Дзетачка і Маргарытачка

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

Хто яны, Сяргей і Маргарыта Канёнкавы? Дэтэктыўная загадка, не разгаданая да канца
(Працяг. Пачатак у №№ 32 — 33.)

/i/content/pi/cult/706/15474/20.JPGНеўзабаве Канёнкаў і Зіменка скончылі абмяркоўваць свае справы і вярнуліся да нас. Размова працягнулася. Вядома, увесь яе змест я не запомніў. Затое ў памяці засталося іншае: расповед Сяргея Цімафеевіча пра яго сустрэчы з Ясеніным. Вось тут я навастрыў вушы: Ясенін для мяне ў той час (ды і цяпер) быў адным з самых любімых паэтаў ХХ стагоддзя. І сустрэча з чалавекам, якi асабiста яго ведаў, была падарункам лёсу.

У студыі на Прэсні

А пачыналася ўсё так. Канёнкаў, адпіўшы глыток гарбаты, раптам павярнуўся да сваёй жонкі:

 — Маргарытачка, пачаставала б гасцей налівачкай...

І калі на стале з’явіліся графін з ружовай вадкасцю і кілішкі (сам Канёнкаў не піў), ён прамовіў са скрухай у голасе:

 — У маладосці і я быў вялікі мастак па гэтай частцы. Мы з Сярожам Ясеніным добра ўмелі пагуляць у маёй студыі на Прэсні.

Маргарыта Іванаўна з дакорам паглядзела на мужа і ўздыхнула:

 — Вось, дзетачка, з-за твайго разгульнага жыцця і кінула цябе твая Таццяна.

 — Ну ты скажаш, Маргарытачка, — расхваляваўся Канёнкаў. — Зусім не з-за гэтага.

І працягнуў свой аповед:

 — У пачатку дваццатых я жыў і працаваў на Вялікай Прэсні. Гэта была двухпавярховая камяніца са шкляным двускатным ліхтаром на каньку даху, якая належала булачніку Ціхаміраву. Там я ў яго за 60 рублёў у месяц і арандаваў скульптурную майстэрню разам з куханькай, пакойчык для жылля з печкай-“пчолкай”. Да мяне тут працаваў Косця Крахт. Скульптар ён быў не вельмі высокага палёту, але затое на вячоркі ў сваю студыю мог сабраць такіх няпростых персон, як Андрэй Белы, Марына Цвятаева, Валерый Брусаў, Барыс Пастэрнак, Іда Рубінштэйн, Наташа Ганчарова, браты Макоўскія.
Праўда, нядрэнная кампанія?

Побач з домам праязджалі пралёткі, старадаўнія карэты і нават важныя “ролс-ройсы”. Грымеў трамвай. Насупраць — уваход у Заалагічны сад, непадалёк — Ваганькаўскія могілкі. Студыя добрая, утульная. Ганак, увіты дзікім вінаградам, панадворак, зарослы бэзам, язмінам і шыпшынай. За домам я пасеяў жыта, у якім летам раскашавалі мае любімыя валошкі і пунцовыя макі.

Ведаеце, мае мілыя сябры, які гэта быў час? Час баявы, вясёлы. Час вялікіх чаканняў. Прэсня для мяне стала раем зямным — і ў творчых адносінах, і ў чыста чалавечых стасунках. У мяне часта бывалі і Федзя Шаляпін з дзецьмі, і Ваня Шведаў, які шыкоўна выконваў шаляпінскую “Блыху”, і паэт Міша Герасімаў у сваім нязменным чырвонаармейскім шынялі, і скульптар Мітрафан Рукавішнікаў з братам паэтам Іванам, і сам наркам Луначарскі, і Пеця Канчалоўскі з Машковым, і Ізадора Дункан, якую я маляваў у яе балетнай студыі на Прачысценцы, дзе яна навучала маладзенькіх балерын-басаножак, а потым ляпіў яе з натуры ўжо ў майстэрні. Яркая была жанчына... Асаблівая, ні на кога не падобная.

/i/content/pi/cult/706/15474/19.JPGНеаднойчы заходзіў да мяне таленавіты і абаяльны дзівак Іткінд родам (звяртаючыся да мяне — Б.К.) з вашай Смаргоні. Ён вучыўся маляванню ў Рушчыца і скульптуры — у Валнухіна, але і ў мяне сяму-таму навучыўся, у тым ліку і тэхніцы ювелірнай разьбы па дрэве. Але ў яго была свая, асаблівая разьба... Разам з Горкім я дапамог яму зрабіць у тэатры “Габіма” на Ніжняй Кіслоўцы персанальную выставу. Поспех быў зайздросны, хаця яго звышарыгінальныя творы былі для маскоўскай публікі вой якія нязвыклыя. Ісаак быў вельмі захоплены паэзіяй Ясеніна, называў яго “самым рускім з усіх рускіх піітаў”, і Сярожа, які гасцяваў у мяне часцей за ўсіх, адказваў яму ўзаемнасцю.

