Пастаральная казка і будзённая быль

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

Культура Чабатовiчаў анансуецца на ўездзе ў вёску скульптурай... лапця і бота. Выгляд гэтага твора манументальнага мастацтва сведчыць за тое, што яго стан адсочваюць не па святах, а рэгулярна. А далей заезджага чалавека чакае цэнтральная вуліца — з упрыгожанымі калодзежамі, платамі, невялікімі скульптурамі. І прылеглая да лесу сядзіба Цэнтра народнага побыту. Здаецца, варта кінуць чароўны клубочак — і ён прывядзе па зялёнай дарожцы ў казку. Але я вам буду распавядаць, як звычайна, пра быль.

/i/content/pi/cult/706/15470/14.jpgЦырымонія з блінамі

Амаль 35 гадоў прапрацавала Алена Шаўчэнка ў Чабатовiчах дырэктарам клуба, у якім з 2009-га размясціўся і музейны пакой. З гадамі ён так прырос экспанатамі, што пад яго было вырашана вылучыць асобны дом, які ў 2014-м і быў набыты. На новым месцы музей — ужо пад назвай Цэнтр народнага побыту — стаў дзейнічаць з канца мая 2015-га. Летась клуб перайменавалі ў Цэнтр народнай творчасці, у яго структурна і ўвайшоў ЦНП. Як і саму галоўную ўстанову, яго ўзначаліла Алена Паўлаўна.

У Цэнтры народнай творчасці функцыянуюць гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Умелыя ручкі”, “Мастацкае чытанне”, аматарскія аб’яднанні па ткацтве і “Кубак гарбаты” — для людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту.

— Я цалкам давяраю мастацкаму кіраўніку Цэнтра народнай творчасці, умешваюся ў яго працу ў большай ступені на ўзроўні парадаў, пажаданняў, — прызнаецца дырэктар установы. — А асноўную ўвагу надаю Цэнтру народнага побыту — бо ён яшчэ ў нас маленькі. Былы музей, як цяпер кажуць, “перагружаўся” на новым месцы стараннямі ўсёй маёй сям’і — дапамагалі мае муж і дзеці, ды і многія іншыя людзі. Рабілі праект, абмяркоўвалі: такімі будуць уваход і шыльда; такі — плот, кветнік; гэта і тое расставім па падворку. І пачалі ўкараняць задумкі ў жыццё. Адрэстаўравалі дом, размясцілі ў ім экспанаты — усё роўна для ўсіх не хапіла прасторы. Тады зрабілі яшчэ адзiн музейны пакой, потым яшчэ адзін, потым альтанку.

Так атрымаўся цэлы сядзібны комплекс. Вось калодзеж з разьбой, побач — сялянская хата (мяркуючы па багатым антуражы, гадоў сто таму гаспадары ў ёй “жылі” досыць заможныя). Насупраць яе — станок для апрацоўкі ільну, склеп і музейны пакой у выглядзе хлява (са мноствам старадаўніх прадметаў, якія былі неабходныя людзям і ў доме, і ў полі), далей — альтанка. У паўсотні метраў ад яе, цераз масток, пад аркай праходзіць частка вясельнага абраду (ад маладых, якія жадаюць менавіта ў Цэнтры народнага побыту аформіць свае адносіны, тут адбою няма, прыязджаюць яны нават з Гомеля!). Збоку ад мастка — садовы ўчастак. А завяршае гэты паўнавартасны сялянскі падворак яшчэ адна альтанка ля сажалкі з запушчанай у яе рыбай. Хутка тут будуць разбітыя і клумбы.

З іншых планаў (пры належным іх фінансаванні) — будаўніцтва дома з рабочым кабінетам і сувенірнай лаўкай, майстэрні для метадыста — дачкі Алены Паўлаўны, якая шые панчошныя лялькі і лялькі-абярэгі, вырабляе скарбонкі. Яны сярод турыстаў таксама разыходзяцца ўмомант (як і на раённых і абласных выставах-продажах). Экскурсантам прапануецца і чайная цырымонія з абавязковымі блінцамі.

