.2018 - 06.09.2018 г

Перадсвяточны шпацыр па “бібліятэчнай пешаходцы”
Падарункі да юбілею — гэта заўсёды прыемна. Тым болей, у дадзеным выпадку яны незвычайныя: замест прысмакаў — новая кніжная крама, замест запаленых свечак — пешаходная вуліца, а вішанькай на торце — новы парк культуры і адпачынку. Да 25-га Дня беларускага пісьменства жыхары Іванава атрымалі цэлы шэраг такіх знакавых прэзентаў для свайго горада, які сёлета адзначае 595-годдзе.

/i/content/pi/cult/707/15476/1.jpgУ якасці падарунка для горада Дзень беларускага пісьменства расцэньваюць і ў мясцовым райвыканкаме. Прычым падарунка, які застанецца з янаўцамі яшчэ на доўгія гады. Менавіта пра гэта казаў мне падчас сустрэчы намеснік старшыні Іванаўскага раённага выканаўчага камітэта Рыгор Сыса.

— Да свята яшчэ болей за тыдзень, але ўжо сёння можна сказаць, што горад поўнасцю да яго гатовы, — не без гонару адзначыў суразмоўца. — Хаця працы ў нас было багата. Рэканструкцыю і рамонт зведалі многія сацыяльныя ўстановы Іванава, у тым ліку — і сферы культуры. Таксама вырашылася дастаткова балючая для нас праблема: адноўлены гарадскі парк плошчай 25 га. У ім з’явіліся спартыўныя пляцоўкі, новае асвятленне, пракладзена веладарожка.

Але гэта, натуральна, не ўсё, што зроблена да маштабнага рэспубліканскага свята. Дзясяткі і сотні аб’ектаў дзяржаўнай і недзяржаўнай уласнасці былі адрамантаваны ці прыведзены да ладу, прычым і за асабістыя грошы ўласнікаў: як ні як, высокі статус літаратурнай сталіцы Беларусі да гэтага проста абавязвае! Прывяду толькі адну лічбу: усяго на добраўпарадкаванне райцэнтра да Дня беларускага пісьменства пайшло прыкладна 4 мільёны рублёў. Гэта сродкі як рэспубліканскага і абласнога, так і раённага бюджэтаў.

— Мне вельмі прыемна, што ўсе госці Дня беларускага пісьменства ацэняць нашу працу і, натуральна, працу сферы культуры Іванаўшчыны, — адзначыў Рыгор Сыса. — Тым больш, што яна, на мой погляд, займае першыя пазіцыі ў нас у Брэсцкай вобласці. І, паверце, гэта не проста гучныя словы! Мала дзе ёсць столькі рэальных праектаў, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці, якія ўвасобіліся ці яшчэ абавязкова ўвасобяцца ў жыццё.

/i/content/pi/cult/707/15476/2.jpgЯ ж у адказ нагадаў Рыгору Мікалаевічу, што пра адметную і паспяховую праектную дзейнасць мясцовых культработнікаў “К” піша даўно і з веданнем справы. Менавіта ад журналістаў нашай газеты многія чытачы калісьці даведаліся пра задумкі іванаўцаў зрабіць адметныя музейныя комплексы ў Варацэвічах, Моталі, Стрэльна. З
мясцовымі культработнікамі мы сябруем даўно і плануем сябраваць ды пісаць пра іх крэатыўную дзейнасць і
надалей. Тым больш, што нагоды для гэтага, упэўнены, не раз яшчэ надарацца.

Пехатой і веласіпедам

Але ж вярнуся да перадсвяточных будняў райцэнтра. Тое, што за час падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства горад змяніўся да непазнавальнасці, — рэальны жыццёвы факт. Кажу гэта з упэўненасцю, бо ў Іванава я бываў і 10, і 5 гадоў таму, — яшчэ тады, калі мясцовую сферу культуры ўзначальваў папраўдзе няўрымслівы і творчы кіраўнік Мікалай Шаляговіч — пачынальнік многіх добрых ініцыятыў на культурнай “дзялянцы” раёна. Таму падчас шпацыру па вуліцах Янава (так да 1940 года называўся райцэнтр) з дырэктарам Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Аленай Данількевіч маё вока адразу адзначала кардынальныя змены ў абліччы горада.