Кніга, якой не было

— Сяргей Цімафеевіч, раскажыце больш падрабязна пра ваша сяброўства з паэтам, — папрасіў я.

— Мяне з Сяргеем пазнаёміў мой даўні прыяцель Клычкоў. Успамінаю, як яны — Ясенін, Клычкоў і Арэшын — моцна выпіўшы спірту і закусіўшы сабранымі ў дваровых пнях шампіньёнчыкамі, смачна прыгатаванымі жонкай дворніка “дзядзькі Грышы”, пахістваліся ля маёй кампазіцыі “Сцяпан Разін з грамадой”, спяваючы заліхвацкі разбойніцкі раманс “Живет моя отрада в высоком терему... ”, які сачыніў Арэшын.

 — Ды не, дзетачка, — паправіла мужа Маргарыта Іванаўна, — песню склаў Сярожа Клычкоў, а не Пеця Арэшын. А дакладней кажучы, Сярожа літаратурна апрацаваў вершы свайго цёзкі Рыскіна, які памёр ад сухотаў зусім маладым. Я ж табе пра гэта не раз казала. А музыку хутчэй за ўсё напісаў папулярны цыган-гітарыст Міхаіл Шышкін.

 — Хіба? Ну, значыць, прызабыў. Старасць... А наогул, “апошні паэт вёскі”, як сябе называў Сяргей Аляксандравіч, з’яўляўся заўсёды нечакана, бясшумна, без усялякага папярэджання. З’яўляўся адзін або з Ізадорай. Аднойчы прыйшлі два Сяргеі — Ясенін і Клычкоў. Такія сур’ёзныя, дзелавыя, цвярозыя. Паскардзіліся на “сухі закон”. Я ім нагадаў, што на Цвярской працуе шынок Аўтандылава — адзінае ў Маскве месца, дзе паводле дэкрэта дазволена продаж віна. Сябры засмяяліся: няхай, маўляў, гэта пойла п’юць арыстакраты. Ну, што мне заставалася рабіць: выцягнуў я з камода бутлю спірту.

Аказваецца, мэта іх прыходу была цалкам высакародная: яны вырашылі ўдваіх напісаць манаграфію пра маё жыццё і творчасць! Памятаю, у добрым падпітку яны на маіх вачах ударылі па руках: “Заўтра з раніцы пачнём, а сёння... сёння давайце песні спяваць!” Кнігу пра мяне яны так і не напісалі — хутчэй за ўсё таму, што справа гэтая, па сутнасці, ім была не ўласцівай.

І тут я хачу зрабіць маленькае адступленне. У зборы твораў Сяргея Ясеніна (Масква, 1962) у 5-м томе прыводзіцца заява на адрас аддзела выяўленчых мастацтваў Наркамасветы ад 19 кастрычніка 1918 года: “Просім аб выдачы нам, Сяргею Клычкову і Сяргею Ясеніну, якія працуюць над манаграфіяй пра творчасць Канёнкава памерам у два друкаваных аркушы, паводле разліку ў тысячу рублёў аркуш, авансу ў 1 тысячу (адну) рублёў. Сяргей Клычкоў, Сяргей Ясенін”.

Ці ведаў сам скульптар пра такую заяву? Наўрад ці. І невядома, ці атрымалі паэты жаданы аванс. Але вядома іншае. У 1922 годзе выдавецтва імажыністаў абвясціла на вокладцы зборніка “Залаты кіпень” аб тым, што рыхтуецца да друку кніга Ясеніна і Анатоля Марыенгофа пра Сяргея Канёнкава. Аднак ніякіх звестак аб працы паэта над ёй я не знайшоў.

Сяргей Цімафеевіч працягваў:

— Што яшчэ сказаць? Ясенін вельмі любіў мой прэсненскі маёнтак. Асабліва — свежы пах вычышчанага ад кары дрэва, шоргат габлюшкі пад нагамі, колер замешанай у збане чырвонай гліны. Мог гадзінамі скрупулёзна разглядаць мае працы. Асабліва падабаліся яму “лесавічкі”, кампазіцыі “Стрыбог”, “Еруслана Лазарэвіч”, “Царэўна”, “Жабрацкая браты”. Ён не мог ніяк зразумець, як з драўлянага цурбалка можна зрабіць жаночы торс і атрымаць за яго дзве тысячы рублёў! А вось скульптуры з майго “грэцкага цыклу” — паўпартрэты-
паўалегорыі кшталту “Эоса” або “Кары” — не вельмі былі яму даспадобы, хіба толькі “Жар-птушка” — аголеная мадэль, зробленая ў грэцкім стылі. І асабліва захапляўся ён маім “Паганіні”. Часам сядаў на клад дроў каля свірна і слухаў, як я сваім прыглушаным баском спяваў “Барыню”, падыгрываючы сабе на гармоніку-двухрадку, які Сярожа называў “лірай”. Часам падпяваў тэнарком, трохі ў нос.