Карацей кажучы, калі ёсць у Буда-Кашалёўскім раёне рай, то гэта Цэнтр народнага побыту ў Чабатовiчах!

З Расіі з любоў’ю

Жанна Заралкiна восем гадоў жыве ў гэтай вёсцы, куды яна перабралася разам з мужам-беларусам з Расіі пасля смерці сына. Там, у Хімках, яна скончыла мастацкую школу па спецыяльнасці “Мастак роспісу па дрэве”, вучылася і яшчэ на некалькіх курсах па падобнай тэматыцы. То бок, працягвае шлях свайго бацькі — мастака, графіка, майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Чатыры гады Жанна Яўгенаўна з’яўлялася мастацкім кіраўніком тады яшчэ клуба. Але толькі гэтым яе роля ў культурным жыцці Чабатовiчаў не абмяжоўвалася: яна зрабіла роспіс сталовай у мясцовай школе, а таксама калодзежаў і платоў.

Сышоўшы з клуба, майстрыха больш сканцэнтравалася на індывідуальнай працы, распісваючы керамічныя талеркі, велікодныя драўляныя яйкі, матрошкі, бірулькі, займаючыся іканапісам. Яе вырабы з велізарным задавальненнем прымае на рэалізацыю Цэнтр народнага побыту, а выставы і майстар-класы ўмеліцы праходзяць не толькі ў раёне, які стаў для яе родным. Праўда, Жанна Яўгенаўна плануе змяніць месца жыхарства — у адпаведнасці са сваім прафесійным ростам. У “Дудутках” яна з мужам марыць адкрыць уласную рамесніцкую студыю. Але пакуль гэтага не здарылася, спадарыня Заралкiна выступае на старонках “К” у якасці эксперта па культуры Чабатовiчаў.

Каментарый Жанны ЗАРАЛКІНАЙ:

— Чабатовiчы ўмеюць сябе падаць і ім сапраўды ёсць што паказаць. Гэта старадаўнія вясельныя абрады, сам Цэнтр народнага побыту. Але, як мне здаецца, мясцовыя жыхары мала ўцягнутыя ў тыя спосабы баўлення вольнага часу, які штодзённа прапаноўвае ім былы клуб. Зразумела — старыя. Добра — людзі сярэдняга пакалення. Дык і моладзь цяпер на тыя ж дыскатэкі цяжка прывабіць, чаго ўжо казаць пра нейкія гурткі? Вядома, можна сцвярджаць, што патрэбны новыя формы. А якія? Хай тыя, хто гэта сцвярджае, прыязджаюць да нас — і паспрабуюць іх укараніць. Я спрабавала. І бібліятэка іх шукае, напэўна. Але іншы раз зойдзеш раптам у яе — пуста, нейкае соннае царства.

“Казачная” бібліятэка

На жаль, мне не ўдалося ўбачыць, наколькі ва ўстанове сонна, паколькі яна была закрытая (як я зразумеў, захварэла бібліятэкар). Але варта пачуць і Алену Шаўчэнка, якая палка запярэчыла Жанне Заралкiнай. Дырэктар ЦНТ паведаміла, што фонд бібліятэкі налічвае больш за 60 тысяч асобнікаў кніг. Установа абслугоўвае 27 бліжэйшых населеных пунктаў (дапамагае ў гэтым раённы аўтаклуб). Ды і ў самой вёсцы людзям нямоглым кнігі прыносяць дадому. Кожны месяц бібліятэка прапануе сваім наведвальнікам не менш за дзесяць імпрэзаў на самыя розныя тэмы. Да прыкладу, на жнівень былі заяўлены такія мерапрыемствы, як віктарыны “Рускія народныя казкі”, “Беларуская казка — розуму падказка”, “Падарожжы па казках”, праекты “Гучныя чытанні “Сонца на кніжнай старонцы”, “Мастацкі час “Вясёлыя алоўкі”, “Шпіталь доктара Айбаліта (рамонт кніг)” і іншыя.