У першую чаргу, натуральна, варта сказаць пра ўстановы культуры. Па словах начальніка аддзела культуры Валянціны Барадзінчык, за кароткі тэрмін былі адрамантаваны дарослая і дзіцячая бібліятэкі, адзін з будынкаў дзіцячай школы мастацтваў, школа бондарства. А яшчэ ў горадзе з’явілася пешаходная вуліца 17 верасня, якая мае стаць любімым месцам баўлення часу гараджан і іх гасцей.

Вуліца тая, праўда, не надта вялікая, але менавіта на ёй месцяцца абедзве кніжніцы. Так што з вялікім духоўным складнікам бібліятэчнай пешаходнай вуліцы Іванава наўрад ці змогуць паспрачацца іншыя, больш доўгія “пешаходкі”. Тым больш, на ёй усюды стаяць зручныя лаўкі, для дзятвы зроблены месцы для адпачынку і гульні, а ўся вуліца 17 верасня абсаджана цяпер кветкамі, разнастайнасці і каляровай гаме якіх можа пазайздросціць любы кветкавод-аматар ці нават садавод-прафесіянал.

/i/content/pi/cult/707/15476/3.JPGАдпаведна, шлях да іванаўскіх “кніжніц” стаў вельмі прыемным. У святочныя дні яны прымуць у сваіх сценах сотні гасцей з Беларусі і замежжа. Напрыклад, падчас Дня беларускага пісьменства ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Панфёрава (якая, дарэчы, мае і свой уласны бібліятэчны сайт janowlib.by — зноў-такі адсылаючы чытачоў да старадаўняй назвы горада) збяруцца ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі “Іванаўскія чытанні”. Адрамантаваныя сіламі бібліятэкараў залы ўжо цяпер прыцягваюць сюды многіх наведвальнікаў. Балазе, кніжны і, асабліва, падпісны фонд бібліятэчнай перыёдыкі стракаціць сотнямі найменняў і можа задаволіць густы любога, нават самага патрабавальнага чытача.

Але, бадай, самае галоўнае, чаго нельга прамінуць, — гэта новы парк адпачынку, дзе сёння папраўдзе можна блукаць гадзінамі нават штодня. Прычым і дзецям, і дарослым. Першыя могуць бавіцца на шыкоўнай дзіцячай пляцоўцы, дзе колькасць усталяваных атракцыёнаў, арэляў, горак, спартыўных снарадаў для лазання і іншых забавак уражвае любога наведвальніка. Нават у сталіцы падобнай дзіцячай пляцоўкі, роўнай іванаўскай па колькасці і разнастайнасці, я яшчэ не сустракаў — у чым адразу і прызнаўся Алене Данількевіч.

Калі ж казаць пра дарослых, дык яны сёння могуць прайсціся па шматлікіх дарожках парку, падыхаць свежым паветрам, пазаймацца на пляцоўцы для воркаўту, пагуляць на абноўленых пляцоўках у футбол, валейбол ці тэніс, а таксама пракаціцца па двухкіламетровай веладарожцы. Што, дарэчы, многія жыхары райцэнтра і робяць: падчас шпацыру па парку нам неаднаразова даводзілася чуць ці то папераджальныя трэлі веласіпедных званкоў, ці то ласкавыя просьбы саступіць дарогу.

Ад маркі да кнігарні

Падчас шпацыру па прахалодных дарожках парку ў Алены Данількевіч зазваніў тэлефон — і мы адразу рушылі на мясцовую пошту. Там распачалася ўрачыстая цырымонія спецыяльнага гашэння паштовай маркі. Менавіта ў гэты дзень Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне канверт і паштовую марку “Герб Іванава” з серыі “Гербы гарадоў Беларусі”.

