Фаст-фуд па-вясковаму

№ 34 (1369) 25.08.2018 - 31.08.2018 г

Рэдакцыйная пошта штодня поўніцца новымі лістамі з розных куткоў Беларусі. Хтосьці з нашых карэспандэнтаў пабываў на кірмашы, нехта прыняў удзел у свяце вёскі, а іншыя самі зладзілі фестываль ці імпрэзу. Усё гэта чарговы раз сведчыць пра актыўнасць айчынных культработнікаў, якія і ў спякотныя жнівеньскія дні не стамляюцца прыдумляць і рэалізоўваць свае адметныя праекты раённага, абласнога ці нават рэспубліканскага ды міжнароднага маштабу.

/i/content/pi/cult/706/15469/13.jpgРаспачнём агляд з паведамлення пра свята беларускай кухні “Моц смаку”. Імпрэза адбылася ў аграгарадку Лелюкі, што на Іўеўшчыне. Па словах загадчыцы аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ліліі Кішкель, падчас свята прайшоў рэгіянальны конкурс-дэгустацыя “Гаспадыня-2018”, адбыліся майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў і многае іншае. “На суд журы былі прадстаўленыя рэгіянальныя стравы: калдуны, дранка, налівайка, смажанка, бульбяныя камы, халаднік са шчаўем і бурачным бацвіннем, цэпеліны, бліны з мачанкай, печаныя яблыкі, розныя напоі з садавіны і агародніны”, — калі чытаеш гэтыя радкі, ажно слінка цячэ! А перамогу ў конкурсе святкавала Жанна Хадарцэвіч з аграгарадка Лаздуны.

Рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч напісала ў “К” пра раённае імідж-шоу “Фарыноўская марка”, якое адбылося днямі ў вёсцы Фарынава. Сёлетняе свята супала з Калінавым днём (каліннікам), таму падчас імпрэзы шукалі самы прыгожы куст каліны, плялі вянкі з каліны і танцавалі ў карагодзе. А яшчэ 18 жніўня ў вёсцы Багатырская прайшло свята вёскі, падрыхтаванае Полацкім РЦК сумесна з народным фальклорным калектывам “Галасы спадчыны” мясцовага СДК.

На Смаргоншчыне днямі адбыліся адразу некалькі адметных падзей. Як адзначаюць супрацоўнікі Смаргонскага РЦК, 18 жніўня ў Вішнеўскім СДК ладзілася выстава-конкурс “Кветкавая фантазія”. Конкурс праводзіўся па трох намінацыях: “Букет з жывых кветак”, “Творчы букет” (букеты з розных матэрыялаў), “Смачны букет” (букеты з садавіны, агародніны, ягад). Найбольш маляўнічымі атрымаліся кампазіцыі “Пладова-агароднінная фантазія” (аўтар Аліна Яроўскага), “Феерверк кветак” (аўтар Алена Несцер), “Асляпляльнае натхненне” (аўтар Алена Ларыёнава).

19 жніўня аматары гістарычных вандровак, рыцарскіх двубояў і народнай музыкі сабраліся ля сцен Крэўскага замка на раённае свята “Пад знакам Лялівы” і фестываль-кірмаш “Кераміка Крэва”. Святочную атмасферу для гасцей першай імпрэзы стваралі вулічны тэатр “Майстэрня ўражанняў” з тэатралізаванай дзеяй “Легенды Крэўскага замка. Пабег Вітаўта”, удзельнікі тэатра гістарычнага танца Soleil, якія пазнаёмілі ўсіх цікаўных з гісторыяй сярэднявечных танцаў і зладзілі паказ гарадскога адзення Заходняй Еўропы XIV — XVI стагоддзяў, ды іншыя артысты і калектывы. А ў фестывалі-кірмашы “Кераміка Крэва” прынялі ўдзел майстры-керамісты з Івянца, Лагойска, Вілейкі, Мастоў, Ашмян і Мінска, а таксама глінамесы са Смаргонскага раёна, якія не толькі прадстаўлялі свае вырабы, але і праводзілі майстар-класы для ўсіх ахвотных.

У тым жа Смаргонскім раёне, у аграгарадку Лылойці, прайшло свята “Без прыпеўкі і гульні — ні туды і ні сюды”, якое ўвабрала ў сябе народныя гульні, загадкі, гумар, жарты і вясёлыя прыпеўкі. “Нават танцы, якія выконваліся па-даўнейшаму, аздабляліся прыпеўкамі”, — адзначаюць аўтары ліста. Самым маленькім удзельнікам свята спадабаліся гульні і розыгрышы, за ўдзел у якіх яны атрымалі пачастункі-абаранкі. А яшчэ днямі ў многіх паселішчах раёна прайшлі святы вёсак. Канцэртную праграму да гэтых імпрэз, прысвечаных Году роднай зямлі, падрыхтавалі спецыялісты Вішнеўскага СДК і Лешчаняцкага СК.

Малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Наталля Білімава распавяла пра тое, што 17 — 19 жніўня ў польскім Любліне прайшоў традыцыйны кірмаш рамёстваў “Ягелонскі кірмаш”. На знакавым мерапрыемстве пабывалі і беларускія рамеснікі. Так, Ганцавіцкі РДР прадставіла майстар па мастацкім роспісе Вольга Івановіч, якая прадэманстравала гасцям кірмашу свае арыгінальныя вырабы.