На абарону бібліятэкі ўстаў і другі эксперт па тутэйшай культуры — выкладчык тэхнічнай працы ў школе Мікалай Зайцаў. Па прафесіі ён — тэхнік-тэхнолаг. Менавіта дзейнасць на лесанарыхтоўках прывяла яго да творчасці — да мастацтва разьбы па дрэве, працы з каменем, металам. Любоў да іх прыйшла і дзякуючы СМІ, дзе распавядалася пра адпаведныя рамёствы. Спадар Зайцаў імі зацікавіўся і займаецца ўжо амаль 20 гадоў. Выразае посуд, падсвечнікі, падстаўкі пад кветкі, зэдлікі, вешалкі, фігуркі жывёл. Пакуль у большай ступені для сябе. На рэйкі камерцыйных адносінаў з Цэнтрам народнага побыту ён яшчэ не ўступіў, але першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо робяцца. Установа з тым жа задавальненнем, што і ў выпадку са спадарыняй Заралкiнай, супрацоўнічае з майстрам.

І гэтак жа, як і Жанна Яўгенаўна, Мікалай Міхайлавіч робіць свой унёсак у справу афармлення вёскі — яе ўпрыгожваюць выкананыя ім скульптуры (тая, што на ўездзе, — менавіта яго аўтарства). А яшчэ ён з’яўляецца і архітэктарам Чабатовiчаў, зрабіўшы для іх некалькі калодзежаў.

Каментарый Мікалая ЗАЙЦАВА:

— Больш за ўсё ў нас папулярныя дні вёскі, на якія збіраюцца і жыхары з суседніх населеных пунктаў. Вось тады тут усё спявае, танцуе, усе стараюцца неяк вылучыцца, апранаюцца ў нацыянальныя касцюмы. І што мне асабліва падабаецца — імпрэзы такія носяць ярка выражаны беларускі акцэнт. Але, на мой погляд, у звычайныя дні культурнае жыццё неяк замірае. Так, нешта адбываецца ў Цэнтры народнай творчасці, але я не бачыў, каб у яго надта ўжо спяшаліся дзеці. Напрыклад, мае вучні, якіх у мяне шмат, сцвярджаюць, што яны там не могуць знайсці сабе заняткі па гусце. Вядома, мне прыемна, калі яны выбіраюць тое, што ім прапаную я, але хацелася б, каб хлопцы атрымлівалі рознабаковае развіццё. А вось у бібліятэку некаторыя з іх ходзяць. І кажуць мне, што ім ужо сталі надакучваць гаджэты, што зноў цягне да папяровай кнігі.

Цэнтр народнага побыту лічыцца адной з візітовак не проста Буда-Кашалёўскай культуры, але і раёна ўвогуле. Не без падстаў — я ў гэтым пераканаўся. Гледзячы на ўстанову — з усёй яе інфраструктурай — душа на самой справе “разгортваецца”. Прыйшоўшы ж у сябе, у галаву пачынаюць лезці ўсялякія думкі: калі б побач яшчэ аграсядзібу збудавалі, то сцежка народная і іншародная сюды не зарастала бы дакладна. Але тут жа следам прыходзіць контрдумка — а яно Чабатовiчам трэба? Каб у тутэйшым аўтэнтычным кутку — “песні да цямна і глыток віна”? Пытанне.

Як, магчыма, патрабуе канкрэтнага адказу і пытанне, як трэба развіваць/захоўваць у вёсцы гуртковую культуру. Бо знешні выгляд самога будынка Цэнтра народнай творчасці (у якім працуе і бібліятэка) ды прылеглая да яго тэрыторыя, хутчэй, кажуць, што тут многія абыходзяцца і без гэтага — нягледзячы на ўнутраны творчы змест. Зрэшты, магчыма, я памыляюся?

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"