Канёнкаў замоўк, ледзь напружыўся, быццам нешта ўспамінаючы. Потым, убачыўшы, што яго жонка, ціха папрасіўшы прабачэння, паднялася і некуды выпырхнула, паважна пагладзіў бараду:

— Напэўна, стамілася Маргарытачка... Яна ж з раніцы на нагах. Хай адпачне трошкі. Я вось у свае дзевяноста пяць пакуль на кані. Як вы думаеце, сябры, пратрымаюся яшчэ гадоў пяць? Не адказвайце. Я ведаю — пратрымаюся ды яшчэ пакажу пачэснай публіцы сваю юбілейную выставу, апошнюю, пэўна... Мне будзе што прадставіць! Так, пабачыў я ў жыцці ўсяго такога столькі, што іншаму не хопіць і трох жыццяў. Дык на чым гэта я спыніўся?

— На ўспамінах пра Ясеніна...

— Прыгадваю, як мы з Сярогам аднойчы хадзілі на жураўлінае паляванне ў Сергіева-Пасадскія ўгоддзі. Самае цікавае, што калі мы са стрэльбамі падыходзілі да поля, журавы тут жа ўзляталі. Але калі там працавалі сялянкі з сярпамі, птушкі іх чамусьці зусім не баяліся і хадзілі літаральна побач з імі. Магчыма, адчувалі, што мы чужынцы і прыйшлі не з дабром. Хаця страляць мы зусім не збіраліся. У нас не было таго тургенеўска-некрасаўскага азарту як мага больш набіць жыўнасці.

Здаецца, у 1921 годзе я выразаў з дрэва ясенінскі бюст. Працаваў без натуры, карэктуючы зроблены з натуры партрэт па тым моцным уражанні, якое жыло ўва мне з вясны 1918 года. Тады на маёй выставе ў Прэсні Сяргей чытаў вершы натоўпам наведвальнікаў. Валасы натапырыў, лоб наморшчыў… Партрэт яму вельмі спадабаўся, і ён па ўсёй Маскве разнёс, як яго, натхнёнага і гордага, увасобіў “цёзка”, “лепшы сябра” і “самы геніяльны расійскі мастак”.

Шмат пазней я даведаўся некаторыя новыя цікавыя факты пра ўзаемаадносіны Канёнкава і Ясеніна, пра якія Сяргей Цімафеевіч тады нам з Зіменкам не распавёў.

Так, перад ад’ездам у ЗША Канёнкаў напісаў Ясеніну ліст, у якім былі такія радкі: “Вельмі сумна мне з’язджаць, не развітаўшыся з табой. Некалькі разоў я заходзіў і пісаў табе, але ты чамусьці зусім на мяне забыўся. Я па-ранейшаму люблю цябе і цаню як вялікага паэта”.

А як цяжка скульптар успрыняў вестку пра яго смерць! 12 сакавіка 1926 года з Нью-Ёрку ён пісаў апошняй жонцы паэта Соф’і Андрэеўне Талстой-Ясенінай: “Я любіў Сярожу за яго выдатную чыстую душу і за цудоўныя вершы яго. Смерць Сярожы зрабіла на мяне ашаламляльнае ўражанне. Я доўга не верыў у гэта. Адчуваю, што палі і лясы маёй радзімы цяпер асірацелі. І тужліва вяртацца туды”.

І ў той жа дзень — прыяцелю-журналісту Івану Касаткіну: “Спачатку, чытаючы тутэйшыя газеты, я быў узрушаны і тупаў з кута ў кут, не давяраючы гэтаму. Затым толькі патроху да мяне даходзіла, што Сярожа даўно ўжо казаў у сваіх вершах пра надыход смерці, але ж гэта ў разлік ніяк не прымалася, па меншай меры, мной. Адным словам, гора выказаць я не здолею, і так яго шмат, што няма сілы”.

У гэтых лістах Канёнкаў прасіў даслаць матэрыялы (фатаграфіі, артыкулы, здымак магілы), паколькі меў намер стварыць помнік Ясеніну. На жаль, яны так і не ўрэчаісніліся.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"