Фестываль вясковай культуры “Бакштаўскі каларыт” адбыўся днямі ў вёсцы Бакшты, што на Іўеўшчыне. Па словах вядучага метадыста аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ірыны Капуста, асаблівую цікавасць удзельнікаў фэсту выклікаў раённы конкурс побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму”. “На конкурс выстаўляліся танцавальныя пары як дарослай узроставай катэгорыі, так і дзіцячай. Акрамя дэманстрацыі асабістага танцавальнага майстэрства, канкурсанты правялі майстар-клас па побытавых танцах, натхніўшы на іх выкананне шматлікіх прысутных”, — адзначае аўтар ліста. Таксама на свяце можна было наведаць выставу-дэгустацыю “Фаст-фуд па-вясковаму”, паслухаць спевы народнага ансамбля народнай песні “Юрацішкаўскі кірмаш”, а таксама заезджых музыкаў з Геранёнаў — удзельнікаў ансамбля народнай музыкі “Вечарынка”.

У многіх паселішчах Гродзеншчыны, як піша рэдактар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Бялькевіч, днямі прайшлі святы з нагоды Мядовага і Яблычнага Спасу. Пра некаторыя з гэтых імпрэзаў мы, дарэчы, згадвалі ў мінулым нумары “К”. Таму адзначым толькі тыя, пра якія гаворка яшчэ не ішла. Напрыклад, у вёсцы Васілевічы Слонімскага раёна прайшло свята мёду і гарбаты, дзе мясцовыя гаспадыні здзівілі ўсіх прысутных незвычайна смачным медавіком вагой ажно ў 6 кілаграмаў, а ў аграгарадку Сянькоўшчына таго ж раёна адбылося свята пчаляра і садоўніка, на якім можна было не толькі паласавацца мёдам, але і паслухаць павучальную легенду пра пчол.

“Яблычны фэст” зладзілі днямі і ў аграгарадку Кашалева Навагрудскага раёна, прычым у рамках мерапрыемства прайшло асвячэнне юбілейнага знака ў гонар 700-годдзя заснавання Навагрудскай епархіі. А 21 жніўня ў фестывальную атмасферу “Мядова-яблычнага Спасу” акунуліся жыхары аграгарадка Абухава Гродзенскага раёна.

Да слова, пра падобныя фэсты нам пішуць і з іншых абласцей Беларусі. Так, 18 жніўня ў вёсцы Алашкі Шаркаўшчынскага раёна на тэрыторыі Мемарыяльнага музея садавода-селекцыянера І.П. Сікоры адбылося абласное свята аматарскіх аб’яднанняў “Яблычны фэст — 2018”. Як піша вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ Ала Лялькіна, на фестывалі прысутнічалі клубы і аматарскія аб’яднанні з 14 раёнаў Віцебскай вобласці. Падчас мерапрыемства працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, можна было пакаштаваць яблычныя стравы і напоі, а таксама паўдзельнічаць у розных конкурсах ды маладзёжнай вечарыне.

Метадыст Карэліцкага РЦКіНТ Настасся Мурашка распавяла пра тое, што 18 жніўня ў аграгарадку Аюцавічы адзначалі свята кветак Colorus. Пачалася казачная дзея з шэсця артыстаў і дзятвы па галоўнай вуліцы аграгарадка, а пазней госці сталіся сведкамі чароўнага тэатралізаванага прадстаўлення. “Паралельна праходзілі конкурсы на лепшую ікебану, на сямейны малюнак на асфальце, на лепшую кампазіцыю з кветак і на самы незвычайны квятнік у Аюцавічах”, — піша аўтар ліста.

18 жніўня ў аграгарадку Свіслач у межах святкавання Дажынак-2018 і 460-годдзя паселішча работнікі Свіслацкай і Квасоўскай сельскіх бібліятэк арганізавалі літаратурны дворык. Як піша галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Людміла Трубчык, тут былі аформлены шматлікія выставы, а дзяцей бібліятэкары запрасілі ў чытальную залу на траве. Там можна было не толькі пачытаць любімыя кніжкі, але і пагуляць з мяккімі цацкамі.

Загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦБС Браслаўскага раёна Ірына Макарэвіч паведаміла “К”, што 21 жніўня мясцовыя супрацоўнікі бібліятэк прынялі ўдзел у скайп-канферэнцыі. Удзельнікамі анлайн-сустрэчы былі таксама расійскія бібліятэкары Пскова і спецыялісты Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева. Сваімі інавацыямі ў рабоце народнага аматарскага аб’яднання “Кругагляд” Відзаўскай гарпасялковай бібліятэкі падзялілася з замежнымі і айчыннымі калегамі бібліятэкар Галіна Кандратовіч.

І апошняе. 11 жніўня каля вёсцы Старынцы Бераставіцкага раёна, як піша нам Сяргей Хілюта, прайшоў VII фестываль радыёкіраваных мадэляў “Бераставіца запрашае сяброў”. На свяце былі прадстаўлены мадэлі ад аматараў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама некаторых гарадоў Польшчы і Расіі. Падчас мерапрыемства адбыліся спаборніцтвы, паказальныя палёты і эстафетныя гонкі на розных відах самалётаў.