Ва ўрачыстай цырымоніі гашэння прынялі ўдзел старшыня Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Дарагакупец і дырэктар Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Валянціна Пух. Яны нагадалі прысутным, што спецыяльнае гашэнне новай паштовай маркі праводзіцца вырабленым для кожнага выпадку мастацкім штэмпелем і ў строга абмежаваны час. Прыемна было стаць сведкам з’яўлення будучага філатэлістычнага рарытэта.

Як адзначыла падчас цырымоніі Валянціна Пух, агульны наклад маркі складае 54 тысячы экзэмпляраў, а сама яна можа выкарыстоўвацца для міжнародных паштовых адпраўленняў. Такім чынам, мы знаёмім міжнародную грамадскасць з беларускімі гарадамі.

З цырымоніі гашэння адразу рушыў у новую кнігарню, якая з 1 жніўня распачала працу ў горадзе. Балазе, установа ад паштамта зусім непадалёк — літаральна праз дарогу. Але ўвайсці ў яе аказалася не так ужо і проста — у гэты час тут было даволі шмат наведвальнікаў, якія гарталі кнігі, куплялі сшыткі, алоўкі, кніжныя выданні і нават фатаграфавалі ўпадабаныя фаліянты.

— Думаю, не памылюся, калі скажу, што кнігарню “Верасень” чакалі літаральна ўсе жыхары райцэнтра, — кажа прадавец крамы Аксана Адамовіч. — Людзі заходзяць, глядзяць навінкі, пытаюцца пра тыя ці іншыя выданні. Мы, у сваю чаргу, працуем таксама і пад замовы: калі штосьці патрэбна, абавязкова задаволім заяўку індывідуальна.

Вялікай колькасці пакупнікоў — як прызналіся мне прадаўцы, яны ўжо ў два разы перавыканалі месячны план! — спрыяе і наладжаная сістэма маркетынгу: у краме пастаянна абнаўляецца асартымент, цэны трымаюцца на даволі нізкім узроўні, а таксама часта аб’яўляюцца дні зніжак на тую ці іншую кніжную прадукцыю.

Дадам, што любую кнігу можна замовіць нават не выходзячы з дому: праз сайт прадпрыемства “Белкніга”. А яшчэ тут ладзяць прэзентацыі навінак дзяржаўных выдавецтваў. Некаторыя з гэтых акцый адбываюцца з удзелам аўтараў кніг.

А ўжо напрыканцы гэтага насычанага падзеямі дня мне давялося пабываць на ўстаноўцы памятнага знака “Янава слова”, прысвечанага Дню беларускага пісьменства. Скульптуру вагой у пяць тон усталявалі на пешаходнай вуліцы 17 верасня, непадалёк ад дзвюх бібліятэк і рэдакцыі газеты “Янаўскі край”, некалькі рабочых. Цікава, што за іх працай асабіста — і з відавочным задавальненнем — назіраў намеснік старшыні райвыканкама.

Аўтарскі калектыў Алеся Шацілы, Аляксея Сарокіна і Ганны Багаткінай нездарма прапанаваў выкарыстаць у кампазіцыі памятнага знака сонечны гадзіннік — як сімвал вечнасці Яго Вялікасці Слова, якое, бы сонца, ззяе і будзе ззяць для ўсіх людзей вечна. А цэнтральным элементам памятнага знака з’яўляецца пяро — сімвал рукапісаў, ад якіх бяруць пачатак друкаваныя тэксты.

Устаноўку знака рабочыя праводзілі няспешна, грунтоўна і адказна. Спачатку робячы ўсе неабходныя замеры, а потым, пры дапамозе крана, уладкоўваючы на свае месцы ўсе часткі скульптурнай кампазіцыі. Такую ж грунтоўнасць і адказнасць назіраў я і на іншых будаўнічых пляцоўках. Падаецца, менавіта зладжанасць работы іванаўцаў, іх увага да ўсіх элементаў святочнай дзеі, якая распачнецца ў райцэнтры сёння, 1 верасня, — галоўны складнік паспяховасці Дня беларускага пісьменства. Калі не верыце — праверце гэта самі. Дарогі ў Іванава заўсёды адкрыты кожнаму аматару падарожжаў і культурнага турызму. Запэўніваю — не пашкадуеце!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"